Ідэнтыфікацыя каментатараў на форумах у беларускім сегменце інтэрнэту з першага снежня стане абавязковай. Карыстальнікі мусяць прывязаць нумар свайго тэлефона да акаўнту. Аднак адпаведная пастанова ўраду дазваляе выкарыстоўваць і некаторыя «іншыя тэхнічныя сродкі, якія дазваляць ідэнтыфікаваць асобу карыстальніка».
Намеснік міністра інфармацыі Павел Лёгкі ў размове з TUT.BY адзначыў, што такімі сродкамі могуць стаць сацыяльныя сеткі і нават электронная пошта.
«Асноўны спосаб ідэнтыфікацыі каментатараў на форумах, які прапануе дзяржава, гэта СМС-ідэнтыфікацыя. Але прадугледжана магчымасць правядзення ідэнтыфікацыі любым іншым спосабам, які ўладальнік інтэрнэт-рэсурсу альбо галоўны рэдактар палічыць мэтазгодным. У тым ліку гэта мае на ўвазе магчымасць ідэнтыфікацыі праз сацыяльныя сеткі або праз электронную пошту», – патлумачыў Павел Лёгкі.
Пры гэтым, калі каментар будзе ўтрымліваць абразу, а карыстальніка немагчыма выявіць, то адказнасць за ідэнтыфікацыю перакладаецца на ўладальніка інтэрнэт-рэсурсу ці галоўнага рэдактара. Ім можа пагражаць папярэджанне.
СК, belsat.eu