Пакуль хрысціяне ўсходняй традыцыі рыхтаваліся адзначыць Раство, на Капіталійскім пагорку ў Вашынгтоне натоўп прыхільнікаў Трампа напаў на будынак Кангрэсу ЗША. На гэты момант вядома пра смерць чатырох асобаў – дзвюх жанчын і двух мужчынаў.
Як здарылася, што прэцэдэнт у Вашынгтоне, цытадэлі амерыканскай дэмакратыі, сталі параўноўваць з хваляваннямі краінаў трэцяга свету? «Белсат» пагаварыў з беларускаю Святланай, якая з 1991 года жыве і працуе ў адной з дзяржаўных структураў ЗША.
Адкуль узнікла напружанне, што прывяло да такой развязкі?
Святлана: Больш за 70 мільёнаў людзей прагаласавалі за Трампа. Байдэн атрымаў толькі на 7 мільёнаў галасоў больш. Грамадства расколатае. Гэты ж раскол назіраецца і ў ацэнцы ролі медыяў: для аднаго боку гэта абʼектыўная крыніца інфармацыі ды аналізу, а для другога – «ворагі народу». У сталіцу на марш, на мой погляд, прыйшлі толькі экстрэмісты. Яны вераць, што Трамп не прайграў выбараў!
Гэта амаль як культавыя слепакі. Інфармацыя паглынаецца імі часцей толькі з аблюбаваных імі сацыяльных сетак, інтэрнэту ці пэўных радыёканалаў. Ніякага кантролю за дакладнасцю фактаў там няма. Трамп і ягоныя прыхільнікі штохвілінна паўтараюць хлусню для сваёй выгады, сацыяльныя сеткі ўсе распаўсюджваюць з неймавернай эфектыўнасцю.
Іншая гісторыя з Рэспубліканскаю партыяй: яны своечасова не спынілі Трампа. Чаму?! Зразумець гэта, думаю, зможам толькі крыху пазней.
Сённяшнія падзеі былі апошняю спробай «абараніць Трампа», калі па ягоным закліку пайшлі на Капітолій.
Як вялікі горад спраўляецца з каменданцкаю гадзінаю?
Каменданцкая гадзіна дазваляе праваахоўным службам праводзіць арышты без выстаўлення абвінавачанняў, як я разумею. Я атрымала некалькі паведамленняў праз тэлефон ад ураду: толькі медыкі і прэса могуць быць на вуліцы паміж 18:00 сёння і 6:00 заўтра. Такім чынам будзе лягчэй кантраляваць пратэстоўцаў. Нацыянальную гвардыю паклікалі на дапамогу. Паліцыю суседніх штатаў таксама.
Ці ёсць у ЗША медыі, якім грамадзяне давяраюць больш і якім давяраюць менш? Ці існуе нейкі падзел у плане любові ці даверу паміж медыямі?
Вельмі складана адказаць адназначна і коратка. Адукаваныя людзі краіны аддаюць перавагу і найбольш давяраюць, так бы мовіць, правераным часам медыям. Фанаты чытаюць тое, што іх натхняе. Але адметна, што тэлеканал Fox News, які прынята лічыць рэспубліканскім, асудзіў учорашнія падзеі. Абнадзейвае той факт, што медыі ў гэтай краіне выконваюць функцыю кантролю за ўладай, а не яе абслугоўвання.
Там дзе вы жывяце, за некалькі міляў ад Капітолію, адбывалася што-небудзь незвычайнае падчас пратэсту і пасля?
Я чула бой бубнаў з боку вялікай вуліцы, якая вядзе ў цэнтр. Думаю, людзі ішлі на марш. Але цяпер мы зачыненыя ў дамах. На вуліцу не выйдзеш да самай раніцы, пакуль дзеіць каменданцкая гадзіна.
Якія нас чакаюць наступствы? Што значыць гэты прэцэдэнт і што можа змяніцца ў цэлым у грамадстве?
Усе ашаломленыя, шмат хто, верагодна, празерыў, а нехта, магчыма, адчувае і гонар. Думаю, як і заўсёды, адказ будзе неадназначны. Грамадства расколатае. Папулізм і падман – традыцыйныя сродкі маніпуляцыі масамі з боку палітыкаў. Трамп – майстар у гэтай справе. Ягоныя прыхільнікі не зменяцца, бо ён не зменіцца, як ён і паабяцаў учора раніцаю на публічным выступе перад удзельнікамі.
20:00. Трамп заявіў, што ягоныя прыхільнікі павінны прыйсці да Капітолію і «дапамагчы слабым рэспубліканцам, бо моцныя ў дапамозе не маюць патрэбы».
21:00. Кангрэс пачаў пасяджэнне. Прыхільнікі Трампа спрабавалі прабіцца ў будынак, паліцыя ўжывала газ, паступілі паведамленні пра першых пацярпелых.
22:20. Пратэстоўцы ўварваліся ў Капітолій, а затым у залы пасяджэнняў і кабінеты, кангрэсменаў тэрмінова эвакуявалі, сертыфікаты з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў таксама.
23:15. Пачалася страляніна, некалькі пратэстоўцаў былі параненыя, прынамсі 4 асобы загінулі.00:00. Байдэн назваў тое, што адбываецца, мяцяжом, праз 15 хвілінаў Трамп заклікаў сваіх прыхільнікаў разысціся, цягам дзвюх гадзінаў сілавікі занялі і ачысцілі Капітолій, была знойдзеная і абясшкоджаная бомба, 20 чалавек былі затрыманыя. Выбуховае прыстасаванне знайшлі і ў штаб-кватэры Рэспубліканскай партыі ў Вашынгтоне, яго абясшкодзілі, піша New York Times.
6 студзеня Кангрэс зацвярджаў вынікі прэзідэнцкіх выбараў. Перамог Джо Байдэн, ён павінен заступіць на пасаду 20 студзеня. Дзейны прэзідэнт Доналд Трамп не прызнае паразы і цвердзіць, што выбары суправаджаліся шматлікімі парушэннямі. 7 студзеня Кангрэс ЗША зацвердзіў вынікі апошніх прэзідэнцкіх выбараў. Новым прэзідэнтам ЗША прызналі Джо Байдэна.
Размаўляў Стэфан Глушакоў belsat.eu