Ноч нерасстралянай паэзіі як напамін пра тое, што мы (пакуль) жывыя

На берлінскую імпрэзу Ночы нерасстралянай паэзіі (або расстраляных паэтаў – каму як больш падабаецца) я выправілася наўмысна са спазненнем. У афішы была пазначаная нейкая бясконцая колькасць як мёртвых паэтаў, так і жывых. Гадзінку сумных вершаў я яшчэ неяк вытрымаю, а вось дзве ці тры гадзінкі – гэта ўжо занадта, гэта для моцных, выбачайце.

Паход на гэтую імпрэзу я насамрэч уяўляла як нейкі свой беларускі эмігранцкі абавязак. Дзеля весялухі – іншыя імпрэзы, гэта я напярэдадні схадзіла на прэм’еру фільму знакамітай фемінісцкай порнарэжысёркі Эрыкі Люст у межах берлінскага порнафестывалю. Нерасстраляная паэзія – гэта для суму, журботы, пры гэтым не самотнай, а калектыўнай. Як на мяне, кампанію для нястрымнай радасці і весялосці знайсці значна прасцей, чым кагосьці, з кім можна якасна пасумаваць разам, аплакаць надзеі, што не спраўдзіліся, і якія ўжо час адпусціць у паветра, каб яны там расталі і больш не дражнілі сваёй недасяжнасцю.

Урочышча Курапаты. Менск, Беларусь. Кастрычнік, 2022.
Фота: Белсат

Паралелі паміж тагачаснай і цяперашняй гістарычнай рэальнасцю былі заўважныя ўсім – нават тым, хто ўжо нармальна так накідаліся (можа, таму і накідаліся). Як 86 гадоў там дзяржава чыніла гвалт, так і цяпер. Усё гэта настолькі падобна, што хочацца схапіцца за галаву і пранізліва закрычаць у экзістэнцыйную бездань: ну няўжо гэта мажліва? Няўжо гэта паўтараецца? Што гэта за ідэя такая, у якую ты верыш, што гэта за культура такая, якой ты служыш, а ў адказ атрымліваеш катаванні, здзекі, прыніжэнне, смерць? Ці вартае яно таго? Ці не лепш было ўсім гэтым юнакам падпарадкавацца сістэме, зліцца з большасцю, не настойваць, не гаварыць праўды, застацца жывымі?

Ага, раскажыце гэта цяперашнім палітвязням! Напэўна, не лепш, калі яны зрабілі супрацьлеглы выбар. Дык мы й хіба і не даведаемся, для каго гэта быў насамрэч выбар, а для каго – выпадковыя акалічнасці. Бо пісаў нехта з гэтых паэтаў пра выпадак, калі да яго прыйшоў сябра і сказаў нешта накшталт: «Нада мной чорны воран не праляціць, бо я палітычна бездакорны». Воран – гэта ён пра НКВД, у цяперашніх рэаліях можам замяніць на ГУБАЗіК. Прыляцеў воран і па яго. Па ўсіх аднойчы прыляціць, бо такая воранаўская (добра, давайце не крыўдзіць птушку) губазікаўская задача – знішчаць жывое ў межах дасяжнасці і ўсяляць страх. Так сабе праца, калі шчыра. Або гэта стыль жыцця?

Глыбокая журба мерапрыемства хавалася не толькі ў гістарычных паралелях, але і ў напамінах пра крохкасць чалавечага жыцця, пра ўсе войны, што ідуць за вакном, пра ідэі, у якія вераць настолькі моцна, што дзеля іх пачынаюць першымі забіваць… Шмат хто з гэтых расстраляных паэтаў не пакінуў па сабе аніводнага паэтычнага зборніка – альбо толькі нешта вельмі маленькае. На чыесьці творы былі пастаўленыя п’есы, якія збіралі аншлагі, як, напрыклад «На Купалле» Міхася Чарота. Гэта там упершыню прагучала «Купалінка», ад якой ужо ванітуе, але якая, безумоўна, застаецца сімвалам. Тэкст п’есы не захаваўся. Хочацца, каб наяўнасць інтэрнэту цяпер дапамагала ўсё ад таленавітых людзей у турмах і па-за турмамі збіраць, захоўваць, распаўсюджваць. І каб кантэнт быў якасны, і людзі на яго прыходзілі з добрай волі. І каб грошы былі на яго стварэнне, але і каб валанцёрыць людзі не адмаўляліся. І каб беларускае захоўвалася – але адначасова ўбудоўвалася ў міжнародны кантэкст, перакладалася, выкладалася. Карацей, гэта была рубрыка «культурныя мары Вікі», і яшчэ больш – рубрыка «ўдзячнасць арганізатарам».

Света Бень выступае падчас Ночы нерасстралянай паэзіі ў Берліне, 29 кастрычніка 2023 г.
Фота: Віка Біран

У канцы імпрэзы Света Бень сваім бадзёрым голасам нагадала пра смерць, якой дачакаліся паэты, – і якой аднойчы дачакаемся і мы. Шмат хто заплакаў. Катарсіс адбыўся. Бяжым хутчэй у бар! Будзем чаркацца келіхамі і радавацца таму, што мы (пакуль) жывыя!

Віка Біран belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў