Кіберпартызаны: У Расеі распрацавалі сістэму, здольную прадказваць рост негатыву ў грамадстве


Кіберпартызаны абнародавалі звесткі пра новую сістэму «Вепрь», якая будзе здольная выяўляць незадаволенасць у грамадстве на ранніх стадыях і прадказваць, як яна будзе распаўсюджвацца. Падобная сістэма можа пачаць працаваць і ў Беларусі.

Скрыншот з відэа
Фота: «Партызанская хваля»

Для палітычных мэтаў

Сістэму пад назваю «Вепрь» збіраюцца пачаць выкарыстоўваць у Расеі да 2024 года. Яна заснаваная на штучным інтэлекце і мае поўную назву «Інфармацыйная сістэма ранняга выяўлення пагрозаў у інфармацыйнай сферы і прагназавання рызыкаў іх узнікнення ІС «Вепрь». Яе галоўная задача – выяўляць незадаволенасць у грамадстве на ранніх стадыях і прадказваць, як менавіта яна будзе распаўсюджвацца надалей. Гэта значыць, сістэма будзе здольная знаходзіць найменшыя каментары з крытыкаю і прагназаваць, ці не могуць яны прывесці да пратэстаў у горадзе, у пэўнай акрузе ці ў краіне ў цэлым.

Пры высокіх рызыках узнікнення пратэставых настрояў інфармацыя будзе адразу ж накіроўвацца на адрас сілавікоў, каб згасіць незадаволенасць на пачатковых этапах.

Пры гэтым, як адзначаецца, штучны інтэлект сістэмы «Вепрь» збіраюцца выкарыстоўваць у асноўным для палітычных мэтаў – супраць тых, хто выказвае незадаволенасць палітычнай сітуацыяй у краіне.

Кіберпартызанам удалося атрымаць дакументы пра сістэму «Вепрь» пры ўзломе сеткі Галоўнага радыёчастотнага цэнтру – даччынай арганізацыі Раскамнагляду (ГРЧЦ), менавіта гэтаму ведамству была даручаная рэалізацыя праекту.

Кім вядзецца распрацоўка

Праца дзеля стварэння сістэмы пачалася ў канцы 2021 года. Пасля адпаведнага запыту ГРЧЦ Маскоўскі фізічна-тэхнічны інстытут даў станоўчую выснову пра тое, што цалкам магчымым ёсць стварэнне штучнага інтэлекту, які здольны не толькі выяўляць незадаволенасць палітычнымі дзеячамі, але і распрацоўваць сцэнары яе распаўсюджання, прадказваць, як менавіта шырыцца крытыка ў сеціве і да якіх наступстваў прыводзіць. Аднак уласна за распрацоўванне сістэмы інстытут не ўзяўся.

Інтэрфейс сістэмы «Вепрь».
Фота: скрыншот з відэа на канале «Партызанская хваля»

Непасрэднае распрацоўванне сістэмы распачало ТАА «НеоБІТ» – кампанія са штатам 150 працаўнікоў, сярод партнёраў якой былі расейскія ФСБ, Міністэрства абароны, Служба замежнай выведкі, МУС, Федэральная служба тэхнічнага і экспартнага кантролю Расеі. У красавіку 2021 года «НеоБІТ» была нават занесеная ў санкцыйны спіс ЗША за ўдзел у кібераперацыях ФСБ.

Згодна з дакументамі, якія трапілі ў рукі кіберпартызанаў, над сістэмай «Вепрь» працавалі 15 работнікаў «НеоБІТ». Агулам на распрацоўванне закладзеная сума 694 мільёны расейскіх рублёў.

Як працуе сістэма

Звесткі ў сістэму «Вепрь» паступаюць з іншай сістэмы – «МІР» (поўная назва – «Маніторынг інфармацыйных рэсурсаў»), якая выкарыстоўваецца з кастрычніка 2022 года. Галоўная задача сістэмы «МІР» – збор інфармацыі з усяго расейскамоўнага інтэрнэту. Першапачаткова яна настроеная на маніторынг адкрытых рэсурсаў, але з дапамогай фермы ботаў, якія выглядаюць і камунікуюць як людзі, Раскамнагляд з часам мае намер трапляць і ў закрытыя супольнасці.

Цяпер сістэма «МІР» збірае тэкставую інфармацыю, але ў будучыні плануецца маніторыць у тым ліку відэа і графічны кантэнт. Пасля гэтага ўсе матэрыялы будуць адпраўляцца на аналіз у сістэму «Вепрь». А вось ужо штучны інтэлект гэтай сістэмы будзе знаходзіць тэксты з выказанай незадаволенасцю, прагназаваць кірункі яе разрастання і, галоўнае, вызначаць крыніцу гэтай незадаволенасці – першую публікацыю, з якой пачалася пагроза.

Сярод усіх матэрыялаў «Вепрь» адсочвае колькасць паўторных публікацыяў, а таксама іншыя параметры распаўсюду інфармацыі. У выпадках, калі рост колькасці і хуткасці публікацыяў перавышае нейкі парогавы ўзровень, сістэма вызначае сітуацыю як імаверную пагрозу і паведамляе пра гэта аналітыку Раскамнагляду, а працаўнік цэнзуры, адзначаюць кіберпартызаны, прымае рашэнне заблакаваць і выдаліць кантэнт яшчэ на ранніх стадыях абмеркавання, а таксама перадаць інфармацыю аб незадаволеных каментатарах у адпаведныя органы.

Кіберпартызаны лічаць, што калі сістэму «Вепрь» задзеюць згодна з планам, гэта прывядзе да ўзмацнення дыктатуры і татальнага кантролю грамадства з невысокімі шанцамі на які-небудзь пратэст у краіне. А ў выпадку, калі Расея будзе працягваць паглынанне нашай краіны, то сістэма «Вепрь» пачне маніторыць і беларускія сацыяльныя сеткі.

Кіберпартызаны паабяцалі апублікаваць дакументы, якія звязаныя з працай гэтай сістэмы.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў