Дабрачыннасць супраць COVID-19: хто і на што збірае грошы?


У Беларусі абвешчаны шэраг дабрачынных кампаніяў па збору сродкаў для дапамогі медыкам і спынення распаўсюду каронавірусу. Belsat.eu даведаўся, хто і на што збірае грошы ва ўмовах пандэміі.

Міністэрства аховы здароўя

24 сакавіка Міністэрства аховы здароўя абвесціла пра адкрыццё рахунку ў «Беларусбанку», куды можна пераводзіць грошы для дабрачыннай дапамогі сістэме аховы здароўя. Паведамляецца, што сродкі будуць накіраваныя на правядзенне санітарна-супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў, а таксама выяўленне і лячэнне пацыентаў з COVID-19. Рахунак належыць дзяржаўнай установе «Рэспубліканскі цэнтр арганізацыі медычнага рэагавання». Грошы з яго будуць размяркоўвацца пасля ўзгаднення з Міністэрствам аховы здароўя.

«Мы вітаем падтрымку грамадства і зможам выкарыстоўваць дабрачынную дапамогу ў мэтах закупаў абсталявання для лабараторнай дыягностыкі COVID-19, дыягнастычных набораў, ахоўных сродкаў, лекавых прэпаратаў, а таксама на аказанне дапамогі хворым», – падкрэсліла прэс-служба міністэрства.

Рэквізіты дабрачыннага рахунку можна знайсці тут.

«Имена»

Збор сродкаў у сувязі з пандэміяй каронавірусу абвесціў і праект «Имена». Паводле інфармацыі на старонцы, грошы мусяць пайсці на закупы сродкаў абароны для 15 000 сацыяльных працаўнікоў, 175 медычных сясцёр Чырвонага крыжа і прыкладна 175 валанцёраў.

«Патрэбныя антысептыкі, пальчаткі, ахоўныя халаты, маскі – менавіта аднаразовыя, якіх не хапае. Гэтыя людзі некалькі разоў на тыдзень абыходзяць 92 000 адзінокіх хворых пажылых людзей. Носьбітам віруса можа быць любы – уключаючы сацыяльных працаўнікоў, медсясцёр, валанцёраў. Каб абараніць і адных, і другіх, важна цяпер сабраць Br 469 791», – падкрэсліваюць «Имена».

Падрабязныя фінансавыя разлікі кампаніі можна паглядзець на старонцы праекту. Кампанія разлічаная на тое, каб забяспечыць сацыяльных працаўнікоў, медыкаў і валанцёраў аднаразовымі сродкамі аховы на трохмесячны тэрмін – з красавіку па чэрвень.

Як патлумачыла belsat.eu кіраўніца праекту «Имена» Кацярына Сінюк, сума Br 469 791 – не канчатковая.

«Трэба нашмат больш. Калі завершыцца гэтая кампанія, стартуе другая, на чарговую партыю масак і пальчатак», – кажа яна.

Кампанію па зборы сродкаў «Имена» праводзяць сумесна з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа. Чырвоны Крыж, у сваю чаргу, шчыльна супрацоўнічае з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны Беларусі.

Кацярына Сінюк тлумачыць, што ўсе грошы прымае Чырвоны Крыж. Медычныя сродкі для сацыяльных працаўнікоў будуць набываць па заяўцы Міністэрства працы.

«Мінпрацы далей адказвае за дастаўку гэтых сродкаў сваім сацыяльным службам. Чырвоны Крыж дае справаздачу перад намі за фінансы. Мінпрацы, у сваю чаргу, дае справаздачу Чырвонаму Крыжу, каму перадалі сродкі і спісы людзей у сталым веку, якіх гэтыя працаўнікі наведалі. У выніку абедзве гэтыя справаздачы будуць у «Именах», – кіраўніца праекту.

Прэс-служба Чырвонага Крыжа тлумачыць, што медыкі і валанцёры будуць наведваць дзве асноўныя групы людзей. Першая – асобы ў сталым веку, якія маюць інваліднасць (падапечныя медыка-сацыяльнай службы «Дапамога», прыкладна 1600 чалавек). Другая група фармуецца па запыце арганізацыяў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Туды ўваходзяць людзі сталага веку, якія раней не мелі патрэбы ў дапамозе сацыяльных працаўнікоў, самі наведвалі аптэкі і крамы. Але ва ўмовах распаўсюду каронавірусу яны лічацца групай рызыкі і мусяць быць цяпер максімальна ізаляваныя. Паводле генеральнага сакратара Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Вольгі Мычкі, іхная задача – дапамагчы сацслужбам і валанцёрам арганізаваць дастаўку пенсіянерам усяго неабходнага.

На момант публікацыі ўжо сабралі больш за Br 6700. Падрабязней пра кампанію збору сродкаў можна прачытаць тут.

«Имена» абяцаюць апублікаваць спіс людзей і кампаніяў, якія зробяць ахвяраванні (натуральна, калі тыя самі не захочуць захаваць ананімнасць).

MolaMola

Збор сродкаў арганізаваны і на платформе MolaMola. Спачатку гаворка ішла пра тое, што грошы накіруюць на ссабойкі для медыкаў.

«Першае, што хочам набыць (пасля кансультацыі з лекарамі): каву, некалькі скрынак печыва, арэхі, і розныя батончыкі. Чаму менавіта гэтыя прадукты? Гэта хуткі і энергетычны перакус, які дапаможа медыкам адчуць сябе лепш. Пачнем з гэтага. А далей усё залежыць ад нас і вас», – адзначылі ў паведамленні на старонцы.

Праз два дні пасля пачатку кампаніі было абвешчана, што лякарням патрэбныя грошы для набыцця дэзынфектараў, рэспіратараў, масак ды пальчатак.

Паведамляецца, што першы дабрачынны транш у памеры 1400 рублёў 25 сакавіку накіравалі ў Гарадскую інфекцыйную клінічную лякарню: Br 400 пайшло на «перакусы» для медыкаў, а Br 1000 пералічылі на рахунак лякарні на закупы медычных сродкаў для персаналу. Таксама плануецца дапамагчы менскім лякарням № 6 і № 4.

Друзья! Благодаря всем, кто поддержал кампанию по сбору средств, сегодня удалось помочь Минской инфекционной больнице и…

Opublikowany przez Marię Portnovą Środa, 25 marca 2020

Каардынатаркай кампаніі з’яўляецца Марыя Партнова. Раней жанчына ніколі грамадскай дзейнасцю не займалася.

«Самая ідэя блукала ў паветры, бо з усяго свету ідуць навіны, што людзі падтрымліваюць медыкаў, – адзначае Марыя Партнова, – Я ніколі гэтым не займалася і не ведала, што можна зрабіць. Нават думала стварыць грамадскую арганізацыю, але там патрэбен юрыдычны адрас і гэта складаней. Тады сын сказаў, што ёсць пляцоўка MolaMola і там можна сабраць сродкі».

Каб арганізаваць дапамогу, Марыя Партнова звяртаецца да юрыстаў лякарняў, чые нумары можна знайсці на сайтах установах. Тыя ў сваю чаргу кансультуюцца з галоўнымі лекарамі. Пасля гэтага з лякарняй Партнова заключае дамову на ахвяраванне ад прыватнай асобы.

«Цяпер для лякарняў патрэбная такая колькасць ахоўных сродкаў! Маскі, рэспіратары… рэспіратараў наагул няма! Тое, што мы сёння пералічылі Br 1000 і адвезлі чатыры скрынкі з »перакусам« (кава, цукеркі і г.д.) – гэта, канешне, што слёзы. Бо разумееш, якія вялікія ў іх патрэбы і якія маленькія ў нас магчымасці», – адзначыла яна ў размове з belsat.eu.

На момант публікацыі праз платформу MolaMola сабрана ўжо больш за Br 2200.

Hавiны
«За вечар вывезла амаль цэлы паверх інтэрнату». Як фельчарка хуткай працуе падчас каронавірусу
2020.03.18 14:25

Асцярожна, махляры!

Паралельна зʼявіліся першыя паведамленні і пра факты махлярства пад выглядам дабрачыннасці. Напрыклад, «БПС-Сбербанк» 23 сакавіка распаўсюдзіў прэс-рэліз, што махляры імітуюць афіцыйную рассылку на мабільны тэлефон і паведамляюць аб аднабаковым рашэнні банку пералічыць працэнты па дэпазіце ў Фонд барацьбы з каронавірусам у адпаведнасці з пастановаю Савету міністраў.

«Памятаеце, Банк ніколі не робіць такога кшталту рассылак і наяўнасць гэтай пастановы зʼяўляецца хлуснёй», – падкрэслілі ў «БПС-Сбербанку».

У банку раяць кліентам нікому не паведамляць свае паролі і нумары картак, не адказваць на такія паведамленні і не пераходзіць па спасылках.

Hавiны
«Каранцін – магчымасць разабрацца ў сабе». Парады псіхолагаў на час самаізаляцыі
2020.03.25 12:59

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў