Адзін жаўнер загінуў: ДНР абстраляла ўкраінскія пазіцыі пад Данецкам і Марыупалем


Прэс-служба Аперацыі аб’яднаных сілаў (ААС) паведаміла пра сітуацыю на мяжы з самаабвешчанымі ЛНР і ДНР. Паводле ўкраінскіх вайскоўцаў, цягам мінулых содняў праціўнік неаднаразова парушыў рэжым спынення агню.

18 чэрвеня ўкраінскія пазіцыі абстралялі 11 разоў. 4 разы са зброі, выкарыстанне якой забараняюць Менскія пагадненні – мінамёты калібру 120 і 82 мм.

Цягам мінулых содняў тры ўкраінскія жаўнеры атрымалі раненні і два – баявыя траўмы. Зранку 19 чэрвеня падчас абстрэлу загінуў адзін украінскі жаўнер. Яшчэ адзін атрымаў раненні.

Паводле ААС, украінскія вайскоўцы далі адэкватны адказ, не парушаючы Менскіх пагадненняў.

Раніцай 19 чэрвеня данецкі блогер Necro Mancer апублікаваў відэа, на якім чуваць моцны выбух. Блогер напісаў, што выбух прагрымеў побач з адміністрацыяй Пятроўскага раёну Данецку.

Украінскае выданне unian.net, спасылаючыся на відавочцаў, паведамляе, што 19 чэрвеня побач з данецкім дзіцячым шпіталем № 4 упалі снарады. Шпіталь знаходзіцца побач ДК «Пятроўскі» (непадалёк ад Пятроўскага выканкаму).

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў