Зяленскі заявіў, што без дапамогі ЗША Украіне прыйдзецца адступаць «крок за крокам»


Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ў інтэрвю The Washington Post заявіў, што Украіна больш не можа губляць час з-за спрэчак у Кангрэсе ЗША наконт фінансавай дапамогі.

Уладзімір Зяленскі, Владимир Зеленский
Прэс-канферэнцыя прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў другую гадавіну пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварвання. Кіеў, Украіна. 25 лютага 2024 года.
Фота: Белсат

«Калі няма падтрымкі ЗША – значыць, у нас няма СПА, няма ракет Patriot, няма тэхнікі для радыёэлектроннай барацьбы, няма 155-міліметровых артылерыйскіх снарадаў. Гэта значыць, што мы будзем вяртацца, адыходзіць, крок за крокам, маленькімі крокамі», – сказаў ён.

Паводле прэзідэнта, для абароны лініі фронту ЗСУ патрэбныя 8000 артылерыйскіх снарадаў у дзень, а ўкраінскія вайскоўцы могуць дазволіць сабе толькі 2000. Гэта стварае пагрозу прарыву расейскіх войскаў у вялікія гарады і вымушае Украіну скарачаць лінію фронту.

«Мы спрабуем знайсці нейкі спосаб не адыходзіць», – працягнуў Зяленскі. Пасля захопу Расеяй Аўдзееўкі, зазначыў прэзідэнт, «мы стабілізавалі сітуацыю дзякуючы разумным крокам нашых вайскоўцаў». Калі фронт застанецца стабільным, Украіна зможа ўзброіць і навучыць новыя брыгады ў тыле для правядзення новага контрнаступлення пазней у 2024 годзе.

Зяленскі канстатаваў, што Украіне не хапае сродкаў СПА для абароны сваіх гарадоў і інфраструктуры.

«Без падтрымкі Кангрэса ў нас будзе вялікі дэфіцыт ракет. Гэта праблема. Мы нарошчваем уласныя сістэмы СПА, але гэтага недастаткова», – падкрэсліў ён.

Прэзідэнт зазначыў, што крытыкі выдзялення дапамогі Украіне не разумеюць, наколькі высокія стаўкі ў гэтай вайне. Паводле Зяленскага, «калі Украіна падзе, Пуцін падзеліць свет» на сяброў і ворагаў Расеі.

Аналітыка
Крызіс заходняй дапамогі: якую зброю чакае Украіна і колькі яшчэ можа без яе пратрымацца?
2024.03.11 07:00

Нагадаем, у верасні 2023 года рэспубліканцы ў Кангрэсе заблакавалі ўключэнне дапамогі Украіне ў бюджэт. Развязаць гэтую праблему дасюль не ўдаецца, не зважаючы ні на хітрасці Белага дому, ні на кампрамісныя дамоўленасці ў Сенаце. Перамовы пра законапраект аб дапамозе Украіне трываюць і пакуль немагчыма прадказаць, колькі яшчэ часу спатрэбіцца дэмакратам і рэспубліканцам на тое, каб пра ўсё дамовіцца.

Аналітыка
Чаму ЗША дасюль не ўхвалілі дапамогу Украіне? Тлумачым, што адбываецца
2024.02.05 19:45

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў