«Можна зладзіць сазвон у «Зуме» з могілак». Як перажываць Дзяды ў вымушанай эміграцыі – парады псіхолага і святара


У пачатку лістапада беларусы адзначаюць Дзяды – дзень успаміну памерлых блізкіх. Сем’і ладзяць адмысловыя вячэры, падчас якіх згадваюць сваіх спачылых сваякоў, ходзяць на могілкі, у царкву ці касцёл. Цягам апошніх трох гадоў шмат беларусаў у вымушанай эміграцыі сутыкнуліся з немагчымасцю наведаць месцы пахаванняў сваіх бацькоў ды іншых сваякоў, прыбрацца, паставіць зніч. Што рабіць у такіх сітуацыях? Як даць сабе рады з магчымым сумам, пачуццём віны? Як перажываць Дзяды, калі ты не ўдома? Задалі гэтыя пытанні псіхолагу і святару.

Паванзкоўскія могілкі. Варшава, Польшча. 20 кастрычніка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Захаваць сямейныя традыцыі, прыбраць найбліжэйшыя закінутыя могілкі

Калі ў вашай сям’і на радзіме заўсёды адзначалі Дзяды, хадзілі на могілкі, згадвалі памерлых блізкіх, а цяпер вы пазбаўленыя такой магчымасці, бо за мяжой і не можаце прыехаць дамоў, можна пастарацца прытрымлівацца сямейных традыцыяў і рытуалаў. Гэта дапаможа захаваць душэўную раўнавагу і сувязь з домам, сваякамі, сваім былым жыццём, мяркуе псіхолаг Наталля Скібская:

«Можна і ў новай краіне рабіць тое, што заўсёды рабілі ў вас у сям’і: вячэру, нейкія стравы, якія гатаваліся менавіта на Дзяды».

Вельмі добры спосаб перажыць у эміграцыі дзень ушанавання памерлых – наведаць любыя блізкія могілкі, мяркуе адмыслоўца. Сярод магілаў можна проста прайсціся, падумаць, паўспамінаць, паставіць знічы ці прыбрацца на закінутых могілках:

«Мне самой такое дапамагло, я так рабіла – знайшла занядбаную магілу, было бачна, што туды ніхто не прыходзіць, і я там прыбралася. Я на сваім досведзе магу сказаць, што гэта працуе. Хто ведае, чаму на гэтую магілу ніхто не прыходзіць? У людзей могуць быць розныя прычыны. Я прыбяруся на ёй, магчыма, гэтак хтосьці прыбярэцца на магілах маіх родных, на якія я не магу прыйсці».

Каб захаваць сувязь з радзімай і каранямі, на дапамогу могуць прыйсці сучасныя тэхналогіі.

«Калі ўдома засталіся сваякі ці сябры ды яны ідуць на могілкі на Дзяды, можна папрасіць іх зарганізаваць сазвон у «Зуме» ці ў іншым мэсэнджары праз відэасувязь. Вы пабачыце іх, магілкі родных, адчуеце, што не ўсе сувязі разарваныя. Гэта можа падтрымаць», – кажа псіхолаг.

Даць сабе права на сум па радзіме і доме

Калі сум па родных асобах і мясцінах у гэтыя дні ці ўвогуле ў любы іншы перыяд робіцца невыносны, калі хочацца ўсё кінуць і ехаць на родныя могілкі, дамоў, то трэба знаходзіць сродкі, каб пераключыць увагу. Наталля Скібская раіць не заставацца ў такім стане за мяжой у адзіноце:

«Звычайна даць рады самастойна з такімі станамі вельмі цяжка. Трэба шукаць, дзе гэтыя пачуцці можна размясціць. Гэта можа быць тэрапеўт ці іншыя людзі, якія маюць такую ж сітуацыю і гатовыя пра гэта паразмаўляць. Бо калі нам невыносна, гэта значыць, што ў нас няма рэсурсу, каб самастойна даць рады, нам патрэбны іншы чалавек, з якім мы можам гэтымі пачуццямі падзяліцца».

Паванзкоўскія могілкі. Варшава, Польшча. 20 кастрычніка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Псіхолаг раіць не адмаўляць і не душыць сваіх пачуццяў ды жаданняў:

«Калі вам хочацца дамоў, адчуйце сваё жаданне. Гэта не значыць паддацца свайму штуршку і паехаць на радзіму. Але прызнаць у сабе гэтае жаданне і права на гэтае жаданне магчыма. Сказаць – так, я вельмі сумую, я вельмі хачу, я вельмі стаміўся, мне хочацца дамоў. Гэтаму суму, гэтаму жаданню даць месца ў сваёй душы. Бо калі яго запіхваць некуды, яно потым можа выліцца ў неабдуманыя дзеянні, калі яно становіцца настолькі невыносным, што застаецца толькі зрабіць тое, што хочацца і ў чым ты сабе адмаўляеш».

Каб не адчуваць віны за тое, што магілы родных стаяць закінутымі і на іх ніхто не прыходзіць, спадарыня Наталля раіць дыстанцыйна зарганізаваць прыбіранне:

«Калі няма сваякоў, сяброў, цяпер з’явіліся службы, якія могуць прыбраць магілкі за грошы. Агулам, калі праблему можна развязаць за грошы, гэта не праблема, як кажуць габрэі. Можна знайсці асобу, якая будзе прыбірацца на могілках і яшчэ вам фотаздымак дашле. Неабавязкова рызыкаваць сваёй свабодай і нават жыццём ды выдаваць яшчэ большыя сродкі, каб ехаць. Ці будзе вашым блізкім добра, калі вы будзеце ў турме?»

Дзяды і Дзень усіх святых – у чым розніца?

Яшчэ адзін вельмі добры спосаб перажыць у эміграцыі дзень успаміну сваіх памерлых блізкіх – маліцца за іх. Малітву раяць і псіхолагі, і святары. У якім месцы будзе адбывацца малітва, у якой царкве, на якіх могілках, не мае значэння, калі няма магчымасці пайсці менавіта ў сваю царкву і на месца пахавання сваіх блізкіх, кажа ксёндз Зміцер Прыступа. Ён сам таксама быў вымушаны ўцякаць з Беларусі ад пераследу і цяпер служыць у парафіі Святога Язэпа, Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лодзі.

Інтэрв’ю
Ксёндз Зміцер Прыступа: «Каля труны Хрыста стаяла варта, але Ён уваскрос. Не губляйма надзеі»
2023.04.09 12:00

Ксёндз нагадвае: паводле каталіцкай традыцыі, у пачатку лістапада ёсць два дні, прысвечаныя ўспаміну памерлых. Перажываць іх беларусам у Польшчы даволі проста, бо польская і беларуская каталіцкія традыцыі ўшанавання памерлых аднолькавыя.

1 лістапада адзначаюць Дзень усіх святых – тых, якія не былі афіцыйна абвешчаныя Апостальскаю сталіцай, усіх, якіх мы не ведаем:

«У гэты дзень мы ходзім на могілкі, бо гэта таксама святое месца, дзе могуць быць пахаваныя целы святых».

Паванзкоўскія могілкі. Варшава, Польшча. 20 кастрычніка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

2 лістапада – Дзяды, ці, паводле каталіцкай тэрміналогіі, Дзень усіх верных памерлых.

«У гэты дзень мы згадваем усіх нашых спачылых блізкіх, знаёмых, дабрадзеяў, што былі прысутныя тут на зямлі ў нашым жыцці. Мы таксама ідзём на могілкі, каб дзякаваць Богу за іхнае жыццё, за ўсё тое дабро, якое мы атрымалі ад іх падчас іхнага зямнога жыцця. Мы молімся, каб яны маглі як найхутчэй аглядаць Божае аблічча, калі яны яшчэ ў чыстцы. Бо паводле каталіцкага веравызнання, ёсць пекла, ёсць рай, а ёсць чысцец – месца пакуты за грахі, адпушчаныя падчас зямнога жыцця. Сваймі малітвамі мы можам дапамагаць душам хутчэй выйсці адтуль на неба, – тлумачыць ксёндз Зміцер. – Калі мы ў гэты перыяд цягам васьмі дзён ходзім на могілкі і молімся ў інтэнцыях Святога Айца ці бяром удзел у святой імшы ды прымаем святую камунію, мы можам атрымаць адпуст караў за грахі для душаў нашых памерлых блізкіх».

«Бог ведае нашую сітуацыю і выслухае шчырую малітву за нашых памерлых»

Калі побач няма касцёлу ці каталіцкіх могілак, на Дзяды можна пайсці ў царкву і на любыя хрысціянскія могілкі – праваслаўныя, лютэранскія, евангелісцкія ды іншыя, кажа святар.

Паванзкоўскія могілкі. Варшава, Польшча. 20 кастрычніка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Безумоўна, вельмі важна, дзе пахаванае чалавечае цела, але, дзякуючы таму, што душа не мае ані часу, ані прасторы, нашыя малітвы таксама не маюць ані часу, ані прасторы. Таму цалкам магчыма браць удзел у набажэнствах у даступным касцёле ці маліцца на могілках, якія нам даступныя. Гэта практычна раўназначна таму, што мы молімся каля магілаў нашых памерлых блізкіх. У фізічным сэнсе, як людзі, якія жывуць тут, на зямлі, мы маем патрэбу прысутнічаць каля канкрэтнай магілы, але калі пяройдзем у духоўны сэнс, то нашыя малітвы, нягледзячы на мяжу, якая ёсць на зямлі, у любым выпадку трапяць да той магілкі, каля якой мы хочам быць».

Імшу за памерлых можна замовіць у касцёле ў сваім родным горадзе, там, дзе пахаваныя сваякі. На ёй пажадана прысутнічаць, але калі гэта немагчыма, можна схадзіць у касцёл ці царкву там, дзе вы цяпер.

«Бог не сядзіць з кніжачкай у руках і не глядзіць, на якіх мы могілках ці ў якой царкве мы молімся. Ён ведае нашую сітуацыю і нашыя магчымасці ды напэўна выслухае нашую шчырую малітву за нашых блізкіх памерлых», – кажа святар.

Беларусы Лодзі летась збіраліся на малітву за памерлых блізкіх у касцёле, а таксама наведвалі мясцовыя могілкі, дзе пахаваныя беларусы, прыбіраліся там. Сёлета таксама плануюцца такія супольныя актыўнасці і малітвы, адзначае ксёндз Зміцер. Таксама летась у апошнія дні кастрычніка ладзілі святую імшу за душы беларускіх дзеячаў, закатаваных у Ноч расстраляных паэтаў, і агулам усіх ахвяраў камунізму.

«На гэтую імшу ў сваіх запісках людзі таксама прыносілі імёны сваіх памерлых сваякоў. Мы іх далучаем да нашых спачылых славутых землякоў і разам молімся за супакой іхных душаў. І сёлета таксама будзем маліцца», – кажа ксёндз Зміцер.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў