Міністр эканомікі і інфраструктуры Эстоніі Тааві Аас падпісаў распараджэнне, згодна з якім ад 18 траўня забаронены вылет ў краіны з высокай рызыкай каронавірусу, піша Delfi.
У спіс такіх краін трапілі Вялікая Брытанія, Швецыя, Бельгія, Данія, Турцыя, Беларусь і Расея.
У выглядзе выключэння абмежаванне паміж Менскам і Таллінам будзе дзейнічаць ад 24 траўня – эстонскія ўлады разлічваюць, што да гэтага тэрміну іхныя грамадзяне змогуць вярнуцца на радзіму праз Менск.
Міністр Аас растлумачыў, што ў мэтах спынення распаўсюду віруса Эстонія можа спачатку адкрыць авіязносіны з тымі краінамі, дзе ўзровень заражэння досыць маленькі, паводле статыстыкі за апошнія 14 дзён. Хутчэй за ўсё, будуць дазволеныя палёты ў Нямеччыну, Польшчу, Нарвегію, Аўстрыю, Латвію і Літву. Аас дадаў, што палёты ў Данію ў бліжэйшыя дні могуць быць дазволеныя, калі сітуацыя ў краіне палепшыцца.
Для дазволу палётаў у Эстонію ў краіне павінна быць 25 або менш інфікаваных на 100 000 насельніцтва за апошнія 14 дзён. Міністэрства будзе штодня сачыць за сітуацыяй у краінах і пры зменах у лепшы бок адкрываць з імі злучэнне.
Абмежаванне працягнецца да 7 чэрвеня, пасля чаго эстонскае Міністэрства эканомікі і камунікацый зноў ацэніць неабходнасць абмежаванняў.
Рэйс Таллін-Менск ажыццяўляе кампанія «Белавія», гэта адзін з нямногіх маршрутаў, які застаўся ў раскладзе авіякампаніі. Самалёты лятаюць па ім двойчы на тыдзень, але колькасць палётаў планавалася павысіць да чатырох на тыдзень.
КА belsat.eu