Крэмль назваў падзеі ў Тбілісі «русафобскай правакацыяй»


Пратэсты ў Тбілісі выклікаюць сур’ёзную занепакоенасць Крамля, паколькі гэтую краіну наведваюць шматлікія расейскія турысты. Пра гэта паведаміў журналістам прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў, перадае РБК.

«Усё, што адбывалася ўчора ў Грузіі, зʼяўляецца не чым іншым як русафобскай правакацыяй. Не можа не выклікаць нашай крайняй занепакоенасці той факт, што былі агрэсіўныя праявы ў дачыненні да грамадзянаў Расеі», – сказаў Пяскоў.

Паводле прэс-сакратара, пытанне непасрэднай асабістай бяспекі расейцаў таксама турбуе Крэмль у сувязі з тым, што інцыдэнт звязаны з міжнародным міжпарламенцкім мерапрыемствам. «Гэта выклікае крайняе асуджэнне», – сказаў ён.

Пяскоў таксама нагадаў, што Грузію наведваюць шмат турыстаў з Расеі.

«Таму гэта пытанне вельмі сурʼёзнае», – падкрэсліў кіраўнік прэс-службы Крамля.

Нагадаем, учора ў Тбілісі каля 10 тысяч пратэстоўцаў, якія сабраліся перад будынкам парламента, прарвалі паліцэйскае ачапленне, патрабуючы адстаўкі старшыні парламенту Іраклія Кабахідзэ, кіраўніка МУС Георгія Гахарыі і кіраўніка Службы дзяржбяспекі Вахтанга Гамелауры. Паліцэйскія спынілі спробу штурму, да раніцы пятніцы рассеяўшы асноўную частку тых, хто сабраўся на праспекце Руставелі. Ужываліся спецсродкі – газ, гумовая кулі і вадамёты. Пратэсты ўспыхнулі пасля таго, як дэпутат расейскай Дзярждумы Сяргей Гаўрылаў звярнуўся да ўдзельнікаў Міжпарламенцкай асамблеі праваслаўя, што праходзіць у Тбілісі, седзячы ў крэсле спікера грузінскага парламента і на расейскай мове. Гэта выклікала гнеў грузінскіх палітыкаў і грамадства, бо Расею ў Грузіі лічаць агрэсарам і акупантам.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў