Беларус у Кітаі: «Без маскі не пускаюць у метро, але панікі няма»


Па стане на 3 лютага ад каронавірусу nCoV-штаму ў свеце памёрлі 427 чалавек. Усяго зафіксавана больш за 20 тыс. выпадкаў хваробы ў 28 краінах, як вынікае са звестак адмысловай онлайн-мапы. Навукоўцы дапускаюць магчымасць пандэміі. Тым часам не ва ўсіх эпідэмія выклікала паніку. Belsat.eu пагутарыў з беларусам, які жыве з сям’ёй у кітайскай правінцыі Гуан-Дун.

Гуан-Дун знаходзіцца на поўдні КНР і ў апошнія гады лічыцца адной з найбольш эканамічна развітых правінцый з высокай шчыльнасцю насельніцтва. У горадзе Дунгуань, куды наш суразмоўца Вадзім (вядомы як клоун Вадзік-Ракета) пераехаў з Менску год таму, пражывае каля 7 мільёнаў чалавек, з іх значная частка – грамадзяне іншых краін.

Фота са старонкі Вадзіма «Ракеты» у Facebook

У Дунгуані Вадзім працуе ў кампаніі «Entertainment company», якая займаецца арганізацыяй святаў і імпрэзаў. На канец студзеня ў Кітаі як раз прыпадае Новы год і звычайна святкаванні працягваюцца два тыдні. Аднак на фоне ўспышкі каронавірусу улады Кітаю абмежавалі правядзенне масавых мерапрымстваў у шэрагу гарадоў, а ў некаторых – забаранілі. На пытанне, якім чынам гэта паўплывала на ягоную працу, беларус кажа:

«На маім жыцці і працы сітуацыя з каронавірусам моцна не адбілася, замоваў менш не стала. Адзінае, улады працягнулі святочныя канікулы яшчэ на тры дні. Справа ў тым, што на святы ўсе раз’язджаюцца па сваіх родных гарадах. І, паколькі інкубацыйны перыяд у віруса – 14 дзён, больш моцная ўспышка вірусу тут чакаецца ў сярэдзіне лютага, калі людзі пачнуць вяртацца».

У сувязі з тым, што інфекцыя лёгка перадаецца ад чалавека да чалавека, улады Кітаю часткова абмежавалі перамяшчэнні па краіне. Аднак у правінцыі Гуан-Дун, нягледзячы на 813 пацверджаных выпадкаў захворвання, каранцін не ўводзілі.

Горад Дунгуань.
Фота: IStock

«Ад гораду, дзе я жыву да агмяню эпідэміі ва Ўу-Хані – амаль тысяча кіламетраў. Наш горад не на каранціне, рух транспарту тут не перакрывалі і замежнікі масава адсюль не з’язджалі. Наколькі мне вядома, у правінцыі Гуан-Дун няма ніводнага інфікаванага замежніка і ніводнага дзіцяці. Калі беларуская амбасада збірала подпісы, хто хоча вылецець з краіны, ніхто з маіх знаёмых не захацеў», – распавядае Вадзім.

Hавiны
Ва Ўу-Хані дабудавалі першую больніцу для хворых на каронавірус
2020.02.02 15:02

Сусветныя СМІ паведамлялі пра заклапочанасць насельніцтва Кітаю магчымым дэфіцытам сродкаў абароны. Паводле Вадзіма, недахоп аднаразовых масак і марлевых павязак адчуваецца толькі ў правінцыі Хубэй.

«У Гуан-Дуне дэфіцыту масак няма, у аптэках усё прадаецца. Таму мы ўсе тут проста апранулі масачкі, гэта просьба ўладаў. Без масак нельга хадзіць у месцы скаплення людзей і ездзіць у грамадскім транспарце. Калі ты без маскі – могуць не пусціць у аўтобус або метро.

Грамадскія месцы, рэстарацыі ў горадзе адчыненыя. Мы з дзецьмі вось хадзілі нядаўна ў піцэрыю – дык там на ўваходзе паставілі спецыяльныя машынкі для дэзынфекцыі рук. Ну і мы самі стараемся рукі мыць часцей», – кажа Вадзім.

«Тэма ўжо надакучыла мясцовым»

Паводле Вадзіма, людзі навокал стаміліся ад абмеркаванняў пагрозы каронавірусу:

«Шмат хто з мясцовых лічыць гэта проста моцнай ўспышкай эпідэміі грыпу. Тэма ўжо настолькі ім надакучыла, што яе стараюцца пазбягаць».

На думку беларуса, асноўная праблема – гэта тое, што людзі часта не звяртаюць увагу на першыя сімптомы, напрыклад, парушэнні ў дыханні або высокую тэмпературу, і не едуць своечасова ў шпіталь – «думаюць, самі вылекуюцца». Разам з тым, Вадзім адзначае: кітайскія ўлады робяць усё магчымае, каб спыніць распаўсюд каронавірусу.

Фота са старонкі Вадзіма «Ракеты» у Facebook

«Я ўражаны ўладамі! Яны настолькі хутка і якасна ўсё робяць. Бачны ўзровень падрыхтоўкі. Відаць, яны навучыліся каардынаваць дзеянні падчас апошняй эпідэміі пнеўманіі ў 2013 годзе», – мяркуе ён.

Аднак далёка не ўсе ў Кітаі прытрымліваюцца загадаў што да бяспекі.

«Мае сябры ва Ўу-Хані распавялі, што крамы працуюць, а па горадзе пусцілі адмысловыя таксоўкі, якія развозяць людзей па раёнах. Там жа таксама не ўвесь горад ахоплены эпідэміяй, успышка пачалася ў нейкім адным раёне. У ім улады просяць людзей не выходзіць з дому, але мая знаёмая кажа, што выходзяць падыхаць свежым паветрам – і ўсё нармальна.

Хаця наземныя дарогі ва Ўу-Хані перакрылі, цягнікі там усё адно спыняюцца, нават калі на квітках не пазначаюць Ўу-Хань.

То бок, збольшага ўсе спакойныя, нават самі кітайцы. Паўсюднай панікі тут няма. А таварышы, якія падымаюць паніку, заўжды знойдуцца ў любой краіне», – выказаў свае меркаванне Вадзім.

Hавiны
У Беларусі на каронавірус праверылі больш за 120 чалавек. І вось вынікі
2020.01.30 17:26

30 студзеня Сусветная арганізацыя здароўя прызнала ўспышку каронавірусу надзвычайнай сітуацыяй глабальнага значэння, але не рэкамендавала дзяржавам уводзіць абмежаванні на перамяшчэнне тавараў і людзей.

Паводле навукоўцаў, вірус перадаўся людзям ад жывёлаў, імаверна, ад змеяў. Цяпер штам здольны перадавацца паміж людзьмі.

Сярод асноўных сімптомаў каронавірусу – парушэнні ў функцыянаванні дыхальнай сістэмы і высокая тэмпература. Медыкі раяць пазбягаць кантактаў з жывёламі, не есці сырога мяса, часта мыць рукі і дэзынфекаваць памяшканні, дзе збіраецца шмат людзей.

КА belsat.eu

Стужка навінаў