Май без міру, узлом базы КДБ і дзіўныя планы захопу Кобрынскага раёну. Галоўныя падзеі ў малюнках


Вядомы з савецкіх часоў выраз «Мир. Труд. Май» згубіў свой сэнс, бо міру няма – Расея ваюе з Украінай, улады Беларусі – са сваім народам. У спісу экстрэмісцкіх фармаванняў сумны юбілей – такі статус атрымалі ўжо 200 арганізацыяў. Лукашэнка працягвае пужаць насельніцтва «падступствам Захаду», які цяпер паклаў вока чамусьці на Кобрынскі раён. Тым часам журналісты і шмат якія беларусы працягваюць вывучаць змест злітай «Кіберпартызанамі» базы зваротаў у КДБ і знаходзяць там нямала знаёмых прозвішчаў.

Май без міру

Традыцыйна ў Беларусі травень пачынаецца са святаў і выходных. На гэты вясновы месяц у Беларусі выпадаюць тры святочныя дні, прызнаныя афіцыйнымі выходнымі: Свята працы (1 траўня), Дзень Перамогі (9 траўня) і Радаўніца (14 траўня).  Працоўны дзень 13 траўня (панядзелак) пераносіцца на 18 траўня (субота), і беларусы атрымліваюць 4 выходныя запар.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

З савецкіх часоў пра май, працу і мір згадвалася адначасова, але цяпер гэты славуты выраз не адпавядае рэчаіснасці. Бо Расея працягвае бамбіць Украіну і там штодня гінуць людзі, а ў Беларусі не спыняюцца рэпрэсіі. Не так даўно абяцанае экспертамі плато рэпрэсіяў разбурылася. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы «Барометр рэпрэсіяў» ад Цэнтру новых ідэй. Аўтар даследавання, сацыёлаг Генадзь Коршунаў адзначыў, што ўсе тэндэнцыі паказваюць на ўзмацненне рэпрэсіўнага клімату ў Беларусі, з падзелам грамадства на лаяльных і нелаяльных. Адносна апошніх праводзіцца ўсё больш мэтанакіраваная дыскрымінацыя і жорсткі рэпрэсіўны ціск.

Цяпер іх 200

У першыя дні траўня МУС прызнала«экстрэмісцкім фармаваннем» рэсурсы пад агульнаю назваю «Мы не холопы». Рэсурс стаўся 200-м «экстрэмісцкім фармаваннем», залучаным у адпаведны пералік ведамства.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Надаючы нейкім рэсурсам статус экстрэмісцкіх, рэжым у Беларусі спрабуе забараніць любую форму іншадумства. У Беларусі расце колькасць і экстрэмісцкіх фармаванняў, і экстрэмісцкіх матэрыялаў. Пракуратура Менску на падставе маніторынгу інтэрнэт-парталаў, сацыяльных сетак, тэлеграм-каналаў ды іншых рэсурсаў за 2023 год і мінулы перыяд 2024-га скіравала ў суды больш за 180 заяваў наконт прызнання інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Кобрынскі раён і NATO

Падчас выступу на  Усебеларускім народным сходзе Аляксандр Лукашэнка пагражаў шмат каму. Ён называў полк імя Кастуся Каліноўскага, харугвы Паспалітага рушэння і Беларускі добраахвотніцкі корпус, які, паводле Лукашэнкі, атакаваў Белгародскую вобласць Расеі разам з Расейскім добраахвотніцкім корпусам і вайскоўцамі Украіны. Акрамя таго, паведаміў, што дэмакратычныя сілы (у якіх «ад гэтай дэмакратыі нічога не засталося») чамусьці плануюць захапіць Кобрынскі раён і ўвесці туды войскі NATO.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

КДБ ад беларусаў 

«Кіберпартызаны» выклалі ў сетку даносы, якія адпраўляліся чэкістам праз партал з верасня 2014 да жніўня 2023 года. Насамрэч гэта не зусім даносы. Дакладней – не толькі даносы. Напрыклад, сярод зваротаў – 55 хадайніцтваў пра змяненне меры стрымання Віктару Бабарыку, просьбы дапамагчы знайсці рэпрэсаваных у савецкі час родных, прапановы супрацы і нават пакаянні. Усяго 40 тысяч паведамленняў.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Спецслужбы звычайна не раскрываюць сваіх шпіёнаў і даносчыкаў, каб у будучым новыя асобы не баяліся супрацоўнічаць далей.  Цяпер праз хібы ў сістэме аховы звестак выявілася, што звесткі пра тых, хто пісаў звароты і даносы ў КДБ, дасяжныя ўсім.

Эксперты думаюць, што гэта можа мець педагагічны эфект у будучым. Хоць пакуль і няма магчымасці судовага пераследу, але рэпутацыйныя страты ўжо ёсць. Даносчыкі звычайна робяць гэта спакваля, спадзяюцца, што ніхто пра гэта не даведаецца, і могуць мець добрыя стасункі з тымі, на каго даносяць, але тут нечакана ўсё выкрылася. Некаторыя з тых, хто хацеў бы даносіць, пастановяць гэтага не рабіць, мяркуюць эксперты.

Новыя турмы

З 25 красавіка СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску спыніла прыём перадачаў для зняволеных, а 3 29-га ўвогуле зачынілася. Прычына – расфармаванне і пераезд установы, паведаміла праваабарончая ініцыятыва «Dissidentby». Двухсотгадовы будынак Пішчалаўскага замку, у якім месціўся ізалятар, – у аварыйным стане. У 2008-м адна з чатырох вежаў на перыметры забудовы проста абрынулася. Тады ніхто не пацярпеў.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Вязняў, якія тут утрымліваліся, перавялі ў нядаўна пабудаваны ізалятар у Калядзічах, а таксама ў аналагічныя ўстановы Магілёва і Жодзіна. Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», у СІЗА на Валадарцы на момант пераезду ўтрымліваліся не менш за 29 палітычных вязняў. Сярод іх бізнесовец Андрэй Брэмшміт, былы ўчастковы Яўген Ціханаў, настаўніца сталічнай 23-й гімназіі Дар’я Хмяльніцкая, архітэктарка Дар’я Мандзік.

Пасля закрыцця аб’ект выведуць з-пад гаспадарчага валодання Дэпартаменту выканання пакаранняў, перададуць на баланс гораду і пачнуць рэканструкцыю. Як адзначалі ўлады, на аднаўленне гістарычнага аблічча замку спатрэбіцца каля 5 мільёнаў долараў. Да збору сродкаў прыцягнуць прыватных інвестараў. Паводле аднаго з праектаў, тут зробяць гатэльна-забаўляльны комплекс.

Дэ Лёс belsat.eu

Стужка навінаў