Больш за 70 тысячаў беларусаў захацелі лічыць галасы на выбарах


Прычым больш за 25 тысячаў самастойна падалі заявы. Такія звесткі падае ЦВК.

Больш за 70 тысячаў беларусаў падалі заявы на ўдзел у выбарчых камісіях. Большасць з іх самастойна вырашылі ўвайсці ў склад камісіяў праз падачу заяваў. Такіх – 25 354 чалавек. На другім месцы – прадстаўнікі беларускай Федэрацыі прафсаюзаў (9 537 заявак), старшыня якой, Міхаіл Арда, з’яўляецца кіраўніком ініцыятыўнай групы Лукашэнкі. На трэцім месцы – прадстаўнікі грамадскага абʼяднання «Белая Русь» (4 661 чалавек).

Некалькі чалавек падаліся і ад беларускіх апазіцыйных партыяў. Напрыклад, 109 чалавек ад БНФ, 212 чалавек – ад Абʼяднанай грамадзянскай партыі, таксама 212 заявак – ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі («Грамада»).

У выбарчыя камісіі, якія выдаюць выбарцам бюлецені, а потым лічаць галасы, можна патрапіць ад грамадскіх абʼяднанняў, працоўных калектываў, а таксама сабраўшы 10 подпісаў ад жыхароў свайго ўчастку.

На выбарах 2015 года ў склад камісіяў увайшлі 67 185 чалавек. Абсалютную большасць (71,2 %) склалі жанчыны. Амаль палова, 44,1 %, патрапілі ў участковыя камісіі ад грамадскіх абʼяднанняў.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў