Беларускі палітык Мікалай Статкевіч, які зараз знаходзіцца ў СІЗА №1 у Менску, сустрэўся з адвакатам і распавёў таму падрабязнасці свайго затрымання, піша Telegram-канал «STATKEVICH».
Мікалай Статкевіч 30 чэрвеня сустрэўся з адвакатам Уладзімірам Сазанчуком. Сустрэча цягнулася каля 10 – 15 хвілінаў, аднак ён паспеў паведаміць некаторыя падрабязнасці сваёй справы.
Палітык перадаў словы падтрымання ўсім людзям, якія яго падтрымліваюць. Telegram-канал прыводзіць ягоныя словы: «гонар ім, рэспект і павага».
Зараз Статкевіча падазраюць у злачынстве, прадугледжаным ч.1 арт. 342 КК Рэспублікі Беларусь. Паводле абвінавачвання ён разам з групаю асобаў па папярэдняй змове з Ціханоўскім, Арановічам, Сакавым, Фурманавым, Новікавым і іншымі асобамі, размеркаваў ролі і ўзгадніўшы дзеянні, пад фармальным повадам збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую, арганізаваў незаконны мітынг, які парушаў грамадскі парадак.
Падчас мітынгу людзі не падпарадкоўваліся патрабаванням прадстаўнікоў улады, пераўтварыўшыяся ў гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў АУС і супраціву іхнай законнай дзейнасці і прымусу да змены характару гэтых дзейнасці.
Сутнасць абвінавачванняў такая ж, як і ў арыштаваных чальцоў каманды «Страны для жизни», а таксама блогераў і актывістаў. Іх аб’ядноўвае адна справа.
Сам жа Статкевіч назваў падазрэнні абсурднымі. Ён кажа, што аніякага злачынства не здзяйсняў, а ў Горадні быў апошні раз увосень.
Таксама Статкевіч паведаміў, што на ЦІПе ў ягоны бок былі розныя правакацыі, аднак дэталямі ён падзяліцца не здолеў.
Мікола Статкевіч ад 29 чэрвеня знаходзіцца ў СІЗА №1 у Менску. Сёння, 30 чэрвеня, ён быў прызнаны беларускімі праваабаронцамі палітзняволеным.
КТ belsat.eu