Справа Скрыпалёў. Брытанскія спецслужбы паведамілі пра трэцяга саўдзельніка


Брытанскія спецслужбы паведамілі яшчэ пра аднаго падазраванага ў датычнасці да атручэння экс-палкоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі ў Солсберы. Мясцовыя праваахоўнікі ўпэўненыя, што трэці ўдзельнік нападу – таксама супрацоўнік расейскай ваеннай выведкі.

Паводле інфармацыі выдання«The Telegraph», гэты не названы трэці падазраваны быў у Солсберы перад сваймі імавернымі саўдзельнікамі, вядомымі як Аляксандр Пятроў і Руслан Башыраў. Башыраў аказаўся палкоўнікам ГРУ і героем Расеі Анатолем Чапігам. А трэці падазраваны, як даведаліся брытанскія спецслужбы, склаў план раёну, у якім жыў Скрыпаль, і вывучыў дзверы ў ягоным доме, на якія пасля і нанеслі атруту.

«Мы вельмі асцярожныя ў сваіх выказваннях, бо хочам быць абсалютна ўпэўненыя ў тым, што ўсе нашыя заявы падтрыманыя доказамі. Але я б хацеў сказаць прэзідэнту Пуціну, што гэта ад яго залежыць: па які бок міжнароднай супольнасці ў выніку апынецца Расея», – кажа прадстаўнік Вялікай Брытаніі ў ААН, Джэрэмі Хант.

Пуцін каментаваць развіцця падзеяў не збіраецца, а таму даводзіцца адсопвацца кіраўніку ягонай прэс-службы Дзмітрыю Пяскову:

«Ну, слухайце, шмат жа людзей падобных адзін да аднаго. Але вось хто гэты грамадзянін, на якога спасылаюцца ў расследаванні, я вам сказаць не магу, паколькі не валодаю такой інфармацыяй. А прэзідэнт сказаў, што яны цывільныя і мы працягваем сыходзіць з таго, што агучыў прэзідэнт».

На наступны дзень пасля таго, як прэзідэнт агучыў гэтую інфармацыю, асобы з прозвішчамі Пятроў і Башыраў далі інтэрв’ю галоўнай рэдактарцы «Russia Today» Маргарыце Сіманьян. Яны распавялі пра тое, што ездзілі ў Солсберы ў якасці турыстаў. Гэтая версія была шматкроць высмеяная, як афіцыйнымі асобамі, гэтак і заходнімі медыямі. А вось Лондану – не да жартаў.

«Непрымальна, што Расея дазваляе двум агентам ГРУ выкарыстоўваць хімічную зброю на брытанскай зямлі – упершыню ў нашае гісторыі. Трэба разумець, што гэта не проста спрэчка паміж Расеяй і Аб’яднаным Каралеўствам. Міжнароднае права забараняе выкарыстанне хімічнай зброі», – каментуе прадстаўнік Вялікай Брытаніі ў ААН, Джэрэмі Хант.

Асуджаны ў Расеі за шпіянаж на карысць Вялікай Брытаніі Сяргей Скрыпаль і ягоная дачка Юлія былі атручаныя 4 сакавіка. На клямку дзвярэй іхнага дому нанеслі нервова-паралітычнае рэчыва «Навічок». Паводле брытанскіх дактароў, Скрыпалі цудам выжылі. Юлія Скрыпаль ачуняла цалкам.

Усевалад Шлыкаў, belsat.eu