Сі з Пуціным гэтак не дамаўляўся? Як Кітай рэагуе на ідэю размясціць ядравую зброю ў Беларусі


Уладзімір Пуцін і Сі Цзінь Пін 21 сакавіка падпісалі дакументы, у якіх, сярод іншага, быў заклік не размяшчаць ядравай зброі за межамі нацыянальных тэрыторыяў. Праз тыдзень Пуцін абвясціў, што размяшчае ядравую зброю ў Беларусі. Што пра гэта думае Кітай?

Сі Цзінь Пін і Уладзімір Пуцін падчас заявы для прэсы пасля перамоваў. Масква, Расея. 21 сакавіка 2023 года. Каллаж: Kremlin.ru / Белсат

Афіцыйная прадстаўніца Міністэрства замежных справаў Кітаю Маў Нін 27 сакавіка так пракаментавала пастанову наконт размяшчэння ядравай зброі ў Беларусі:

«Леташнім студзенем лідары пяці дзяржаваў, што валодаюць ядравай зброяй, выступілі з супольнай заявай, каб прадэманстраваць, што ядравую вайну нельга выйграць або весці, падкрэсліць, што варта пазбягаць войнаў паміж дзяржавамі, што валодаюць ядравай зброяй, і варта зніжаць стратэгічныя рызыкі. У цяперашніх абставінах усім бакам варта сканцэнтраваць дыпламатычныя намаганні на мірным урэгуляванні ўкраінскага крызісу і супольна спрыяць залагоджванню сітуацыі».

У гэтым адказе не згадваецца ні Беларусі, ні Расеі, ні Уладзіміра Пуціна, ні Аляксандра Лукашэнкі або сустрэчы Сі Цзінь Піна з імі. Іншых каментароў з боку Кітаю не было.

Як разумець гэтую заяву?

Кітаіст Аляксей Чыгадаеў, магістрант Ляйпцыгскага ўніверсітэту, тлумачыць «Белсату»:

«Калі мы аналізуем публічны адказ Міністэрства замежных справаў Кітаю, мы бачым, што нават там няма афіцыйнага асуджэння або афіцыйнага падтрымання Расеі. І гэта, напэўна, самы галоўны адказ».

Тое, што Кітай публічна не заняў выразнай пазіцыі, Чыгадаеў называе «стандартнай традыцыяй» кітайскай дыпламатыі.

«Гэта чарговы раз сведчыць, што няма ніякага стратэгічнага падтрымання Кітаем ні Расеі, ні Беларусі. Кітай мае свае інтарэсы. Кітай разумее, што яго палітычнага ціску не стае, каб уплываць і на Беларусь, і на Расейскую Федэрацыю», – мяркуе эксперт.

Кітаістка Анастасія Мураўёва, выпускніца магістратуры Пекінскага ўніверсітэту, кажа «Белсату», што ў многіх выданнях каментар МЗС КНР успрымаюць як крытыку Расеі і што не вітаецца размяшчэнне ядравай зброі ў Беларусі – але ў арыгінальнай цытаце Кітай у сваёй звычайнай манеры звяртаецца да ўсіх бакоў:

«МЗС КНР, здаецца, не кажа ў гэтай цытаце пра Беларусь, не кажа наўпрост пра Украіну і хутчэй заклікае бакі не ваяваць і не накіроўваць адзін на аднаго зброю».

Яна не ўпэўненая, што Кітай крытыкуе Расею ў гэтай заяве: можа, крытыкуецца акурат Захад. У англійскамоўных медыях Кітаю, заўважае Мураўёва, гучаць ідэі, што «NATO таксама трэба было думаць, калектыўнаму Захаду трэба было думаць, перш чым правакаваць Расею». Яна падкрэслівае, што Кітай спасылаецца на супольную заяву пяці ядравых дзяржаваў: Вялікай Брытаніі, Кітаю, Расеі, Злучаных Штатаў і Францыі.

«Мне гэта бачыцца пераважна як працяг лініі Кітаю адносна крытыкі гэтак званага калектыўнага Захаду на чале з ЗША і пераважна, напэўна, Вялікай Брытаніі, бо лічыцца, што менавіта праз тое, што Вялікая Брытанія паведаміла пра планы пастаўкі [Украіне] бранябойных снарадаў з утрыманнем збедненага ўрану, Пуцін і выступіў з жаданнем размясціць ядравую зброю ў Беларусі. Мне здаецца, што Кітай тут крытыкуе Расею як краіну, што спрабуе эскалаваць патэнцыйную ядравую вайну і наогул стварае пагрозу, але ў той жа час гэта бачыцца і як крытыка Захаду».

Каментар
Ці парушаюць Пуцін і Лукашэнка дамовы аб ядравай зброі? Раней сама Расея была супраць такога
2023.03.27 18:27

Гэтак не дамаўляліся? Ці гэтак і дамаўляліся?

Ці мог Крэмль прыняць пастанову насуперак кітайскай пазіцыі, учыніць гэткі бунт? Ці Пуцін і Сі акурат дамовіліся, што Расея размесціць ядравую зброю ў Беларусі?

«Мы не можам гэта расцэньваць як бунт, – адказвае Чыгадаеў. – Гэта якраз праява таго самага суверэнітэту, пра які так перажывалі і Уладзімір Пуцін, і Аляксандр Лукашэнка: раблю, што хачу, у межах разумнага».

Мураўёва таксама сумняваецца, што гэта бунт Крамля, але схіляецца да таго, што гэта было самастойнай пастановай Масквы, хоць адзначае, што «можа быць што заўгодна», а зразумець Сі і Пуціна бывае цяжка.

«Мяркуючы з каментара МЗС КНР, усё ж Кітай не падтрымлівае любой ядравай эскалацыі і наогул выступае з дастаткова, можа быць, клішаванымі, але заклікамі да дыялогу з усіх бакоў і да дыпламатычнага ўлагоджання крызісу», – кажа яна, але дадае, што няпроста інтэрпрэтаваць тое, што ўкладаюць у заявы любыя чыноўнікі Кітаю, у тым ліку прэс-сакратар МЗС.

Толькі з выніку (калі ядравая зброя ў Беларусі з’явіцца ці не з’явіцца) стане зразумела, прымаў Пуцін пастанову самастойна – або дамаўляўся з Сі Цзінь Пінам, прагназуе Мураўёва.

Аналітыка
Лукашэнка паспее паляцець у Зімбабвэ, а што астатнія? Як ядравая зброя пагражае беларусам
2023.03.27 19:08

Чаго цяпер чакаць ад Кітаю?

Чыгадаеў мяркуе, што Кітай відавочна не падтрымлівае пастановы Пуціна, «не разумее, што адбываецца». Але Кітай заняў «максімальна чакальную» пазіцыю, бо інакш трэба нешта рабіць. Не проста выпусціць прэс-рэліз «я асуджаю Расею», а далучыцца да нейкіх санкцыяў. Або, наадварот, падтрымаць Расею дзеяннямі, на якія адкажуць Еўразвяз і Злучаныя Штаты.

«Таму Кітай будзе максімальна доўга працягваць займаць гэтую пазіцыю неперадузятага медыятара, неперадузятага назіральніка», – прагназуе Чыгадаеў.

Ён скептычна ставіцца да чаканняў таго, што Кітай «цяпер прыйдзе і націсне» на Пуціна ці Лукашэнку. Пакуль яшчэ не было прыкладаў эфектыўнага ціску адной краіны на іншую для прыняцця «зразумелых хуткіх тактычных крокаў», мяркуе ён, хоць у доўгай перспектыве ўплыў можа быць сур’ёзным.

«Мы не ведаем дакладна, але паколькі перамовы працягваліся доўга, я не сумняваюся, што Кітай так ці інакш паказаў нейкія чырвоныя рысы, якія прывядуць да падзення яго іміджу ў вачах яго саюзнікаў ды іншых дзяржаваў, – разважае кітаіст. – Мы не ведаем, якія чырвоныя рысы Пекіну, таму што пакуль ні ваенны наступ расейскіх войскаў на тэрыторыю Украіны, ні трагедыя ў Бучы не сталі такімі чырвонымі рысамі».

Невядома, што можа прымусіць Кітай сказаць «вось гэта ўжо недапушчальна», бо Кітай пакуль не выступаў з такімі асуджэннямі, не аддаляўся настолькі ні ад аднаго рэжыму, адзначае Чыгадаеў: гэта не ў духу палітыкі Кітаю, які больш дбае пра ўласныя інтарэсы.

Пакуль ад Кітаю наўрад ці варта чакаць нейкіх прынцыпова новых або больш канкрэтных заяваў наконт ядравай зброі, мяркуе Мураўёва.

«Напэўна, мусіць адбыцца нешта такое, што сапраўды моцна выходзіць за рамкі любых нормаў, каб Кітай сфармуляваў свае патрабаванні або незадаволенасць больш выразна», – кажа яна.

Пакуль жа экспертка чакае ад Кітаю гэткіх жа выразаў і гэткага ж дыялогу, што ёсць цяпер.

Hавiны
Вялікі фурункул ці шахід «русского мира»? Што пішуць пра ядравую мішэнь у Беларусі
2023.03.27 15:11

Алесь Наваборскі / АА belsat.eu

Стужка навінаў