Акаўнт несапраўдны? Першы беларускі байкшэрынг трапіў у скандал праз беларускую мову


Першы беларускі сэрвіс байкшэрынгу «Kolobike» трапіў у скандал. Усё пачалося з таго, што ў тўітэр-акаўнце @kolobike_by адмовіліся пераходзіць у размове з кліентам на беларускую мову.

«Вы можаце скласці афіцыйны зварот на беларускай мове і тады, вядома, адказ будзе на беларускай. А ў сацыяльнай сетцы выкарыстоўваем менавіта расейскую, бо больш карыстальнікаў звяртаюцца на ёй», – адказалі @kolobike_by на пытанне карыстальніка сэрвісу @panekohanku.

Гэтая размова выйшла за межы Тўітэры, патрапіла ў іншыя сацыяльныя сеткі, дзе да дыскусіі далучыліся іншыя карыстальнікі. Выказаўся ў падтрымку акаўнту @kolobike_by і маркетолаг Андрэй Гусараў, які распрацоўваў маркетынгавую стратэгію кампаніі.

Hавiны
«Мотавелазавод» запусціць буйны байкшэрынг
2019.07.24 13:31

Між тым дырэктар «Kolobike» Вадзім Осіпчык заявіў радыё «Свабода», што ў кампаніі няма акаўнтаў у Тўітэры, а профіль @kolobike_by – фэйкавы. Паводле яго, ужо напісаны зварот, каб заблакаваць гэты акаўнт.

Таксама Вадзім Осіпчык збіраецца звяртацца да праваахоўнікаў, бо лічыць што кампаніі нанесеная маральная шкода і шкода рэпутацыі, а гандлёвы знак і лагатып кампаніі незаконна выкарыстоўваліся.

Кіраўнік кампаніі адзначыў, што гэта ўжо не першы фэйкавы акаўнт «Kolobike». Напрыклад, за профіль у «Instagram’е» «Kolobike.by», які з’явіўся раней за афіцыйны, прасілі 400 долараў.

«Мы ж самі адсюль, я цудоўна ведаю мову, чытаю па-беларуску. Сам не размаўляю, але захапляюся, як іншыя прыгожа размаўляюць», – сказаў дырэктар.

Ён таксама паабяцаў пры неабходнасці распрацаваць беларускую версію мабільнага дадатку, але «не сёлета».

Што датычыць Андрэя Гусарава, дык той, паводле Вадзіма Осіпчыка, больш не мае дачынення да кампаніі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў