Дэкрэт аб цюбінгавым руху. Працоўная версія

У рэдакцыю belsat.eu трапіў чарнавы варыянт Дэкрэту аб цюбінгавым руху, які нібыта рыхтуецца адмысловай камісіяй, створанай пасля ліста ў Савет Міністраў з прапановаю дадаткова юрыдычна ўрэгуляваць вытворчасць, продаж і карыстанне цюбінгамі.

Hавiны
Следчы камітэт накіраваў ураду прапановы па надзіманым санкам
2019.01.10 11:08

Мы не змаглі спраўдзіць праўдзівасць дакументу. Таму выкладаем яго тэкст цалкам.

***

Дэкрэт «Аб дзяржаўным рэгуляванні цюбінгавага руху»

У мэтах рэгулявання ўсё больш масавага руху з дапамогаю цюбінгу (надзіманых санак), пастанаўляю:

1. Прыраўняць уладальнікаў надзіманых санак, а таксама іншых удзельнікаў коўзання з горак да ўдзельнікаў дарожнага руху з наступнымі правамі і абавязкамі:

1.1. Коўзанне можа адбывацца толькі з адмыслова абсталяваных дзяржаўных горак:

– узбочына, падгор’е і ўзгорак павінны быць гладкія (без ямінаў, хмыззя і смецця) і мець снежную а не ледзяную паверхню, не мець рэзкіх паваротаў і моцных схілаў (больш за 20 градусаў);

– на ўсёй паверхні горкі павінна быць нанесеная раздзяляльная паласа жоўтага колеру;

– на ўсіх горках мае быць забяспечанае 24-хгадзіннае асвятленне ўсяе трасы з рэсурсаў Астравецкай АЭС;

– у непасрэднай блізкасці да горкі (не далей за два метры) павінны быць арганізаваныя падʼезды і месцы паркавання для службовага цюбінгавага транспарту.

1.2. Кантроль за горкамі ажыццяўляецца: у зімовы перыяд – сіламі Міністэрства ўнутраных справаў, у летні перыяд – курсантамі Акадэміі МУС, маладзёвымі атрадамі аховы правапарадку БРСМ і дармаедамі. Кантроль прадугледжвае патруляванне месцаў масавага коўзання, спраўджанне дакументаў ува ўдзельнікаў цюбінгавага руху на права кіравання надзіманымі санкамі, правядзенне тлумачальнай працы з удзельнікамі коўзання, перасячэнне несанкцыянаванага доступу да горак і ўдзелу ў цюбінгавым руху ды інш.

1.3. Да коўзання на надзіманых санках дапускаюцца асобы, якія дасягнулі 14-цігадовага ўзросту і атрымалі правы дзяржаўнага ўзору на кіраванне надзіманымі санкамі (пасля праходжання навучальнага курсу і здачы тэарэтычнага і практычнага экзаменаў на базе Дзяржаўтаінспекцыі). А таксама замежныя грамадзяне – на падставе выкупленага сезоннага абанементу на коўзанне з горак на надзіманых санках – і зарэгістраваныя на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь не пазней за 14 дзён да ўдзелу ў цюбінгавым руху.

2. Стварыць умовы для ўкаранення цюбінгавага руху ў эканоміку Рэспублікі Беларусь шляхам увядзення шэрагу збораў і падаткаў для яго ўдзельнікаў:

2.1. агульны штогадовы горны падатак;

2.2. агульны сезонны горны падатак;

2.3. падатак на снег;

2.4. камунальны збор;

2.5. падатак на гуму і паветра;

2.6. экалагічны збор;

2.7. добраахвотныя ахвяраванні на падтрыманне цюбінг-інфраструктуры краіны;

2.8. абавязковае дзяржаўнае страхаванне ад глабальнага пацяплення і бясснежнае зімы;

2.9. дзяржаўнае медычнае страхаванне ўдзельнікаў цюбінгавага руху.

3. Увесці адміністрацыйную і/альбо крымінальную адказнасць за парушэнні дзяржаўных правілаў цюбінгавага руху (ПЦР), а таксама сістэму штрафаў і іншых грашовых спагнанняў (гл. дадатак да п. 2 Дэкрэту).

4. Стварыць Адзіны дзяржаўны рэестр горак для коўзання на надзіманых санках. Таксама стварыць магчымасць прадстаўлення дзяржаўных горак у часовую арэнду бізнес-структурам на перыяд да аднае пяцігодкі.

5. Увесці крымінальную адказнасць за абсталяванне нелегальных горак для коўзання на цюбінгу.

6. Увесці абавязковы Адзіны інфармацыйны дзень у навучальных установах і на прадпрыемствах, які ладзіцца па ўсёй краіне не пазней за 14 дзён да першага снегу паводле прагнозу Гідраметцэнтру. З усталяваннем стабільнага снежнага покрыва, не меншага за 3 см, на большай частцы тэрыторыі краіны арганізаваць штодзённыя 15-хвілінныя тлумачальныя сустрэчы ў калектывах ува ўсіх навучальных установах і на прадпрыемствах краіны.

7. Савету міністраў у трохмесячны тэрмін:

– стварыць камісію для кантролю хады рэалізацыі дадзенага Дэкрэту;

– забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з дадзеным Дэкрэтам;

– прыняць іншыя захады па яго рэалізацыі.;

8. Міністэрству фінансаў у трохмесячны тэрмін вызначыць парадак бухгалтарскага ўліку і рэгістрацыі надзіманых санак.

9. Дадзены дэкрэт набывае моц ад моманту яго афіцыйнага апублікавання.

10. Дадзены Дэкрэт зʼяўляецца часовым і згодна з часткай трэцяй артыкулу 101 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь прадстаўляецца на разгляд Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Менск, зіма, подпіс (неразборлівы).

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў