Ад саўка і назад. Як СССР вяртаўся ў постсавецкую прастору


Напад Расеі на Украіну нагадаў многім пра Савецкі Саюз. З іншага боку, папулярнай стала ідэя імперскага каланіялізму, вельмі зразумелая ненавісным Крамлём англасаксам. Да 100-годдзя з дня заснавання СССР мы ўспомнілі, як ён вяртаўся на постсавецкую прастору – калі наогул сыходзіў.

Выява мае ілюстрацыйны характар. Дзень Перамогі ў Сафіі, Балгарыя. 9 мая 2005 года.
Фота: Reuters Photographer / Reuters / Forum

Савецкая імперыя?

Што такое СССР? Гэта не толькі камунізм (гэта значыць «савецкая ўлада плюс электрыфікацыя ўсёй краіны»), але і невыкананне правоў чалавека, хаатычнае адміністрацыйнае дзяленне, неадпаведнасць рэальнага спосабу кіравання дзяржавай Канстытуцыі, адсутнасць свабод, загубленая экалогія, усёмагутнасць спецслужбаў, асаблівы тып эканомікі, кантроль дзяржавы над грамадствам, культ асобы, барацьба з дысідэнтамі, усюдыісная ідэалогія, скажэнне гістарычнай памяці, а таксама лад жыцця і ментальнасць, якія адсюль вынікаюць.

Ці быў СССР імперыяй? Калі толькі нетыповай. Цяжка ўявіць, каб жыхары Ёрка ездзілі за адзеннем і ежай у Дублін або Бамбей. У Савецкім Саюзе жыхары буйных гарадоў РСФСР шанавалі камандзіроўкі не толькі ў Маскву і Ленінград, але і ва Украіну, Беларусь, Прыбалтыку як магчымасць набыць нармальнае адзенне, абутак, а разам з тым і ежу, прадметы побыту, кнігі, сувеніры і ўпрыгажэнні. У іх родных гарадах такога не было, і гэта выклікала тугу, зайздрасць і абурэнне («Чаму ў іх гэта ёсць, а ў нас няма?») замест больш лагічнага пытання «Чаму гэтага няма ў нас?». Рабаванні на вайне – адно з сучасных праяў таго ж адчування татальнай галечы і злосці ад таго, што ў «калоніях» жывуць лепш, чым у «метраполіі». Зрэшты, не толькі сучасных: трафеі часоў Вялікай Айчыннай вайны з той жа серыі.

Быў цэнтр усемагутным, а рэспублікі цалкам падкантрольнымі? Гэта пытанне для асобнага даследавання. Цікава, аднак, не толькі тое, што сярэднеазіяцкімі рэспублікамі кіравалі кланы, а расеец быў другім сакратаром, але і тое, што генсекі ЦК КПСС не заўсёды былі расейцамі: Сталін быў грузін, Хрушчоў і Брэжнеў – украінцы, і толькі апошнія 8 гадоў з 69 краінай кіравалі выхадцы з РСФСР (Ленін, як вядома, быў у апошнія гады намінальным кіраўніком) – Андропаў, Чарненка і Гарбачоў.

Расея: паўзучая саветызацыя

З усіх рэспублік СССР складаней за ўсё адысці ад савецкага мінулага было Расеі. У Заходняй свядомасці Савецкі Саюз і Расея былі сінонімамі, РФ стала правапераемніцай СССР, пераняўшы ад яго ядзерны арсенал, будынкі дыппрадстаўніцтваў і велізарныя даўгі розных краін (якія Крэмль потым велікадушна дараваў у абмен на розныя дамоўленасці). Нікуды не дзелася і адчуванне старшынства на постсавецкай прасторы, заснаванае на гісторыі і памерах краіны.

Толькі пры Барысе Ельцыне (1990–1999) афіцыйны вектар развіцця быў заходні, праеўрапейскі. Расея была сапраўднай Федэрацыяй (нацыянальныя рэспублікі ўзялі суверэнітэту, колькі змаглі панесці), выконваліся правы чалавека, была свабода слова, не было ізаляцыі.

Ці быў першы прэзідэнт Расеі імперцам? З аднаго боку, Крэмль лічыў сябе першым сярод роўных, умешваючыся ў канфлікты на постсавецкай прасторы. З іншага боку, Ельцын быў гатовы аддаць Курыльскія выспы Японіі і дарадцам прыйшлося нямала папрацаваць, каб угаварыць яго не рабіць гэтага, каб пазбегнуць імпічменту. Можна, вядома, яшчэ ўспомніць чачэнскую вайну, але для РФ 1990-х гэта была свая АТА супраць сваёй «ЛДНР».

Ці сыходзіла краіна ад савецкага мінулага? Так, прэзідэнту-заходніку ўдалося задушыць у 1993 годзе путч Вярхоўнага савета, які абаранялі камуністы, імперцы і неанацысты. Але пахаваць Леніна так і не змаглі, на парламенцкіх выбарах 1993 года першае месца атрымала адыёзная ЛДПР, праз два гады большасць у Дзярждуме ўзяла КПРФ, а ў 1996-м лідар Кампартыі выйшаў у другі тур прэзідэнцкіх выбараў.

Больш таго, у сярэдзіне 90-х у Расеі быў «чырвоны пояс» – рэгіёны, якімі кіравалі камуністы. На змену губернатарам заходняга тыпу нярэдка прыходзілі «дужыя гаспадарнікі», а прадпрыемствамі працягвалі неэфектыўна кіраваць «чырвоныя дырэктары», якія даводзілі іх да ручкі (а адначасова і работнікаў, чамусьці вінавацілі ва ўсім дэмакратаў).

Пры Барысе Ельцыне штогадовымі сталі парады 9 траўня, з’явілася Саюзная дзяржава Расеі і Беларусі, па тэлебачанні сталі круціць «Старыя песні пра галоўнае» – усё гэта павінна было задобрыць настальгуючы электарат і знізіць напружанне. Разам з тым былі адкрыты архівы, дзяржава пачала дапамагаць ахвярам савецкіх рэпрэсій і тэхнагенных катастроф.

Усё змянілася ў 2000 годзе. Да ўлады прыйшоў Уладзімір Пуцін. Ён зачыніў архівы, пачаў барацьбу з праваабаронцамі, незалежнымі журналістамі і памяццю аб сталінскім тэроры, а практычна першым справай вырашыў змяніць расейскі гімн – «Патриотическую песнь» Міхаіла Глінкі змяніў гімн СССР з новымі словамі. Што не ўдавалася левай большасці ў Дзярждуме 90-х, зрабіў новы прэзідэнт.

Выява мае ілюстрацыйны характар. Дзень Перамогі ў Марыупалі, Украіна. 9 мая 2022 года.
Фота: Peter Kovalev / TASS / Forum

Фармальнай прычынай была адсутнасць слоў. «Мабыць, нішто не з’яўляецца такім красамоўным выразам напружаных пошукаў нацыянальнай ідэнтычнасці ў посткамуністычнай Расеі, як няздольнасць знайсці словы для музыкі Глінкі, якую былы прэзідэнт Ельцын абвясціў дзяржаўным гімнам», – пісала амерыканская «The Boston Globe» ў пачатку верасня 2000 года. Праз месяц спартоўцы папрасілі Пуціна змяніць гімн, каб яны не стаялі моўчкі. Той адразу ж сабраў працоўную групу.

Супраць абноўленага савецкага гімна выступілі Ельцын, ваенныя музыканты, вялікая колькасць дзеячоў культуры, а падтрымалі гэтую ідэю іншыя дзеячы культуры і патрыярх Алексій II. Змене гімна Пуцін прысвяціў асобны тэлезварот. У выніку 379 галасамі з 450 (супраць галасавалі фракцыі Саюза правых сіл і «Яблока», а таксама асобныя дэпутаты) Дзярждума прыняла новым гімнам РФ мелодыю Аляксандрава і словы Міхалкова. Затым гэтае рашэнне хутка зацвердзіў Савет Федэрацыі, а Пуцін падпісаў адпаведны закон у 9-ю гадавіну знікнення СССР – 25 снежня 2000 года.

У тым жа годзе вярнуўся і чырвоны сцяг – ён стаў сцягам Узброеных Сіл. Між тым 7 лістапада перастала быць выходным (як Дзень згоды і прымірэння) толькі ў 2005 годзе – яму на змену прыйшоў Дзень народнага адзінства 4 лістапада (у памяць аб вызваленні Крамля ў 1612 годзе ад польскага войска).

Далей былі словы Пуціна пра «найбуйнейшую геапалітычную катастрофу ХХ стагоддзя» у пасланні да Федэральнага Сходу ў 2005 годзе, затым яго ж Мюнхенская прамова, вайна з Грузіяй – Крэмль заварочваў Расею ад ідэі ўступлення ў ЕЗ і NATO (бязвізавы рэжым з Еўразвязам нават быў адным з перадвыбарных абяцанняў «Единой России») да «свайго асаблівага шляху».

У нулявых жа пачалося знішчэнне сістэмы выбараў – прэзідэнцкія былі практычна безальтэрнатыўнымі, губернатарскія адмянілі, парламенцкія ўскладнілі; у 2010-х сталі адмяняць і прамыя выбары мэраў.

У 2011 годзе паўстаў Агульнарасейскі народны фронт – саюз даярак, рабочых, чыноўнікаў у падтрымку Пуціна. Міністр культуры Уладзімір Мядзінскі перапісваў гісторыю, шчодра дамешваў у яе прапагандысцкія міфы, па ўсёй краіне пачалі з’яўляцца гістарычныя паркі «Россия – моя история», а затым і помнікі Сталіну (як прыватныя ініцыятывы, але пры згодзе ўладаў).

Нарэшце, у 2014 годзе мара мэра Масквы ў 1992-2010 гадах Юрыя Лужкова аб вяртанні Крыма зрабілася рэчаіснасцю, а антызаходнюю і канспіралагічную рыторыку дагэтуль маргінальных аўтараў яго тэлеканала ТВЦ перанялі ўсе федэральныя тэлеканалы.

Пасля анэксіі Крыма ў шэрагу расейскіх гарадоў змянілі структуру мясцовага самакіравання: ўнутрыгарадскія раёны сталі муніцыпальнымі ўтварэннямі і цяпер гараджане не выбіралі дэпутатаў гарадской думы наўпрост – з’явіліся раённыя саветы (як у СССР), якія ўжо самі дэлегавалі сваіх членаў у гардуму. Апазіцыя выкарыстала любыя законныя сродкі барацьбы, але да 2022 года на волі не засталося незалежных дэпутатаў, якія называлі б рэчы сваімі імёнамі.

У 2022 годзе расейскія рэаліі максімальна наблізіліся да савецкіх: 70-гадовы нязменлівы правадыр, Канстытуцыя, якая не выконваецца ўладамі, ізаляцыянізм, захопніцкая вайна (можна параўнаць з нападам на Фінляндыю або вайной у Афганістане), адсутнасць альтэрнатывы пры фармальным захаванні выбараў, татальная карупцыя, заходнія санкцыі, усемагутныя сілавікі, пераследы дысідэнтаў, выкарыстанне баявой атруты супраць апазіцыі, палітычныя забойствы, абмежаванне выезду за мяжу (для шэрагу прафесій, пры наяўнасці даўгоў або па патрабаванні ваенкамата, а таксама з-за рашэння некаторых краін ЕЗ не ўпускаць расейцаў з турыстычнымі візамі).

Акрамя таго, не абмяжоўваючыся наяўнасцю Юнарміі, расейскія ўлады ствараюць новую піянерыю. Дзяржаўнай ідэалогіяй дэ-факта стала сакралізацыя Вялікай айчыннай вайны.

Што тычыцца дзяржаўных сімвалаў, то, да здзіўлення многіх, Сцяг Перамогі, які вывешваюць на кожнае 9 мая, пакуль не стаў сцягам РФ, хоць і месцамі выкарыстоўваўся пры акупацыі ўкраінскай тэрыторыі замест трыкалору.

Беларусь: «СССР з айфонам»

Ва ўспрыманні расейцаў Беларусь заўсёды была чымсьці незвычайным: гэта і чыстыя прыгожыя вёскі, і савецкае мінулае – гэтакі СССР 2.0, абноўлены і палепшаны дзякуючы «бацьку» Аляксандру Лукашэнку.

Улетку 1995 года Беларусь страціла сваю дзяржаўную ідэнтычнасць: па выніках рэферэндуму расейская мова атрымала той жа статус, што і беларуская (83,3% галасоў «за»), краіна ўзяла курс на інтэграцыю з Расеяй (таксама 83,3%), замест нацыянальных сцяга і герба «па просьбе ветэранаў» вярнуліся сімвалы БССР з мінімальнымі зменамі (за гэта прагаласавалі 75,1% беларусаў).

У 1996 годзе Лукашэнка перамог у супрацьстаянні з непакорлівым Вярхоўным Саветам (які нават паспрабаваў зладзіць імпічмент) і замяніў яго лаяльным Нацыянальным сходам. З таго ж года Дзень Незалежнасці перанеслі з 27 ліпеня (дата прыняцця Дэкларацыі аб суверэнітэце) на 3 ліпеня (дзень вызвалення Менска ад вермахта).

Усе гады кіравання Лукашэнкі суправаджаліся акцыямі пратэсту, знікненнем апазіцыянераў і пагрозамі суверэнітэту краіны.

Выява мае ілюстрацыйны характар. Дзень Незалежнасці ў Менску, Беларусь. 3 чэрвеня 2022 года.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Беларусь – адзіная краіна на постсавецкай прасторы, дзе святкуюць 7 лістапада (з 1995 года), і адзіная ў Еўропе, дзе ўжываюць смяротнае пакаранне. У якасці іншых савецкіх рэалій – сістэма выканкамаў, БРСМ, газета «Советская Белоруссия» (з 2018 года – «СБ. Беларусь сёння»), назвы вуліц-плошчаў, манументы, барацьба з іншадумствам, гістарычнай памяццю і нацыянальнай самасвядомасцю, пераслед за нацыянальныя сімвалы як нібыта фашысцкія, гатоўнасць пазбаўляць грамадзянства, а таксама памяць аб Вялікай айчыннай вайне як аснова ідэалогіі.

Прыднястроўе: савецкі запаведнік

Непрызнаная Прыднястроўская Малдаўская Рэспубліка («ПМР») з’явілася як жаданне большасці жыхароў левабярэжнай Малдовы атрымаць аўтаномію ў рамках СССР (як ПМССР) і затым незалежнасць ад Малдовы. 98% жыхароў Прыднястроўя галасавалі за захаванне СССР, улады рэгіёну падтрымлівалі «ГКЧП».

Рэгіён стаў такім у выніку савецкіх рэпрэсій і дэпартацый з наступным засяленнем Прыднястроўя выхадцамі іншых тэрыторый. Да таго ж менавіта тут дыслакаваліся савецкія воінскія часткі.

Калі б не ўмяшанне расейскіх вайскоўцаў падчас грамадзянскай вайны 1992 года, Прыднястроўе было б паўнавартаснай часткай Малдовы (і, магчыма, рэгіёнам Румыніі ў выпадку аб’яднання роднасных краін). Войскі РФ знаходзяцца ў «ПМР» да гэтага часу, хоць Масква павінна была вывесці іх яшчэ да 2001 года.

Сімвалы «ПМР» – сцяг і герб Малдаўскай ССР, другі дзяржаўны сцяг – расейскі; на яе тэрыторыі забаронена выкарыстоўваць лацінскі шрыфт малдаўскай мовы, у 90% выпадкаў дзяцей вучаць на расейскай мове.

Непрызнаную нікім Рэспубліку ўтрымлівае РФ (бясплатны газ, пенсіі і дапамогі), у «ПМР» працуюць прыёмныя «Единой России» и ЛДПР, выдаюцца расейскія пашпарты і 97% прыднястроўцаў у 2006 годзе прагаласавалі за далучэнне да Расеі.

Лічыцца, што непрызнанай Рэспублікай фактычна кіруе холдынг «Шэрыф». З-за захавання многіх савецкіх стандартаў і бытавых прадметаў складваецца ўражанне, што Прыднястроўе застыла ў часе, засталося ў СССР.

Украіна: дэсаветызацыя ў працэсе

Адзіная са славянскіх рэспублік былога СССР, якая правяла дэкамунізацыю. Праўда, далёка не адразу і збольшага вымушана – пасля Рэвалюцыі годнасці, анэксіі Крыма і пачатку вайны на Данбасе. Гэта значыць пачала пазбаўляцца ад савецкага мінулага толькі восем гадоў таму. Ці дзевяць, калі лічыць ад зносу помніка Леніну на Крэшчаціку.

Да 2004 года Украінай кіравалі былы сябар ЦК КПСС Леанід Краўчук (1991–1994), а затым прасоўваў ідэю партнёрства з РФ Леанід Кучма (адзіны з прэзідэнтаў Украіны змог абрацца на другі тэрмін), а ў Вярхоўнай Радзе да восені 2014 года пастаянна засядала кампартыя (мела фракцыю да 121 месца). Таксама праходзілі бар’ер сацыялісты Аляксандра Мароза і прагрэсіўныя сацыялісты Наталлі Вітрэнка.

У першым туры прэзідэнцкіх выбараў 1999 года трыо Сіманенка-Мароз-Вітрэнка набрала 44,5%, а камуніст Пётр Сіманенка, які выйшаў з Кучмам у другі тур, атрымаў 37,8% галасоў. У нулявых уплыў левых моцна ўпаў, а галасы прарасейскага электарату перайшлі да Партыі рэгіёнаў і ёй падобных. Прычым Партыя рэгіёнаў выйгравала парламенцкія выбары 2006, 2007, 2012 гадоў (дзякуючы чаму фармавала ўрад), а яе прадстаўнік Віктар Януковіч – прэзідэнцкія выбары-2010.

Выява мае ілюстрацыйны характар. Дзень Перамогі ў Сафіі, Балгарыя. 9 мая 2022 года.
Фота: Reuters Photographer / Reuters / Forum

У плане кіравання на месцах Украіна – гэта Расея наадварот: кіраўнікі рэгіёнаў прызначаюцца, а мэры абіраюцца. Але, як і ў РФ, цэнтрам улады ў краіне з’яўляецца адміністрацыя прэзідэнта (пры Віктару Юшчанка называлася сакратарыятам прэзідэнта, з 2019 года – офіс прэзідэнта). Аднапалатны парламент захаваў савецкую назву – Вярхоўная Рада (гэта значыць Вярхоўны Савет).

Аддаляцца ад савецкага мінулага і сучаснай РФ Украіна афіцыйна пачала ў 2005–2010 гадах, пры прэзідэнце Юшчанку, які рабіў націск на ідэнтычнасць, культуру, гісторыю, і нямала папрацаваў для прызнання Галадамору генацыдам, а ваяроў Украінскай паўстанцкай арміі ўраўнаваў у правах з ветэранамі Чырвонай Арміі – што нязменна выклікала буру абурэння ў Маскве.

У «другую віктарыянскую эру», гэта значыць пры Януковічу, пачаўся адваротны рух (многія ўкраінцы памятаюць, як дрэнна прэзідэнт і прэм’ер гаварылі па-ўкраінску – «йолка» і «кровосиси» сталі мемамі).

«Ленінапад» і абвешчаная пятым прэзідэнтам Пятром Парашэнкам дэкамунізацыя сталі часткай памкнення Украіны на Захад, у Еўрапейскі Звяз. Ці стала Украіна менш савецкай пры Уладзіміры Зяленскім, яшчэ цяжка сказаць. Напрыклад, яго манера зносін з чыноўнікамі аднолькава нагадвала як партыйных бонзаў, так і «эфектыўных менеджараў».

Вядома, што Уладзімір Пуцін не любіць Уладзіміра Ульянава (Леніна), лічыць яго вінаватым у распадзе СССР – з-за канфедэратыўнасці і наразання межаў. Аднак масавы знос помнікаў Ільічу выклікаў незадаволенасць Крамля. Перад нападам 24 лютага Пуцін называў Леніна архітэктарам Украіны, яе стваральнікам. Магчыма, менавіта таму на акупаваных тэрыторыях ледзь ці не першай справай ставяць помнікі Леніну і зноў называюць яго імем вуліцы і плошчы.

Адзіныя рэгіёны Украіны, дзе дэкамунізацыі пакуль што не было – Крым, «ДНР» і «ЛНР».

Іван Аляксееў / Авер belsat.eu

Стужка навінаў