«Спроба прадаць стабільнасць». Эканаміст – пра павышэнне заробкаў бюджэтнікаў і пенсіяў


З 1 верасня ў Беларусі вырастуць заробкі бюджэтнікаў, а таксама пенсіі. Эканаміст цэнтру BEROC Алег Мазоль у каментары «Белсату» звязаў раздачу грошай з «гэтак званымі выбарамі», што набліжаюцца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

15 жніўня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб падвышэнні пенсіяў у сярэднім на 5 %, а 18 жніўня ўрад пастанавіў павялічыць з 228 да 235 рублёў памер базавай стаўкі, ад якой залежыць заробак бюджэтнікаў. Пабольшаныя выплаты беларусы пачнуць атрымліваць з 1 верасня.

Навуковы супрацоўнік цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Алег Мазоль у каментары «Белсату» адзначыў, што базавую стаўку звычайна павышаюць, калі інфляцыя сягае вышэй за 5 %. Пры гэтым статыстыка Белстату пра такі рост цэнаў не сведчыць.

«Ва ўмовах дырэктыўнага рэгулявання цэнаў на харчы, што фармуюць асноўную частку індэксe спажывецкіх цэнаў, урад Лукашэнкі выкарыстоўвае індэксацыю дзеля раздачы грошай насельніцтву і спробы чарговы раз прадаць стабільнасць ад Лукашэнкі. Перад гэтак званымі выбарамі ў гэтак званы парламент зноў пачуем пра «пяцьсот» у нейкай форме – усё тое, што ўжо неаднаразова праходзілі», – упэўнены эканаміст.

Ён сказаў, што для цяперашніх уладаў важна, каб прыбыткі раслі хутчэй за курс валютаў.

«Ім трэба, каб ва ўмовах дэдаларызацыі эканомікі Беларусі і ейнай юанізацыі намінальныя прыбыткі насельніцтва раслі хутчэй за курс замежных валютаў. Адсюль і індэксацыя, якая не пацвярджаецца ростам цэнаў паводле афіцыйнай статыстыкі», – растлумачыў эксперт.

Інфаграфіка
Гэта не «ў іх цэны растуць», а ў нас. Паглядзелі, што падаражэла, а што патаннела ў Беларусі
2023.08.14 21:36

Алег Мазоль звярнуў увагу, што адначасова павышаюцца і пенсіі, таксама напярэдадні галасавання.

«Калі паглядзець на сярэднюю пенсію, якая за люты – красавік была 670 рублёў, сёлетняе павышэнне складзе каля 80–100 рублёў. Для пенсіянераў гэта дастаткова значны дадатак. Пры гэтым з улікам павышэння пенсійнага ўзросту, які летась склаў для мужчынаў 63 гады пры сярэдняй працягласці жыцця 67 гадоў, бюджэтная сістэма Міністэрства фінансаў Лукашэнкі разам з друкарскім станком Нацбанку дасць рады з ростам пенсіяў у перадвыбарчы год», – падсумаваў суразмоўца «Белсату».

Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту, у чэрвені цэны выраслі на 2,9 % год да года, а ў параўнанні з траўнем – на 0,3 %. Інфляцыя за студзень – чэрвень сёлета склала 6,7 % год да года, а рэальныя прыбыткі за гэты ж час павялічыліся на 3,9 %.

Урад прагназуе, што налета рэальныя прыбыткі (тое, што застаецца на руках пасля сплаты падаткаў і з улікам інфляцыі) вырастуць на 3,5 %.

Hавiны
Улады паабяцалі сярэдні заробак у 2 тысячы рублёў, шпаркі рост эканомікі і рэкордны дэфіцыт бюджэту
2023.08.29 14:36

belsat.eu

Стужка навінаў