У Зэльве знік помнік Ларысе Геніюш, мясцовыя чыноўнікі нічога пра гэта не ведаюць


Унук Ларысы Геніюш Міхась Геніюш распавёў, што ўначы ў Зэльве дэмантавалі помнік ягонай бабулі, які стаяў на тэрыторыі царквы. Мясцовыя ўлады не ведаюць пра магчымы дэмантаж помніку і кажуць, што такіх указанняў яны не давалі.

У Зэльве знеслі помнік Ларысе Геніюш.
Фота: Радыё Рацыя

Міхась Геніюш, унук Ларысы Геніюш, распавёў, што ўначы нехта таемна знёс помнік ягонай бабулі Ларысы Геніюш. Помнік беларускай паэтцы Ларысе Геніюш усталявалі ў 2003 годзе на тэрыторыі царквы Святой Тройцы ў Зэльве. Усталяванне яго не ўзгаднілі з адміністрацыяй гораду, але на адкрыцці адслужылі набажэнства, а сам помнік атрымаў добраславенне царквы.

Інфаспецназаўка Вольга Бондарава звярнулася ў мясцовы райвыканкам, у якім патрабавала патлумачыць законнасць усталявання помніку і патрабавала, каб яго знеслі. Але 29 сакавіка праўладная актывістка атрымала адказ з райвыканкаму, у якім напісана, што мясцовыя ўлады не маюць намеру дэмантаваць помнік Ларысе Геніюш.

Помнік Ларысе Геніюш у Зэльве.
Фота: holiday.by

30 сакавіка медыі паведамілі, што ўначы помнік таемна знік. У мясцовым райвыканкаме чыноўнікі нічога не ведаюць пра знікненне помніку.

«Не ведаю, не магу вам сказаць. Помнік месціцца на тэрыторыі бажніцы. Лепей запытацца ў святара. Я як мясцовая жыхарка, на свой сорам або на шчасце, не магу сказаць, ці дэмантавалі помнік. Учора ён дакладна стаяў. Учора грамадзянка Бондарава заклапочаная была, а чаму помнік яшчэ стаіць. А вы перабываеце далёка і клапоціцеся пра тое, што адбываецца ў нашым паселішчы. Мы, шчыра кажучы, не асабліва надта валюемся, ёсць помнік, або яго няма. Я цяпер з вамі размаўляю не як дзяржслужбоўца, а як жыхарка, таму нас не надта хвалюе, ёсць помнік, або яго знеслі. У любым выпадку, учора ён быў на месцы», – распавялі ў Зэльвенскім райвыканкаме.

Чыноўнікі таксама ўдакладнілі, што Бондарава патрабавала адказаць, ці законна ўсталяваны помнік. Але царква не дала дакументаў. Увогуле пытанне пра знікненне помніку, на думку мясцовых чыноўнікаў, варта задаваць святарам, праваслаўнай царкве, бо помнік стаяў на іх тэрыторыі.

«Але зносіць помнік сваймі рукамі мы дакладна не будзем. Мы ніякіх указанняў пра дэмантаж помніку святарам не давалі», – заявілі ў райвыканкаме.

Раней Бондарава ўжо атрымала згоду на знос ад некалькіх чыноўнікаў. Знесці помнік Геніюш у Зэльве пагадзіліся начальнік упраўлення ў ідэалагічнай працы і ў справах моладзі Гарадзенскага аблвыканкаму Ігар Булаўка і намесніца старшыні Зэльвенскага райвыканкаму ў ідэалагічнай працы Галіна Раманчук.

Hавiны
Зэльвенскі райвыканкам адмовіў Бондаравай у патрабаванні знесці помнік Ларысе Геніюш
2023.03.29 16:55

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў