Летась на пачатку чэрвеня ў Беларусі не хапала амаль 6,5 тыс. медыкаў. Каб высветліць, як змянілася сітуацыя сёння, мы прааналізавалі вакансіі дзяржаўнай службы занятасці. І вось што заўважылі: калі на пачатку лета 2021-га былі вакансіі для 2300 дактароў-спецыялістаў, то цяпер колькасць вольных месцаў павялічылася больш як у паўтара разу. А медычных сёстраў трэба больш на траціну.
Наш суразмоўца, доктар сталічнай больніцы хуткай дапамогі, распавёў, што адбываецца ў беларускай медыцыне.
– Наколькі я бачу, людзі зʼязджаюць, бо баяцца вайны. Не вядома, што будзе. Ну і ўвогуле праз палітычную сітуацыю. І праз тое, што людзей, якія пасля выбараў выйшлі з прафсаюзаў, і калі ў іх заканчваецца кантракт, ім прапаноўваюць увайсці ў прафсаюз, а калі яны не ўваходзяць зноўку ў прафсаюз, то іх звальняюць. У большасці лекараў былі заробкі больш-менш за кошт надбавак. Гэта плюс яшчэ адзін заробак. Цяпер надбаўкі прыбіраюцца, а цэны ў краме ўдвая выраслі.
У мяне як у доктара першай катэгорыі 1300 рублёў чыстымі – гэта заробак на стаўку, і столькі ж надбаўка за каронавірусных пацыентаў, калі я з гэтымі пацыентамі сутыкаюся кожнае дзяжурства. Але пацыентаў мала становіцца.
Заробак застаўся той жа самы, што і два гады таму. Магчыма, нейкія 100, можа да 200 рублёў былі адрозненні.
– Ці ёсць недахоп кадраў?
– Так. У нас ёсць адно аддзяленне, з якога загадчык яшчэ летам зʼехаў у Польшчу. І, натуральна, усе думаюць, што з палітычных прычынаў, бо асабіста ніхто не размаўляе, не гаворыць аб гэтых падставах, вы самі разумееце. Праз гэта больш-менш развалілася аддзяленне. Ну і дагэтуль не могуць сфармаваць. У нейкі перыяд была вострая нястача. Гэта цяпер, праз год, ужо падабралі людзей. З нашага аддзялення, хірургічнага, з моманту пачатку ваенных дзеянняў два чалавекі ўжо зʼехалі, хоць гэта сталічная клініка. Я думаю, у раённых цэнтрах сітуацыя горшая, бо ў сталічнай клініцы ўсё-ткі лепш працаваць і большы заробак.
– А якіх спецыялістаў бракуе?
– Пра сваю клініку магу сказаць. У нас развалілася кардыялагічнае аддзяленне, але яно цяпер збольшага сфармаванае. Хірургічнае аддзяленне – ёсць невялікі недахоп. У прыёмным аддзяленні тэрапеўтаў невялікі недахоп. Таксама зʼехалі два загадчыкі траўматалогіі. Нястача ёсць, але не тое, каб яна катастрафічная і вялікая. Я думаю, пацыенты не заўважаюць. Гэта адбіваецца на якасці працы лекараў, ім даводзіцца больш працаваць.
– Якая сітуацыя з сярэднім медычным персаналам?
– У нашай больніцы з сярэднім медперсаналам у прыёмным аддзяленні праблемы былі заўсёды. Бо праца вельмі цяжкая, малааплатная. З санітарамі вострая праблема стаіць. З медсёстрамі не такая вялікая праблема, але больш, чым з дактарамі. У медсясцёр для Менску маленькі заробак, і ім выгадней працаваць у тым жа «Еўраопце» прадаўцом, сядзець і не адказваць за жыццё чалавека.
Медсёстры атрымліваюць дзесьці на стаўку ад 600 да 800 рублёў чыстымі. А санітары дзесьці 400 рублёў чыстымі на стаўку.
– Ці можна сказаць, што крызіс у медыцыне абвастрыўся?
– Мабыць, абвастрэнне толькі пачынаецца, бо яшчэ не ўсе, хто хацелі зʼехаць, зʼязджаюць. Я думаю, што гэта толькі пачатак працэсу з медыкамі, бо ў адрозненне ад праграмістаў медыкам не так лёгка хутка зʼехаць, хоць лягчэй, чым астатнім людзям з іншымі спецыяльнасцямі. Я думаю, што гэты крызіс толькі пачынаецца.
– А ці ёсць ціск на медыкаў з боку кіраўніцтва?
– Проста не працягваюць кантракту. Людзей выклікаюць і кажуць: ці вы ўваходзіце ў прафсаюз назад і мы падаўжаем кантракт, ці не ўваходзіце, але мы не працягваем кантракту. У нас дадаўся такі чалавек у большасці больніц у Менску – намеснік начальніка аддзелу кадраў. Мы яго называем паміж сабой кадэбэшнік, бо гэта былы вайсковец, які адсочвае ў пэўных базах пры працаўладкаванні, ці былі заўважаныя людзі на выступах. Усё гэта праходзіць праз вось гэтага новаўведзенага чалавека. Ён зʼявіўся практычна праз паўгода пасля выбараў.
АМ belsat.eu