У другой палове дня 3 студзеня беларускі канцэрн «Белнафтахім» выпусціў на сваім афіцыйным сайце прэс-рэліз з нагоды спынення паставак расейскай нафты на айчынныя НПЗ.
Канцэрн сцвярджае, што працягвае перамоўны працэс з расейскімі партнёрамі адносна заключэння новых кантрактаў, аднак пакуль яны не падпісаныя.
«Сітуацыя, што склалася – не лепшы этап у эканамічнай супрацы з расейскімі партнёрамі. Так, з улікам рэалізацыі чарговага этапу падатковага манеўру ў Расейскай Федэрацыі кошт на «танную бязмытную расейскую нафту» на сённяшні дзень складае 83 адсоткі ад сусветнай. Безумоўна, з улікам кампенсацыі, якую Расейская Федэрацыя прадстаўляе сваім нафтаперапрацоўчым заводам, гэта негатыўна адбіваецца на дыспарытэце коштаў на ўнутраных рынках Расеі і Беларусі», – адзначаецца ў рэлізе.
Разам з тым, у канцэрне падкрэсліваюць: у цяперашні час беларускія НПЗ працуюць у штатным рэжыме. Былі прынятыя меры па аптымізацыі загрузкі вытворчых магутнасцяў, што дазволіла павялічыць назапашванне рэсурсаў нафты для яе далейшай перапрацоўкі.
«Наяўныя запасы паліва, а таксама рэжым працы айчынных НПЗ дазваляюць у поўным аб’ёме забяспечыць патрэбы ўнутранага рынку ва ўсіх відах маторнага паліва і іншых нафтапрадуктаў», – заявіў «Белнафтахім».
КА belsat.eu