Сайт царквы «Новае жыццё» прызналі «экстрэмісцкім». Таксама – відэа вернікаў з 2020 года


Сайт пратэстанцкай царквы «Новае жыццё» прызнаны судом Маладзечанскага раёну «экстрэмісцкім». Такое рашэнне суд прыняў яшчэ 25 жніўня. Пра гэта паведамляе працоўная група «Хрысціянская візія».

Пратэстанцкія вернікі святкуюць Вялікдзень каля будынку царквы «Новае жыццё». Менск, Беларусь. 3 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Яшчэ раней, 23 жніўня, вернікі «Новага жыцця» атрымалі інфармацыю аб прызнанні «экстрэмісцкімі» профілю царквы на «Інстаграме» і відэароліку на «Youtube» ад 21 лістапада 2020 года, які называўся «Пазіцыя хрысціян царквы «Новае жыццё». Пракуратура пабачыла ў тым відэа «дэструктыўны змест».

Таксама пракуратура Менску ацаніла пост на «Інстаграме» ад 17 жніўня 2020 года з фотаздымкамі вернікаў, якія сталі ў малітоўны ланцуг, каб выказаць сваю пазіцыю супраць гвалту, які чынілі «сілавікі» пасля выбараў. Пракуроры палічылі, што такія фота «падрываюць аўтарытэт дзейнай улады».

Раней рэжым пазбавіў вернікаў малітоўнага будынку і зямельнага надзелу – будынак царквы быў зруйнаваны. У сярэдзіне жніўня супрацоўнікі ГУБАЗіКу прыйшлі да пастара царквы «Новае жыццё» Вячаслава Ганчарэнкі. У ягоным доме адбыўся ператрус, святара затрымалі, за кратамі ён прабыў 10 содняў.

Як паведамляюць праваабаронцы, разам з «Інстаграмам» і відэа «Новага жыцця» так званы спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнілі таксама Telegram-каналы і чаты «Usov Pavel», «Юго-Запад г. Минска», «Чат Юго-Запада г. Минска», старонка ў сацсетцы «ВКонтакте» «Виталий Свито» і суполка ў «Аднакласніках» «Светлогорск».

Hавiны
Пастар царквы «Новае жыццё»: «Ніхто не застанецца непакараным, хто дакрануўся да святога»
2023.06.21 11:37

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў