Омбудсман паведаміў пра 19 затрыманых у Батумі на акцыі супраць лайнера з расейскімі турыстамі


Офіс упаўнаважанага ў правах чалавека ў Грузіі паведаміў, што ў Батумі на акцыі супраць прыбыцця лайнера з расейскімі турыстамі затрымалі 19 асобаў. Паліцыя сцвярджае, што арыштаваных меней – дзевяцёра.

Акцыя супраць прыбыцця лайнера з расейскімі турыстамі. Батумі, Грузія. 31 ліпеня 2023 года.
Фота: «Новости Грузия» / newsgeorgia.ge

Раніцою ў Батумі адбылася акцыя пратэсту супраць прыбыцця круізнага лайнера з расейскімі турыстамі. У дэманстрацыі бралі ўдзел у тым ліку беларусы. Паводле звестак паліцыі, былі затрыманыя 9 дэманстрантаў, паведамляе тэлерадыёкампанія «Імэдзі». Актывістаў абвінавацілі ў злосным хуліганстве і непадпарадкаванні сілавікам.

У заяве омбудсмана Грузіі гаворыцца пра 19 затрыманых, сярод іх – грамадзянка Украіны:

«Прадстаўнік омбудсмана сустрэўся з трыма арыштаванымі, адзін з іх распавёў пра факт гвалту з боку супрацоўнікаў паліцыі. Пракуратура неадкладна праінфармавала Спецыяльную следчую службу аб меркаваным неналежным абыходжанні з грамадзянінам і чакае хуткага і эфектыўнага рэагавання».

Сярод пасажыраў лайнера «Astoria Grande», як перадае батумскі тэлеканал TV25, зоркі расейскага музычнага тэлеканалу RU.TV, якія падтрымоўваюць вайну супраць Украіны. Сярод іх – беларускі спявак Дзмітрый Калдун.

Пасажыраў лайнера выводзілі на бераг пад узмоцненай аховай паліцыянтаў. Мікрааўтобусы, на якіх турыстаў вывозілі з порту, пратэстоўцы закідвалі бутэлькамі і яйкамі.

Тым часам на вечар прызначаныя новыя акцыі пратэсту, з такімі заклікамі, у прыватнасці, выступіў грузінскі Моладзевы рух.

На лайнеры «Astoria Grande» ладзяць круізы па Чорным моры з Сочы ў турэцкія гарады з транзітным наведваннем Батумі. Праўда, з маршрутаў наступных тураў гэты грузінскі горад ужо прыбралі.

Улады Грузіі адзначаюць, што гэты карабель не пад санкцыямі і можа свабодна заходзіць у розныя парты свету.

Аналітыка
«Just business». Грузінскую ўладу абвінавацілі ў меркантыльнасці праз згоду на авіяспалучэнне з Расеяй
2023.05.17 07:01

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў