Джон Болтан пра стасункі ЗША з Беларуссю: «Існуюць істотныя складанасці»

Размова Аляксандра Лукашэнкі і дарадца прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джона Болтана доўжылася больш за дзве гадзіны. Болтан назваў сустрэчу «вельмі важнай», хоць яны з Лукашэнкам «і не прыйшлі да нейкіх канкрэтных рашэнняў», паведамляе «Радыё Свабода».

Па ягоных словах, размова праходзіла «на шырокія тэмы – палітыкі, эканомікі, па пытаннях бяспекі, як у рэгіёне, так і ва ўсім свеце».

«Існуюць істотныя складанасці ў двухбаковых адносінах паміж Беларуссю і ЗША, у тым ліку ў пытаннях правоў чалавека, нераспаўсюджвання зброі, якія трэба абмеркаваць. Другая тэма – гэта новая геапалітычная рэальнасць у рэгіёне, з якой мы мусім лічыцца, працаваць разам, – сказаў Болтан журналістам пасля сустрэчы. – Вельмі рады, што ў нас была такая магчымасць для размовы. Мы пакуль не вырашылі гэтыя пытанні, але без такіх размоваў іх вырашэнне немагчымае».

Адказваючы на пытанне пра пагрозы для незалежнасці Беларусі ў святле інтэграцыі з Расеяй, Болтан заявіў, што самае галоўнае – «чаго хочуць людзі Беларусі»:

«Я думаю, што яны ўсё яшчэ хочуць незалежнасці».

Паводле дарадцы Трампа, пытанне ўзнаўлення дыпламатычных стасункаў паміж ЗША і Беларуссю на ўзроўні амбасадараў не абмяркоўвалася падчас сустрэчы з Лукашэнкам.

Размова кіраўніка Беларусі і дарадцы Трампа адбывалася ў менскім Палацы Незалежнасці. Лукашэнка напачатку сустрэчы назваў візіт Болтана гістарычным. «Нягледзячы на ​​ўсю шуміху, якая адбываецца вакол вашай паездкі, тут шмат станоўчага, асабліва для Беларусі», – падкрэсліў ён. Лукашэнка прапанаваў Болтану адкрыта і па-сяброўску абмеркаваць пытанні беларуска-амерыканскіх стасункаў. Дарадца Трампа ў сваю чаргу адзначыў: «Ёсць некалькі пытанняў, якія вельмі цікавяць ЗША: правы чалавека, нераспаўсюджванне зброі. Я згодны з вамі, што мы павінны быць крайне адкрыты па гэтых тэмах. Думаю, мы зможам знайсці агульную мову».

«Тут шмат станоўчага, асабліва для Беларусі». Лукашэнка назваў візіт дарадцы Трампа гістарычным

ІІ belsat.eu

Hавiны