Чый герой Кастусь Каліноўскі, у ток-шоу «Intermarium» разважаюць гісторыкі з Літвы і Польшчы.
Доктар гісторыі з Інстытуту гісторыі Літвы Тамара Байрашаўскайтэ кажа, што сучаснікі ацэньвалі Каліноўскага, хутчэй, не як героя, а як утапіста, фантазёра.
«У будучыні ён стаў не патрэбны нікому, апрача беларусаў», – лічыць Тамара Байрашаўскайтэ.
У той жа час, яна звяртае ўвагу, што Кастусь Каліноўскі ўзяў на сябе кіраванне паўстаннем 1863–64 гадоў у найгоршы момант, «калі ўсё было разбіта, усе былі арыштаваныя». Паводле яе, ён зрабіў немагчымае: дзякуючы яму, паўстанне трывала даўжэй.
У сваю чаргу, доктар навук з Інстытуту гісторыі Варшаўскага ўніверсітэту Аліцыя Кулецка гаворыць, што ў Польшчы постаць Каліноўскага мала вядомая. Са Студзеньскім паўстаннем, як называюць яго палякі, там асацыюецца перад усім асоба Рамуальда Траўгута, які ўзмацніў і ўпарадкаваў дэстабілізаваныя паўстанцкія шэрагі. Сама Аліцыя Кулецка лічыць Каліноўскага чалавекам высокіх маральных якасцяў.
Пра тое, як ён прыйшоў да беларушчыны, чаму душыць паўстанне прыслалі вайскоўцаў з Каўказу і як паўстанне планавалі ўзняць па ўсёй Расеі, глядзіце ў новым выданні ток-шоу «Intermarium», прысвечаным асобе Кастуся Каліноўскага (відэа вышэй).
Глядзець іншыя выданні ток-шоу «Intermarium»
ІА, belsat.eu