7 лютага ў Краснай Паляне (Сочы) адбыліся перамовы кіраўнікоў Беларусі і Расеі.
Перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна прайшлі ў два раўнды. Першы з абмежаванай колькасцю членаў дэлегацыяў – самалёт з расейскімі чыноўнікамі не змог прызямліцца на мясцовым аэрадроме праз складаныя ўмовы надвор’я. Другі раўнд адбыўся пасля перапынку на хакейны матч.
Па выніках сустрэчы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта РФ Дзмітрый Козак паведаміў наступнае: «перамовы прайшлі ў пазітыўным ключы, дамовіліся працягнуць кансультацыі на ўзроўні ўрадаў, на ўзроўні міністэрстваў і ведамстваў па ўдасканаленні механізму інтэграцыі, умацавання гэтай інтэграцыі».
Паводле Козака, Расея і Беларусь дамовіліся пра пастаўкі газу на 2020 год на ўмовах 2019 года ($ 127 за 1 тыс. куб.м на мяжы). А скідкі для Беларусі на нафту магчымыя толькі ў выпадку ўвядзення дзяржрэгулявання паставак нафты, мяркуе намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта РФ.
«Кошты на сырую нафту фармуюцца рынкам і не рэгулююцца. Гэта ўсё застанецца. Але будзем аказваць усялякае садзейнічанне па дасягненню гэтых пагадненняў, каб забяспечыць Беларусь неабходнымі аб’ёмамі нафты», – сказаў Дзмітрый Козак.
Telegram-канал «Пул первого» паведаміў, што пасля афіцыйнай часткі перамоваў кіраўнікі Беларусі і Расеі «яшчэ нешта абмяркоўвалі».
ЮВ belsat.eu