Літва не плануе высылаць мужа Вольгі Карач. Што кажа адвакат?


У Дэпартаменце міграцыі Літвы заявілі, што, хаця журналіст Алег Баршчэўскі, муж беларускай актывісткі і кіраўніка арганізацыі «Наш дом» Вольгі Карач, заявіў пра пачатак працэсу сваёй дэпартацыі, гэтая працэдура не распачатая і не будзе распачатая, піша агенцтва BNS.

Алег Баршчэўскі.
Фота: Наш Дом

«Гэта спроба падняць шум, не ведаю, з якой мэтай. Ці то ў стратэгічных мэтах, ці то ў нейкіх больш глыбокіх палітычных мэтах, але не, працэдура дэпартацыі не пачалася», – сказала дырэктар Дэпартаменту міграцыі Эвеліна Гудзінскайце.

Па яе словах, Алег Баршчэўскі пасля адмовы яму ў бежанстве падаў у Дэпартамент міграцыі новую заяву аб выдачы дазволу на жыхарства па ўз’яднанні сямʼі (яго дзеці жывуць у Літве). Запыт прыняты да разгляду.

Ведамства разгледзіць зварот на працягу трох месяцаў.

Па словах Гудзінскайце, Баршчэўскі цяпер знаходзіцца ў Літве нелегальна. Паводле яе, у надзеі атрымаць прытулак мужчына не паклапаціўся працягнуць дазвол на жыхарства, які быў у яго.

«З фармальнага пункту гледжання ён павінен пакінуць Літву, – сказалі яму паводле стандартнай працэдуры. Але ён адрэагаваў на гэта неадэкватна, падняў шум, адмовіўся супрацоўнічаць з Дэпартаментам міграцыі і даць тлумачэнні, чаму ён не можа пакінуць Літву», – сказаў кіраўнік ведамства.

Паводле яе слоў, у звычайным выпадку, калі дэпартаваны чалавек не згодзен пакінуць Літву самастойна, яго даныя перадаюцца ў Дзяржаўную памежную службу (VSAT), якая паклапоціцца аб выездзе чалавека з краіны.

«Але сітуацыя з беларускімі грамадзянамі нестандартная. (…) Дэпартамент ацэньвае, ці бяспечна дэпартаваць чалавека з Літвы. У гэтым выпадку мы нават не дайшлі да адпраўкі рашэння (…) І Дэпартамент міграцыі ў цяперашні час не плануе высылаць яго з Літвы», – сказала Гудзінскайце.

Па словах кіраўніка ведамства, Баршчэўскага не будуць прымусова адпраўляць у Беларусь, але з-за незаконнага знаходжання ў Літве ён будзе пакараны ў адміністрацыйным парадку.

«Калі дакументы слушныя, яму будзе выдадзены дазвол на жыхарства на падставе ўзʼяднання сямʼі», – сказала Гудзінскайце.

На гэтым тыдні «Наш дом» апублікаваў заяву, у якой гаварылася, што дэпартамент пачаў працэс дэпартацыі Баршчэўскага ў Беларусь. У ім гаварылася, што Баршчэўскаму, які з’яўляецца рэдактарам сайта nash-dom.info, пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі ў Беларусі.

Адвакат Баршчэўскага Рыціс Саткаўскас паведаміў BNS, што падчас разгляду заявы аб прадастаўленні прытулку ведамства не прыняло дакументы аб падаўжэнні віду на жыхарства ў Літве.

«Адказ быў такі: мы не будзем працягваць пасведчанне на права жыхарства ў Літве па сямейных абставінах, бо вы просьбіт прытулку», – сказаў адвакат.

Пасля таго як хадайніцтва аб прадастаўленні прытулку было адхілена, паводле слоў Саткаўскаса, Баршчэўскі атрымаў паведамленне аб тым, што ён пражывае ў Літве нелегальна і павінен з’ехаць.

«Я не бачыў ніякага рашэння аб дэпартацыі і не можа быць, бо няма ніякай магчымасці апраўдаць такое рашэнне. Не ведаю, можа, гэтае запалохванне было блефам», – сказаў адвакат.

Паводле яго слоў, міграцыйная служба таксама двойчы адмовіла Баршчэўскаму вярнуць пашпарт «нічога не аргументуючы».

«Але пры гэтым указваючы, што, магчыма, іншаземец паедзе ў сваю краіну добраахвотна, тады, магчыма, ён аддасць (пашпарт – BNS)», – сказаў Саткаўскас.

Паводле яго слоў, Баршчэўскі ў Беларусі будзе падвяргацца пераследу як за сваю дзейнасць, так і за дзейнасць Вольгі Карач.

«Мы пастараемся падымаць гэтую сітуацыю і далей, ці то ў літоўскіх судах, ці ў міжнародных механізмах», – сказаў адвакат.

Баршчэўскі пражывае ў Літве з 2014 года.

З праблемамі з літоўскім ВНЖ сутыкнулася і яго жонка Вольга Карач. Яна атрымлівала від на жыхарства ў Літве з 2014 года, а ў 2023 годзе падала прашэнне аб наданні прытулку. Ёй адмовілі. У студзені Вярхоўны адміністрацыйны суд Літвы пастанавіў пакінуць у моцы рашэнне аб адмове, бо Карач «можа супрацоўнічаць з расейскай выведкай». Але іншы суд прызнаў, што заяўку Карач разглядалі занадта доўга, чым парушылі ейныя правы.

Беларуска расказвала, што мае часовы дазвол на жыхарства, які дзее да жніўня 2024 года і які, паводле абяцання літоўскіх уладаў, будзе падоўжаны, таму Вольга не збіраецца пакідаць Літву, а рашэнне аб адмове ў прытулку будзе абскарджваць у Еўрапейскім судзе правоў чалавека.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў