Пад петыцыяй за выхад Беларусі з Саюзнай дзяржавы, якую на платформе change.org размясціла грамадзянская кампанія «Наперад, Беларусь!», падпісаліся больш за 8 тыс. чалавек.
У петыцыі адзначаецца, што дамова аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, заключаная 8 снежня 1999 года, «вядзе да страты рэальных суверэнітэту і незалежнасці Рэспублікі Беларусь».
Паводле дакументу, воля беларускага народа аб эканамічнай інтэграцыі з РФ, выказаная на рэспубліканскім рэферэндуме ў 1995 годзе, ужо і так рэалізаваная праз уваходжанне Беларусі ў Еўразійскі эканамічны саюз.
Таму, на падставе артыкулу 67 Дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, падпісанты патрабуюць ад кіраўніка Беларусі і Нацыянальнага сходу дэнансаваць дамову аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.
Між тым да 8 снежня 2019 года ўлады Беларусі і Расеі плануюць падпісаць новую дамову пра паглыбленне інтэграцыі, у выніку чаго РФ можа цалкам паглынуць беларускую эканоміку.
МГ belsat.eu