Хто тут пятая калона?

Ці ўсе грамадскія арганізацыі і нават дробныя суполкі знішчаныя ў Беларусі? Здавалася б, што нічога ўжо не засталося. Мы толькі пасля таго, як пачалася татальная зачыстка грамадзянскай супольнасці, даведаліся, колькі ж у нас было розных таварыстваў, у якія ўваходзілі людзі, аб’яднаныя агульнымі інтарэсамі далёка па-за палітыкаю. Пад раздачу трапілі і пчаляры, і аматары матылькоў, і калекцыянеры, і аматары птушак, і юныя натуралісты… А ўжо спісы тэлеграм-каналаў, якія пачкамі прызнаюць экстрэмісцкімі, нават не выклікаюць ужо каментароў, бо ўсе словы сказаныя…

І тут раптам высвятляецца, што ёсць арганізацыі, афіцыйна зарэгістраваныя ў Міністэрстве юстыцыі, па якіх каток рэпрэсіяў не прайшоўся ніякім чынам. Наадварот, яны, што называецца, квітнеюць, а іх сябры могуць збірацца і праводзіць канферэнцыі ў камфортных умовах, не баючыся, што ў любы момант людзі ў чорным з дручкамі ў руках уварвуцца ў дзверы, пакладуць іх тварам на падлогу, а потым па адным закінуць у аўтазак і павязуць, збіваючы і абражаючы, у смярдзючыя турэмныя камеры. І гэта, зразумела, не БРСМ ці «Белая Русь». Не. Гэта дробненькія арганізацыі, але ім даюць магчымасць збірацца. І не дзе-небудзь, а ў амбасадзе. У амбасадзе Расеі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ALEXANDER ERMOCHENKO / Reuters / Forum

Адказ хаваецца ў назвах: Белорусское общественное объединение «Русь», Международное общественное объединение «Русь единая», Культурно-просветительское общественное объединение «Преображение», Культурно-просветительское общественное объединение «Наша Русь», Республиканское общественное объединение «Русское общество», Витебское общественное объединение «Русский дом», Общественное объединение «Белорусский союз блокадников Ленинграда», Белорусский литературный союз «Полоцкая ветвь» ды іншыя.

У ХIV Рэспубліканскай канферэнцыі беларускіх грамадскіх аб’яднанняў расейскіх суайчыннікаў удзельнічала ажно 16 такіх арганізацыяў. Тэма сустрэчы гучыць крыху дзіўна: «Захаваем гістарычную праўду». Можа, гэтую канферэнцыю за ўсімі цяперашнімі падзеямі ніхто б і не заўважыў, калі б ні фармулёўка выніковай рэзалюцыі: падтрымаць «правядзенне Расеяй спецыяльнай ваеннай аперацыі па дэмілітарызацыі і дэнацыфікацыі Украіны і абароне насельніцтва Данбасу, а таксама рашэнне аб уключэнні ў склад Расейскай Федэрацыі чатырох новых субʼектаў, заснаванае на свабодным волевыяўленні жыхароў ДНР, ЛНР, Запарожскай і Херсонскай вобласцяў».

Аналітыка
Херсон вызвалілі, а што было далей? Галоўнае пра вайну ва Украіне за два тыдні
2022.11.24 12:30

То бок нягледзячы на тое, што ў тую ж Беларусь бягуць іх суайчыннікі ад мабілізацыі, каб не загінуць на франтах Украіны дзеля вар’яцкіх ідэяў крамлёўскіх кіраўнікоў, гэтыя «таварышы» збіраюцца на канферэнцыю і галасуюць за рэзалюцыю, нібыта вайна пачалася толькі што. Гэта пры тым, што іх суайчыннікі ўжо і не ўжываюць гэтага слова, «спецаперацыя», а адкрыта кажуць пра вайну: і калі атрымліваюць сваякоў у трунах, і калі штурмуюць межы суседніх краінаў, каб збегчы як мага далей ад сваіх ваенкаматаў, і калі здаюцца ў палон. Але пытанне нават не ў тым, як яны называюць вайну. Усё нашмат горш. Гэтыя людзі жывуць і працуюць у нашай краіне. Іх дзеці і ўнукі ходзяць у адны школы з беларускімі. А яны самі ўхваляюць расейскую агрэсію.

Адразу згадваецца, як падчас акупацыі Крыму прарасейскія жыхары паўвострава называлі акупацыю вызваленнем. Пры гэтым яны добра ведалі, што шмат украінскіх афіцэраў і прадстаўнікоў інтэлігенцыі падчас гэтага «вызвалення» трапілі ў турмы, што шмат людзей вымушаныя былі бегчы, каб ратаваць сваё жыццё і свабоду. Гэтыя людзі хадзілі з імі ў адзін дзіцячы садок, сядзелі за партай у школе, вучыліся ў інстытутах, хадзілі да іх у госці. А потым высветлілася, што лічылі іх ніжэйшымі за сябе і радуюцца, што тыя пазбавіліся сваіх дамоў. Для мяне гэта заўсёды было самым балючым. Бо можна казаць пра нейкія геапалітычныя планы палітыкаў без канкрэтыкі, а тут жа школьныя сябры, супольныя паходы, першае каханне… Немагчыма зразумець нават, калі тысячу разоў сказаць пра ўплыў прапаганды. Прапаганда – гэта пра мазгі, а як жа быць з сэрцам?..

Калі ўжо параўноўваць сітуацыю з расейскай прапагандай у тагачасным Крыме і ў Беларусі, то ў нас сітуацыя значна горшая. Мала таго, што ўсцяж транслююцца расейскія тэлеканалы, у некаторых бібліятэках праходзяць падзеі ў абарону расейскай мовы. У «Доме Масквы» днямі расейскі амбасадар Барыс Грызлоў выказаўся, што «цікавасць да вывучэння мовы Дастаеўскага і Мендзялеева па-ранейшаму вялікая ва ўсім свеце, а ў тых краінах, дзе супраць расейскай мовы абʼяўлены «крыжовы паход», расце пагроза расколу грамадства і ўзнікнення грамадзянскіх войнаў». Ужо, здаецца, увесь свет ведае гэтую тактыку ўзнікнення «грамадзянскіх войнаў» і «міратворчую» сутнасць палітыкі Расеі.

Барыс Грызлоў на лінейцы ў школе №50 у Менску.
Фота: Амбасада Расейскай Федэрацыі ў Беларусі

Мы з’яўляемся сведкамі таго, як то ў адным, то ў другім месцы Беларусі адкрываюцца Расейскія дамы. Нядаўна ў Берасці пачаў дзейнічаць Расейскі цэнтр. І зноў жа, паралелі з Украінай. Нікуды ад іх не падзецца. Там таксама аналагічныя, толькі не ў асобных вялікіх будынках, а пад дахам некаторых бібліятэк, адкрываліся і дзейнічалі такія цэнтры ў Данецку, у Харкаве. Там таксама ўсё пачыналася з бібліятэк, з канферэнцыяў пад нявіннымі культурніцкімі назвамі, а ўжо потым прыйшлі зялёныя чалавечкі. У нас жа гэтыя чалавечкі ўжо некалькі месяцаў ездзяць па нашых дарогах, узлятаюць бамбіць Украіну з нашых аэрадромаў і страляюць ракетамі з нашай зямлі.

Тады паўстае пытанне: навошта расейцы так паслядоўна і планамерна адкрываюць гэтыя цэнтры на нашай тэрыторыі і ладзяць сустрэчы з актывам прарасейскіх арганізацыяў? Маюць нейкія планы адносна нашай тэрыторыі і не давяраюць народу пасля падзеяў 2020-га? Ці не з гэтай прычыны рукамі беларускіх сілавікоў так змагаліся з нацыянальнай сімволікай? Ці не дзеянні партызанаў ад самага пачатку вайны і ўдзел беларусаў у войску на баку Украіны даюць падставы ствараць сетку арганізацыяў, на якія можна будзе абаперціся ў свой час? І калі прыйдзе той час?

Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што ўсё ж адна «русскомирская» арганізацыя была зліквідаваная Віцебскім абласным судом. Адбылося гэта 3 жніўня. «Разабраліся» з віцебскім аб’яднаннем «Русская община». Летась кіраўнік прадстаўніцтва «Россотрудничества» ў Беларусі Эдуард Крусткалн сустракаўся з кіраўнікамі і актывістамі арганізацыяў суайчыннікаў Віцебску. Ён тады паставіў перад віцебскімі «русскомирцами» новую мэту: актывізаваць прасоўванне інтарэсаў кіроўных колаў суседняй дзяржавы ў галіне адукацыі, культуры і навукі, а таксама звярнуў увагу на галоўную мэтавую групу – маладое пакаленне беларусаў. Пад гэта нават абяцаў фінансавую дапамогу. Чаму раптам беларускія ўлады пастанавілі зліквідаваць менавіта віцебскую «Русскую общину», адказу няма. Можа, нейкія ўнутраныя канфлікты.

Меркаванні
Вельмі патрэбныя грошы
2022.11.30 14:00

Але на маёй памяці была яшчэ адна ліквідацыя арганізацыі «русскомирского» кірунку. Тады была яўная і відавочная фармальная прычына: спісы арганізацыі не прайшлі праверкі, і не выконваўся заяўлены статут. Ад пракуратуры выступаў сын Лідзіі Ярмошынай Аляксей. Прадстаўнікі арганізацыі больш нагадвалі персанажаў камедыі – пераапранутыя казакі, жанчыны ў сарафанах і хустках з іконамі ў руках. Гэтую кампанію часам можна было назіраць каля прыёмнай адміністрацыі Лукашэнкі. Яны туды перыядычна наведваліся з рознымі петыцыямі, у прыватнасці, адмяніць лічбы на грашовых купюрах, бо такім чынам нячысцікі нібыта замбуюць людзей. Хутчэй за ўсё, яны дзейнічалі ад імя сваёй арганізацыі. Падчас перапынку кампанія аднадумцаў пачала пагражаць расправай прадстаўніку пракуратуры. Ды так, што мне давялося ўпершыню ў сваім жыцці самой бегчы да ахоўнікаў суда, каб тыя выратавалі чалавека ў судовай зале.

У кіраўніцтва гэтай арганізацыі тады фармальна ўваходзіла Валянціна Цяплова, жонка прафесара Ігара Аржахоўскага, які быў сябрам «Славянскага сабору Белая Русь». Ідэйнай платформай гэтай партыі было русафільства і панславізм. Галоўная мэта – наданне расейскай мове дзяржаўнага статусу, супраць арыентацыі на Еўропу і за паглыбленне сувязяў з Расеяй да поўнага абʼяднання. Менавіта Ігар Аржахоўскі падчас абмеркавання на тэлебачанні фільму Юрыя Азаронка «Ненависть. Дети лжи», які абурыў беларускую грамадскасць грубымі фальсіфікацыямі, папрасіў «ад імя прафесарска-выкладчыцкага складу ўніверсітэту» паўтарыць паказ фільму. Сваю просьбу ён матываваў тым, што не ўсе паглядзелі гэты фільм. Цяжка нават паверыць, што былі такія часы, калі трэба было прасіць паказваць такія фільмы. Потым яго круцілі ўжо без просьбаў.

Ці да канца мы ўсведамляем, наколькі небяспечныя такія арганізацыі? Якую ролю выконваюць іх прадстаўнікі ў нашай краіне? Што нясе папулярызацыя сімвалаў агрэсіі? Мне згадваецца падземны паркінг «Прэзідэнт-гатэлю» ў часе акупацыі Крыму і Данбасу. У Менску тады практычна немагчыма было пабачыць гвардзейскія стужкі. А тут амаль кожная машына з гэтымі стужкамі не толькі на лабавым шкле, але нават вакол нумарных знакаў. Машыны былі дарагія, новенькія, прэміум класу. Працаўнік паркоўкі сказаў, што яны належаць супрацоўнікам адміністрацыі Лукашэнкі. Якая розніца ў якіх аддзелах працуюць іх уладальнікі? Значна важнейшае пытанне, чый загад будуць выконваць гэтыя людзі ў выпадку нападу, у чыіх інтарэсах будуць яны дзейнічаць.

Любоў Лунёва belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў