Усе рэйсы авіякампаніі «Southwind Airlines» у Беларусі скасаваныя


Праект «МотолькоПомоги» звярнуў увагу на тое, што сённяшні рэйс авіякампаніі «Southwind Airlines» з Менску быў скасаваны, а таксама ў раскладзе зніклі ўсе рэйсы на красавік. Імаверна, гэта звязана з тым, што кампаніі забаранілі лётаць над тэрыторыяй Еўразвязу.

Самалёт кампаніі «Southwind Airlines».
Фота: scramble.nl

Праект «МотолькоПомоги» раней паведамляў, што турэцка-расейская авіякампанія «Southwind Airlines», звязаная з расейскім «Pegas Touristic», пачала выконваць палёты па маршруце Менск – Стамбул не праз Расею, а над тэрыторыяй ЕЗ.

«Southwind Airlines» была створана ў 2022 годзе і афіцыйна пазіцыянавала сябе менавіта як «турэцкая авіякампанія». Хаця насамрэч, як падкрэслівае «МотолькоПомоги», за ёй стаіць уладальнік расейскага тураператара «Pegas Touristik» – Рамазан Акпынар, а сам флот авіякампаніі першапачаткова складаўся з самалётаў расейскай кампаніі «Nordwind Airlines».

Як паведамляе сайт нідэрландскай авіяцыйнай супольнасці Scramble, 28 сакавіка 2024 году Еўразвяз забараніў «Southwind Airlines» палёты з Турэччыны ў ЕЗ і праз ЕЗ. Гэта адбылося пасля таго, як «Southwind Airlines» падала заяўку ў Фінскае агенцтва транспарту і камунікацыяў на пачатак палётаў у Фінляндыю. Але фінскі бок ім адмовіў, бо ўбачыў, што дадзеная авіякампанія насамрэч належыць расейскім інвестарам, а значыць парушае санкцыі ЕЗ.

Апошні рэйс па маршруце Стамбул – Менск над тэрыторыяй ЕЗ авіякампанія выканала 28 сакавіка. Наступны за ім па тым жа маршруце з 29 на 30 сакавіка праходзіў ужо над тэрыторыяй РФ.

«А далей усё зусім незразумела. Самалёт, які прыляцеў у Менск сёння ноччу, павінен быў вылецець назад у Стамбул у 01:35, але гэтага не адбылося – самалёт усё яшчэ ў Менску, а яго вылет пазначаны як адменены», – паведамляе «МотолькоПомоги».

Больш за тое, зніклі з продажы квіткі на ўсе рэйсы авіякампаніі, звязаныя з Менскам.

Аб’ектыў
Санкцыі і магчымая канкурэнцыя: як трымаецца «Белавія»?
2023.12.25 20:49

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў