ФСБ затрымала падазраванага ў продажы інфармацыі аб выездзе Аляксандра Пятрова і Руслана Башырава за мяжу, паведамляе «Росбалт».
Паводле крыніцы выдання, гэтая асоба працуе ў памежнай службе ФСБ. Мужчыну затрымалі на працоўным месцы, паведаміў суразмоўца расейскаму агенцтву.
Пасля скандалу з Пятровым і Башыравым ФСБ зладзіла больш за 60 ператрусаў і распачала шмат крымінальных спраў па артыкулах аб незаконным атрыманні і разгалошванні засакрэчаных звестак.
«У першую чаргу, прыходзілі да прыватных дэтэктываў і так званых «прабіўнікоў» – тых, хто быў заўважаны ў гандлі звесткамі з закрытых базаў дадзеных», – распавяла крыніца.
Руслан Башыраў (сапр. імя Анатоль Чапіга) – палкоўнік расейскага выведчага ведамства ГРУ.
Аляксандр Пятроў (сапр. імя Аляксандр Мішкін) – афіцэр ГРУ.
Міжнародная група журналістаў-расследавальнікаў высветліла, што Пятроў і Башыраў працуюць на расейскія спецслужбы. Лонданская паліцыя абвінавачвае іх у замаху на Скрыпалёў і пагражае ім судовым пераследам.
Нагадаем, замах на Сяргея і Юлію Скрыпаль адбыўся 4 сакавіка. Іх атруцілі нервова-паралітычным газам «Новичок». Лондан абвінаваціў Маскву ў хімічнай атацы на сваёй тэрыторыі.
Праз замах на Сяргея Скрыпаля ў Солсбэры Вялікая Брытанія выслала з краіны 23 прадстаўніка расейскага дыпламатычнага корпусу. Пазней расейскіх дыпламатаў таксама выслалі ЗША і шэраг еўрапейскіх краінаў.
ЮВ, belsat.eu