Чаму мітынг у падтрымку Лукашэнкі сабраўся толькі ў Менску
Ну, як сказаў бы Астап Бэндэр, спраўдзілася мара ідыёта. Улада вырашыла правесці мітынг у сваю падтрымку. Сабралі некалькі дзясяткаў тысяч (65 тыс. – падае МУС) лепшых, як гаварылася ў шварцаўскім «Драконе», людзей, для таго, як высветлілася, каб на пытанне, ці хочуць яны свабоды, яны адказалі:
– Не!
Дружна так адказалі. Калектыўны стрыптыз зладзілі. Не патрэбна ім Свабода. Не патрэбна – і ўсё тут.
А што трэба? Яны кажуць, што ім патрэбен мір. Уласна, яго ўсё яшчэ дзейная ўлада здольная забяспечыць адным росчыркам пяра міністра Караева, загнаўшы «тонтан-макутаў» з беларускага АМАПу ў казармы. Яна мір парушыла – яна хай яго і забяспечыць.
А вось са свабодай складаней. Улада сапраўды не разумее, навошта яна патрэбная. Памятаеце дыялог міністра прамысловасці з рабочым БелАЗа:
– У цябе праца ёсць? Вось, ідзі і працуй!
Маўляў, заткніся, раб, пакуль цябе на хлеб хапае. А свабода як праява пачуцця ўласнай годнасці? Не, не чулі.
І тут падумалася. Вось, з усёй краіны звезлі дзве тысячы чалавек. У цэнтр Менска. Але ж мітынгі за свабодныя і сумленныя выбары праходзяць па ўсёй краіне. І лагічна было б сабраць гэтакі «антымайдан» не адзін на ўсю краіну, а як раз у кожным горадзе, дзе мітынгуюць за адстаўку Лукашэнкі. Але логікі няма. А чаму, уласна?
Таму што чым меншы горад, тым цяжэй схавацца. Тым цяжэй сабраць неабходную колькасць людзей – нават тых жа бюджэтнікаў, – каб правесці мітынг у абарону фальсіфікацый. У Жодзіне, напрыклад, ці ў Салігорску, колькі вы набярэце такіх? Каб раўлі, ўгаворвалі:
– Бацька ты наш родны! Застанься! Не патрэбна нам свабода!
Бо там усе адзін аднаго ведаюць. Могуць потым і спытаць у цябе:
– А чаго ж ты, краса ненаглядная, за мяне ад свабоды адмовілася? Чаму прасіла застацца і далей фальсіфікаваць выбары?
Малы і сярэдні горад – як прадпрыемства. Паглядзіце Запіс сустрэчы дырэктара «Беларускалія» з працоўнымі яго аб’яднання. Паглядзіце запіс сустрэчы мэра Жодзіна з гараджанамі. А цяпер уявіце сабе, што такую вось разнарадку атрымае не ўся агульнанацыянальная структура «Белай Русі» ці БРСМ, а іх гаркамы. Ці змогуць яны сабраць мітынг хоць бы ў пяцьсот чалавек? Думаю, не. Потым жа трэба будзе вочы хаваць і нешта тлумачыць.
А што патлумачыш? Што свабода табе не патрэбна?
Выдатна, сябры мае. Дарога ў турму адкрыта. Ідзіце і сядзьце туды замест тых хлопцаў, каго да гэтага часу не выпусцілі. У тыя ж умовы, з тым жа абслуговым персаналам. І потым, сутак праз дзесяць пасля таго, як ваша пажаданне будзе выканана, паўторна выйдзіце на плошчу і яшчэ раз падтрымайце свайго правадыра.
Думаю, рашучае непрыманне свабоды мае шанец злёгку зменшыцца.
Аляксандр Лукашэнка belsat.eu
Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.