Блогеры правялі фан-сустрэчу ў Пінску, а іх аштрафавалі за несанкцыянаванае мерапрыемства


Блогеры YouTube-каналу «Топавы Пінск» вырашылі сустрэцца са сваймі падпісантамі. На сустрэчу прыйшлі некалькі сотняў падлеткаў. На наступны дзень у Пінскі РАУС паступіла заява з нагоды несанкцыянаванага масавага мерапрыемства, а мясцовы тэлеканал зняў сюжэт пра акцыю, у якім раскрытыкаваў падлеткаў.

Канал «Топавы Пінск» на YouTube за некалькі гадоў сабраў 448 тысячаў падпісчыкаў, пішы пра гэты выпадак Onliner. Стваральнікі каналу вырашылі правесці фан-сустрэчу. 18 лістапада сотні фанатаў прыйшлі на запрашэнне. Блогеры адзначылі, што сустрэча адбылася і нават апублікавалі відэа з гэтай сустрэчы. Праўда, праз некаторы час яго выдалілі. Аказалася, што на наступны дзень хлопцамі зацікавіліся праваахоўнікі.

«19 лістапада 2018 году ў Пінскі ГАУС паступіла інфармацыя, што на папулярным відэахостынгу Youtube было апублікавана відэа, на якім група маладых людзей арганізавала масавае мерапрыемства на плошчы Леніна з удзелам няпоўнагадовых грамадзянаў», – распавёў мясцоваму тэлеканалу «Пінск» старшы інспектар інфармацыі і грамадскіх сувязяў Пінскага ГАУС Аляксандр Касцюкевіч.

Гэта мерапрыемства было не санкцыянаванае і арганізавана з парушэннем нормаў заканадаўства. Яно не насіла нейкіх канкрэтных мэтаў, а проста з’яўляецца прыкладам свавольства. Вырашылі сабраць няпоўнагадовых, свавольнічалі, крычалі на плошчы Леніна, лічаць міліцыянты.

«Гэты выпадак – абуральны і меў вельмі вялікі рэзананс і ў інтэрнэце, і ў СМІ, і паміж людзей. Таму гэтым пытаннем займаліся не толькі супрацоўнікі органаў унутраных спраў, але і іншыя службы. Арганізацыя масавых мерапрыемстваў у нас рэгламентавана законам «Аб масавых мерапрыемствах». Таму, калі вы хочаце афіцыйна арганізаваць масавае мерапрыемства, выказаць нейкія свае мэты і ідэі, калі ласка, звяртайцеся ў гарвыканкам у адпаведнасці з заканадаўствам”, – падсумаваў Аляксандр Касцюкевіч.

У дачыненні да арганізатараў фан-сустрэчы праваахоўнікі склалі пратакол паводле артыкулу 23.34 КаАП РБ «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў».

Як стала вядома Onliner, па адміністратыўнай справе ў дачыненні да хлопцаў ужо быў суд. Хлопцы і дзяўчыны атрымалі штраф у памеры 20 базавых велічынь (490 рублёў). Самі блогеры каментаваць справу адмовіліся.

Аб’ектыў
Акцыя пратэсту ў Берасці: людзі кідаліся пад міліцэйскую машыну
2018.10.07 17:35

СК, belsat.eu

Стужка навінаў