Еўразвяз у чарговы раз заклікаў улады Беларусі ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне.
«Ва ўсім свеце расце тэндэнцыя да адмовы ад смяротнага пакарання. У 160 краінах за апошнія 10 гадоў і больш ніхто не пакараны. Калі б Беларусь змякчыла пакінутыя смяротныя прысуды і ўвяла мараторый на смяротнае пакаранне, гэта стала б вельмі пазітыўным першым крокам да яе адмены», – гаворыцца ў заяве прэсавага сакратара Еўрапейскай службы вонкавых сувязяў.
Паводле чыноўніка, Еўразвяз выступае супраць смяротнага пакарання пры любых абставінах.
«Смяротнае пакаранне парушае неад’емнае права на жыццё, замацаванае ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, і зʼяўляецца вельмі жорсткім, бесчалавечным пакараннем, якое зневажае годнасць чалавека. Памылкі справядлівасці, непазбежныя ў любой судовай сістэме, незваротныя», – дадаюць у ведамстве.
Сённяшняя заява Еўразвязу стала рэакцыяй на рашэнне Менскага абласнога суду, які падчас выязнога паседжання ў Слуцку абвесціў прысуды ўдзельнікам «слуцкай банды».
Траіх мужчын абвінавацілі ў тым, што ў студзені 2019 года яны спалілі жыўцом дваіх пенсіянераў. Пазней завадатар банды самастойна спрабаваў забіць 85-гадовую жанчыну, але ёй удалося вырвацца і ўцячы.
Суд прысудзіў 33-гадовага Валянціна Бушніна да 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, 25-гадовага Віталя Мяцежа да 22 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а верхавода групы, 29-гадовага Віктара Скрундзіка, – да расстрэлу, падае праваабарончы цэнтр «Вясна».
Суддзя Менскага абласнога суда Вячаслаў Тулейка прызначыў тое пакаранне, якога патрабаваў дзяржаўны абвінаваўца Вадзім Лалуа.
Смяротны прысуд Скрундзіку – ужо трэці за сёлета.
У студзені Магілёўскі абласны суд прысудзіў да смяротнага пакарання дваіх братоў, абвінавачаных па справе аб забойстве іхнай настаўніцы і падпале яе хаты.
З 1990 года ў Беларусі расстралялі больш за 400 асуджаных да гэтага пакарання.
ДД belsat.eu