Кобрынскі чыноўнік гадамі тэрарызуе падначаленых. А яму за гэта даюць граматы


Кобрынскі чыноўнік і «моцны гаспадарнік» Дзмітрый Місюк са сваймі злоўжываннямі не першы год трапляе ў поле зроку беларускіх медыяў. Але ўсё гэта не перашкаджае яму займаць кіроўных пасадаў і надалей парушаць правы рабочых.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Ад ветэрынара да дэпутата

Дзмітрый Місюк працаваў галоўным ветэрынарам Кобрынскага раёну, пакуль яго ў снежні 2011 года не прызначылі дырэктарам Кобрынскай птушкафабрыкі.

У 2012 годзе Місюк ужо балатаваўся ў парламент ад праўладнай Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці. Але выконваў перадусім ролю кандыдата-спойлера для дзейнага дэпутата Аляксандра Зазулі, на карысць якога і зняўся з «выбараў». Самога Місюка праз два гады пасля гэтага зрабілі дэпутатам Кобрынскага райсавету, дзе перад тым старшынёю была Таццяна Місюк. Ці звязаныя паміж сабою гэтыя Місюкі, невядома.

У пачатку 2016 года кобрынскі дэпутат пайшоў на павышэнне ў суседні Драгічынскі раён, дзе заняў пасаду намесніка старшыні выканкаму, адказнага за сельскую гаспадарку.

«Скажыце, якая яшчэ еўрапейская краіна можа пахваліцца тым, што ў яе ўся вырабленая сельскагаспадарчая прадукцыя запатрабаваная? Дайце толькі якасць і аб’ём. А далей – трэба думаць і зніжаць выдаткі», – распавядаў чыноўнік у снежні 2016-га.

Праўда, вынікі ягонай працы былі далёкія нават ад папярэдніх: то вясна занадта вільготная, то лета занадта засушлівае.

Пагрозы, шантаж і падзяка

У хуткім часе Місюк з Драгічынскага вярнуўся ў родны Кобрынскі раён. З пасады намесніка старшыні Драгічынскага райвыканкаму – на пасаду намесніка старшыні калгасу «Батчы», дзе з ім упершыню і пазнаёміліся карэспандэнты «Белсату» ў снежні 2017 года. Паводле праваабаронцаў, нягледзячы на сваю пасаду намесніка, былы дэпутат кіраваў «яшчэ больш за таго, хто кіруе калгасам». Прычынаў, з якіх так рэзка панізілі чыноўніка, знайсці не ўдалося.

У сваім інтэрв’ю драгічынскім журналістам Місюк дзякаваў працаўнікам сяла «за няпростую, самаадданую працу, за адданасць зямлі і хлебаробскай справе», нізка кланяўся «ветэранам галіны за іх унёсак у дасягненні сённяшняга дня» і жадаў «усім моцнага здароўя, дабрабыту». Але ж рэчаіснасць была іншай.

Дзмітрый Місюк (у цэнтры) знаёміцца з Драгічынскім раёнам.
Фота: drogichin.by

Час працы калгаснікам у «Батчах» павялічвалі без адпаведнай аплаты, а маці васьмёх дзяцей з 23-гадовым стажам працы пасля інфаркту і клінічнай смерці так загружалі дадатковаю працаю, што жанчына зноў трапіла ў шпіталь.

Што цікава, пра злоўжыванні функцыянера пісала нават дзяржаўная «СБ» у студзені 2018-га. Тады малады заатэхнік з калгасу распавядала, як Місюк з дырэктарам прымушалі яе звольніцца, пазбаўлялі надбавак і гэтак далей. Прычым ахвяраю ціску стаў нават муж калгасніцы:

«Патэлефанаваў Дзмітрый Місюк і сказаў: маўляў, праз выхадкі тваёй жонкі [зварот у газету. – Заўвага рэд. Belsat.eu.] шукай працу. Жонку мы патрываем, а ты з заўтра пішы заяву на ўласнае жаданне».

Праўда, чыноўнікі з Міністэрства адукацыі і Берасцейскага аблвыканкаму зрабілі вінаватаю менавіта заатэхніка, спісаўшы ўсё на канфлікт пакаленняў і тое, што «не ўсе абітурыенты ўсведамляюць цяжкасці, з якімі давядзецца сутыкнуцца пасля заканчэння ВНУ».

Дзмітрый Місюк на ўзнагароджанні ў 2019 годзе.
Фота: kobrincity.by

З калгасу «Батчы» чыноўнік сышоў, але неўзабаве з’явіўся ў новым. У лістападзе 2019 года яго, тады ўжо намесніка ААТ «Стрыгава», узнагародзілі ганароваю граматаю Кобрынскага райвыканкаму.

Са «Стрыгава» Місюка занесла ў Камянецкі раён. Там ён у 2020 і 2021 гадах кіраваў сельгаспрадпрыемствам «Александрыя-Агра». Тады не надта хуткія тэмпы жніва выканальнік абавязкаў дырэктара тлумачыў тым, што «частку збожжавых і зернебабовых культураў моцныя дажджы прыбілі да зямлі».

«Прымушае працаваць па 12 гадзінаў»

І вось сёлета, змяніўшы за няпоўныя 6 гадоў з паўдзясятка месцаў працы ў трох раёнах Берасцейшчыны, Дзмітрый Місюк прыйшоў на пасаду намесніка дырэктара ў «Гарадзец-Агра» Кобрынскага раёну.

Гэтак у «Гарадцы-Агра» даглядаюць кароў.
Фота: чытачы / Белсат

Як распавядаюць мясцовыя жыхары, «моцны гаспадарнік» не толькі працягвае ціснуць на сваіх падначаленых, але і ўвогуле нядбайна ставіцца да даручанага прадпрыемства.

«На яго ўвесь час скардзяцца», – кажуць мясцовыя жыхары.

Гэтак, каровам у стойлах не падкладаюць кармоў. А хворых жывёлінаў, выцягнуўшы з комплексу, проста кідаюць на зямлю, нават не спрабуючы іх вылечыць. Збожжавыя палі так апрацавалі, што спалілі збожжа.

Гэтак у «Гарадцы-Агра» раскідваюць гной.
Фота: чытачы / Белсат

Гной са стойлаў скідаюць на бетон і шкло, а пасля гэта ўсё разам раскідваюць на палі, у выніку чаго псуецца тэхніка.

Месцамі гной раскідалі проста на высокую траву, хоць яе можна было скасіць на корм.

На працаўнікоў, якія выказваюць сваю нязгоду з дзеяннямі кіраўніцтва, ціснуць і нават ужываюць да іх фізічны гвалт, спрабуюць гэта хаваць. Бальнічных аплочваць не хочуць. Прэтэнзіі за нібыта адсутнасць на працоўным месцы ўзнікаюць да асобаў, нават калі яны былі на абедзенным перапынку.

Так у «Гарадзец-Агра» скідаюць гной.
Фота: чытачы / Белсат

А ўчасткі пад бульбу калгаснікам наразаюць, не ўлічваючы ні пажаданняў, ні стажу. Бывае, што гной вяскоўцам на палі не ўносяць, а грошы з іх вылічваюцца.

«З заробкамі, перапрацоўкамі… нічога не плацяць. Пасяўная даўно скончылася, а ён прымушае людзей працаваць па 12 гадзінаў. Загадаў пра гэта, пад якімі людзі павінны падпісацца, не пішуць», – кажуць мясцовыя жыхары.

Паводле чутак, прычынаю таго, што Місюк, нягледзячы на ўсе свае «заслугі», дасюль трымаецца на высокіх пасадах, можа быць ягоны «аднакласнік» у адным з міністэрстваў у Менску. Што цікава, узлёт чынавенскай кар’еры былога ветэрынара прыпадае на час, калі намеснікам міністра сельскай гаспадаркі стаўся дзейны кіраўнік аграрнага ведамства і равеснік Місюка Іван Брыло, які ў свой час таксама вывучыўся на ветэрынара. Мы не ведаем, дзе навучаўся кобрынскі чыноўнік, але з улікам таго, што «галоўная і адзіная» ветэрынарная ВНУ Беларусі – Віцебская дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны, якую скончыў міністр Брыло, нельга выключаць, што акурат ён і ёсць загадкавым апекуном Дзмітрыя Місюка.

Спаленыя атрутаю палі «Гарадца-Агра».
Фота: чытачы / Белсат

П’яны кіроўца ці першы хлопец на вёсцы?

З дапамогаю кіберпартызанаў, якія атрымалі доступ да разнастайных базаў звестак уладаў Беларусі, карэспандэнты «Белсату» даведаліся, што несвоечасовая выплата заробкаў – ці не характэрная рыса Дзмітрыя Місюка. За 20 апошніх гадоў на яго склалі дзясятак адміністратыўных пратаколаў, палова з якіх звязаная акурат з гэтым.

Гэтак, Місюк не выплаціў заробкаў працаўнікам за сакавік 2014 года – відаць, быў моцна заняты выбарчаю кампаніяй у дэпутаты Кобрынскага райсавету. У выніку ўтварылася запазычанасць на 712,2 мільёна недэнамінаваных рублёў, або прыблізна $ 72 тысячы. У 2013-м ён зноў жа са спазненнем выплаціў заробак сваім 338 працаўнікам за ліпень.

Двойчы на Місюка складалі пратаколы за тое, што ён не разлічваўся своечасова са звольненымі працаўнікамі. Таксама ў 2013-м ён не падаў органам статыстыкі звестак аб пратэрмінаваных заробкаў і сказіў адпаведныя даныя.

Даведка
Дзмітрый Місюк. Фота перадалі «Белсату» кіберпартызаны

Пры гэтым сабе ў заробках чыноўнік і гаспадарнік не адмаўляе. Гэтак, за 2020 год ён зарабіў у пераліку на долары $ 692 у «Стрыгаве» і $ 19 112 у «Александрыі-Агра». Някепскія месячныя заробкі на больш як $ 1,5 тысячы для намесніка старшыні калгасу. У 2018 годзе ён зарабіў за год больш за $ 12 тысячаў, у 2017-м – больш за $ 10 тысячаў. І гэта ў той час, як працаўнікі калгасаў скардзяцца, што атрымліваюць добра калі чвэрць ягонага месячнага даходу.

Любіць Дзмітрый Місюк і выязджаць за мяжу. Асабліва ў Польшчу і Украіну. А вось адпачывае «моцны гаспадарнік» на курортах Балгарыі.

Раскрываюць міліцэйскія пратаколы і магчымую прычыну звальнення Місюка з пасады намесніка старшыні Драгічынскага райвыканкаму. 21 студзеня 2017 года супрацоўнікі ДАІ спынілі яго, калі мужчына кіраваў аўтамабілем у п’яным стане. Не найлепшая рыса для чыноўніка, які на сваёй пасадзе не прабыў і года.

«Белсат» патэлефанаваў Дзмітрыю Місюку, каб даведацца ягонае меркаванне пра сітуацыю на прадпрыемстве «Гарадзец-Агра» Кобрынскага раёну. Пасля ўдакладнення, ці з Дзмітрыем Місюком мы размаўляем, чалавек які падняў слухаўку, перарваў размову і выключыў мабільны тэлефон.

Людзей, якія таксама пацярпелі ад дзеянняў Дзмітрыя Місюка або ведаюць што-небудзь дадаткова пра яго, просім звязацца з «Белсатам» праз наш чат-бот @BelsatBot у Telegram.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў