Канцэрты ў падтрымку Лукашэнкі адмянілі: замежныя зоркі адмовіліся прыехаць


Замежныя зоркі не прыедуць у Беларусь на запланаваныя ўладамі канцэрты ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі 8 жніўня. У выніку канцэрты адмянілі па ўсёй краіне.

Сцэну ў Менску ўжо дэмантуюць, імпрэзы таксама скасаваныя ў Берасці, Віцебску, Гомлі, Горадні і Бабруйску.

У сталіцы на канцэрце 8 жніўня павінны былі выступіць Tyga, Мэвл, Saint Jhn, Джаро і Ханза, Няміга, Rasa, але ўсе яны адмовіліся пасля шматлікіх паведамленняў ад карыстальнікаў сацсетак з просьбай не падтрымліваць такім чынам дзейныя ўлады Беларусі.

Фота з Instagram Мэвл

У Віцебску, дзе павінны былі выступіць Рыгор Лепс, гурт «Фабрыка» і іншыя артысты, перанеслі на нявызначаны тэрмін, піша TUT.by У Берасці тэрмінова здымаюць афішы выступаў Стаса Пьехі, Алега Вінніка, «Лепрыконсаў», не будзе і гурта «Краски». У Магілёве скасаваны прыезд прыезд Boney M, «Дыскатэкі Аварыя», «Кар-Мэн» і Іны Афанасьевай. Канцэрт таксама перанеслі на невядомы тэрмін. У Горадню не прыедуць Леанід Агуцін і Уладзімір Праснякоў.

Улады Беларусі хацелі правесці канцэрты напярэдадні выбараў і запрасілі расейскіх, амерыканскіх, украінскіх зорак. Беларусы звярнуліся да артыстаў праз сацсеткі з просьбай не выступаць на арганізаваных уладай мерапрыемствах у падтрымку Лукашэнкі на фоне рэпрэсіяў, што разгарнуліся ў краіне падчас электаральнай кампаніі.

КА belsat.eu

Стужка навінаў