Для ўтрымання Палаты Прадстаўнікоў выдаткоўваецца каля 8 мільёнаў долараў за год


Дэпутат палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая нагадала, што згодна з бюджэтам Беларусі на бягучы год выдаткі на ўтрыманне беларускага парламента (Нацыянальнага сходу) складаюць 17.492.248 рублёў, або крыху больш за 8 мільёнаў долараў па бягучым курсе.

«Шмат гэта ці мала, кожны вырашае сам. Я для лепшага ўспрымання буду перакладаць усе выдаткі за гадзіну (некаторыя на дзень). Такім чынам, агульныя выдаткі парламенту складаюць амаль дзве тысячы рублёў за гадзіну. Гэта значыць, кожную гадзіну, у тым ліку і выхадныя, святочныя дні, начны час, на Нацсход траціцца з нашых кішэняў дзве тысячы беларускіх рублёў», падлічыла Ганна Канапацкая.

Як канкрэтна размяркоўваюцца гэтыя грошы? 73 % гэтай сумы выдаткоўваецца на Палату прадстаўнікоў (ніжнюю палату парламента, якая складаецца з 110 дэпутатаў). Астатнія 27 % ідуць на ўтрыманне Савета Рэспублікі (верхняя палата парламента, 64 сенатара). Акрамя выдаткаў на працу дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і сябраў Савета Рэспублікі, сродкі таксама выдаткоўваюцца на працу сакратарыяту кожнай палаты.

Пытанне, які больш за ўсё хвалюе грамадзянаў Беларусі – заробкі. На заробак дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў плануецца выдаткаваць 4.867.170,6 рублёў (556 рублёў за гадзіну), сакратарыята Палаты – 3.244.780,4 рублёў (370 рублёў за гадзіну).

Савет Рэспублікі «спажывае» 668.414 рублёў (тут трэба адзначыць, што сябры Савету Рэспублікі могуць ажыццяўляць сваю дзейнасць без адрыву ад асноўнай працоўнай дзейнасці, гэта значыць, яны з’яўляюцца сябрамі верхняй палаты фактычна па сумяшчальніцтве), сакратарыят Савету – 1.559.634 рублі (178 рублёў за гадзіну).

Выплаты на сацыяльнае страхаванне работнікаў і служачых Нацсходу складаюць 3.409.025 рублёў (389 рублёў за гадзіну).

На набыццё прадметаў забеспячэння і разыходных матэрыялаў для Нацсходу плануецца выдаткаваць 58.539 рублёў (160 рублёў за дзень). На камандзіроўкі і службовыя разʼезды 379.922 рубля (1040 рублёў за дзень). На іншыя бягучыя выдаткі ў тым ліку на набыццё тавараў, аплату паслугаў – 3.130.536 рублёў (357 рублёў за гадзіну). На выплату пенсіяў, дапамогі і іншых трансфертаў насельніцтву – 174.227 рублёў (477 рублёў за дзень).

СК, belsat.eu

Стужка навінаў