Адзін крок да «шарашкі»

Міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч выказаў захапленне эксперыментам, які праводзіцца ў ягоным ведамстве: працоўнага «зняволення» асуджаных на сельгаспрадпрыемстве «Хутар-Агра» ў Светлагорскім раёне. Там правялі «Дажынкі», з-за чаго міністр трапіў у адміністратыўнае захапленне. Яшчэ б: сваё свята! Ну, скажам, «Славянскі базар» сіламі зэкаў розных нацыянальнасцяў правесці – і зусім дзяржава ў дзяржаве атрымаецца.

Такой дзяржавай у дзяржаве быў ГУЛАГ. Нядаўна расейская пісьменніца Наталля Громава згадала на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку», як у адным з жаночых лагераў для зняволеных наглядчыца-экскурсавод узнёсла распавядала экскурсантам, хто ў іх сядзеў:

– Лідзія Русланава ў нас сядзела, Зоя Фёдарава ў нас сядзела, Наталля Сац у нас сядзела…

Старшыня Светлагорскага райвыканкаму ўзнагароджвае працаўніцу «Хутар-Агра». Фота belta.by

Сядзець, увогуле, – не пераседзець. Тры народныя і ўсенародна любімыя артысткі. І гэта ж праўда. У часы Лаўрэнція Берыі ў ГУЛАГу былі не толькі лесапавалы і будаўніцтва БАМу, але і свае тэатры, свае спартовыя каманды, а таксама, зразумела, сельгаспрадпрыемствы, на якіх таксама адбывалася рэсацыялізацыя зняволеных. Плацілі ім менш, чым на волі. Наагул, значыць, не плацілі. Але яны заставаліся жывыя. Кармілі іх лепш. Гэта праўда.

Музей гісторыі палітычных рэпрэсіяў «Перм-36». Сакавік 2015. Фота Maxim Kimerling/TASS

Вяршыняй будаўніцтва дзяржавы ў дзяржаве пры Берыі сталі легендарныя «шарашкі». Гэта ўжо ў познесавецкі час за смешным гэтым словам замацавалі паняцце: зводная брыгада будаўнікоў, якая нелегальна зарабляе грошы. А пры Лаўрэнцію Паўлавічу ў «шарашцы» – закрытых турмах – праходзілі сваю «рэсацыялізацыю» геніі, тыя, хто ствараў і атамную бомбу, і ракетны шчыт радзімы. Так яны каштавалі краіне танней, можна было кантраляваць, каб яны нікуды не збеглі. Ды і вольнага часу, які яны трацілі б на сябе, у іх не было. Карацей, Салжаніцын, «У крузе першым».

А тое, што «нашыя шарашкі» пачынаюцца не з Берыі, а з Шуневіча, і прысвечаныя не стварэнню ракеты, а вырошчванню збожжа і свінагадоўлі, то, прабачце, якая краіна, такія і ГУЛАГі.

У Музеі гісторыі палітычных рэпрэсіяў «Перм-36». Фота Maxim Kimerling/TASS

Адно дрэнна: да ператварэння ўсёй краіны ў Абʼяднаную шарашкіну кантору імя таварыша Шуневіча засталося не так ужо шмат часу. І вось чаму. Памятаеце, як Аляксандр Рыгоравіч стагнаў перад гарадзенскімі студэнтамі: маўляў, не едзьце! У нас ужо не беспрацоўе надыходзіць – катастрафічна не будзе хапаць працоўнай сілы. Значыць, папаўняць дэфіцыт будуць або коштам прыезджых кітайцаў, якія дрэнна адаптуюцца, або коштам інтэнсіфікацыі прымусовай працы беларусаў. Кантрактную сістэму называлі мы калісьці прыгоннай? Так мы забыліся, што прыгоннае права было значным крокам наперад у параўнанні з рабскай працай. Тое, чаму радуецца міністр унутраных справаў, – на практыцы вяртанне да рабскай працы. Рабы мусяць інтэнсіфікаваць вытворчасць жыццёвых выгодаў, каб нешматлікія шклоўскія патрыцыі не адчулі іх дэфіцыту.

Адзін крок у нас да «шарашкі». Адзін крок да рабства. Усяго адзін.

Аляксандр Фядута, belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў