Што ў чым і дзе схаванае? Здаецца, фільм «Выцягнуць нажы» – гэта дэтэктыў у стылі Агаты Крысці. Яно так і ёсць. Але калі прыслухацца, то ў фільме шмат жартаў на тэмы, актуальныя ў Амерыцы сёння.
З аднаго боку, рэжысёр Раян Джонсан зняў самую сумную серыю «Зорных войнаў» (эпізод 8), з іншага – цікавую фантастыку «Пятля часу» з Брусам Ўілісам. Ад яго чакаць можна было чаго заўгодна. Нават палітычную сатыру, схаваную ў дэтэктыў.
Скажаце, ці добра мець дзядулю мільянера? Магчыма. Аднак, дзядуля не вельмі разумны, калі аб’яўляе спадкаемцу, што той застанецца без грошай. Адразу зʼяўляюцца планы па дыскрэдытацыі патэнцыяльных нашчадкаў. А што, калі дзеда «замачыць» рукамі спадчынніцы? Як бы выпадкова? Бо забойца не можа нічога ўспадкаваць ад забітага паводле законаў ЗША.
Драпежныя сваякі, якія сабраліся адзначыць 85-гадовы юбілей знакамітага пісьменніка, гатовыя пусціцца ва ўсе цяжкія, каб хутчэй атрымаць жаданыя мільёны. А дзед бачыць, што яго нашчадкі прагнілі на корані, і лічыць за лепшае аддаць свае грошы юнай лацінаамерыканскай сядзелцы.
У фільме ўсё здараецца цалкам паводле стандартных сюжэтаў Агаты Крысці. Дзед (Крыстафэр Пламэр) гіне ўжо ў пачатку фільма. Потым сюжэтны шкілет абрастае флэшбэкамі. Глядач заблытваецца канчаткова, і, паводле сцэнарыста, не ў стане выказаць здагадку, што на самой справе ўсё, што адбываецца, мае іншы сэнс, чым можа здацца. Расказваць, у каго са сваякоў якія прычыны для забойства, нельга. Гэта будзе спойлер. Але сказаць, што расследаваннем уяўнага самагубства займаецца прыватны дэтэктыў у выкананні Дэньела Крэйга (нешта сярэдняе паміж міс Марпл і Эркюль Пуаро), неабходна. Толькі незразумела, хто ж яго наняў? Ён сцвярджае, што атрымаў круглую суму ананімна праз пошту.
Але не так усё проста! Непрывабныя сваякі дзеда пісьменніка як бы дзеляцца на дзве ўмоўныя часткі. «Ліберальныя сняжынкі» вывучаюць патрабаванні фемінізму і ЛГБТ супольнасці, а «фашысцкія свінні» мастурбуюць у прыбіральні на выказванні прэзідэнта Трампа і нават гатовыя пастраляць «дакучлівых лацінасаў» наўпрост на вуліцы.
А вось нелегальныя імігранты шчаслівыя шмат працаваць. І нават не дзеля грошай, а на карысць грамадства. З любові да бліжняга свайго.
З аднаго боку, разбэшчанасць цывілізацыяй, агідныя «свінні і сняжынкі», з другога – няшчасная імігрантка, якой грошы больш патрэбныя, чым усім астатнім. Менавіта гэтая гераіня выклікае ў рэжысёра і сцэнарыста спачуванне.
Калі глядзець фільм проста дзеля забавы (а гэта магчыма), то ўся гэтая сатыра не кідаецца ў вочы. Проста рызыкаваныя жарты, якія будуць рэзаць слых далёка не ўсім. Калі трохі задумацца над сэнсам, то, напэўна, у рэальным свеце няшмат знойдзецца багатых семʼяў, якія жывуць выключна ў чорна-белым свеце. Іншымі словамі, сюжэт надуманы, а сатыра ў ім пануе!
Для ўсіх, хто захапляецца разблытваннем забойстваў прыватнымі дэтэктывамі ў стылі Агаты Крысці, «Выцягнуць нажы» – абавязковае відовішча. Не прапусціце. Аматарам аналізаваць або шукаць схаваны сэнс мараль фільма можа здацца абразлівай або прыкрай. Хоць само дзеянне не пакіне абыякавым. Нечаканыя павароты могуць захапіць.
«У гэтым абаранку ёсць дзірка, у якой схаваны другі абаранак з яшчэ адной дзіркай, але ў першым абаранку, калі праверыць, ніякай дзіркі няма» – прыкладна такім абсурдным чынам тлумачыць ход свайго расследавання герой Дэньела Крэйга. Мая ацэнка: 7 з 10.
Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.