На ўскраінах Менску чуваць выбухі. Верагодна, гэта заняткі па падрыўной справе


Крыніцы «Белсату» паведамляюць, што за апошнія гадзіны на ўскраінах Менску можна было пачуць некалькі магутных выбухаў.

Усяго было не менш за 3-4 магутных выбухі з вялікімі інтэрваламі. Ад выбуховай хвалі ў дамах затрэслася шкло.

«Ніхто не ведае, што выбухнула і дзе канкрэтна. Можна толькі ўпэўнена сказаць, што гук даносіцца з-за межаў Менску. Дыму ці агню ў нас не бачна, але выбухі чуваць добра», – кажа суразмоўца «Белсату».

Паводле звестак «Еўрарадыё», выбухі адбываліся ў Калодзішчах, што пад Менскам. «Мне здаецца, што і дом уздрыгнуў, і гук вельмі моцны», – піша ў чаце мясцовая, якая жыве на «Камчатцы». Гэта частка Калодзішчаў паблізу вайсковага палігона.

«Я не чула гук, але калыхнула. І дзверы забразгалі», – сцвярджае іншая.

Калодзішчы – вялікі чыгуначны вузел, праз які часта ідзе вайсковая тэхніка.

Пазней у прэс-службе Міністэрства абароны ўдакладнілі, што на навучальным палігоне паблізу населенага пункта Вялікі Трасцянец 31 кастрычніка праводзяцца заняткі з вайскоўцамі інжынерных падраздзяленняў па падрыўной справе, перадае БелТА.

У ваенным ведамстве адзначылі, што мерапрыемствы маюць планавы характар.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў