Беларускі доктар адмовіўся здаць карту паляка, за што яго вымусілі звольніцца


Псіхатэрапеўту з райцэнтру прыйшлося звольніцца з паліклінікі пасля таго, як у размове з «супрацоўнікам КДБ», які прыйшоў да яго на працу, ён не захацеў адмовіцца ад карты паляка. Сваю гісторыю доктар распавёў «Медиазоне».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ТК / Belsat.eu

У пачатку лютага падчас працоўнага дня псіхатэрапеўту Максіму патэлефанаваў галоўны доктар і папрасіў пасля абеду зайсці да яго ў кабінет. Калі ён прыйшоў, сакратарка сказала трохі пачакаць, а праз пару хвілінаў туды зайшоў сам галоўны доктар і сказаў, што з Максімам хоча пагаварыць адзін чалавек. Паводле словаў Максіма, ім аказаўся «супрацоўнік КДБ».

Пасля гэтага галоўны доктар выйшаў з кабінету і Максім застаўся разам з незнаёмым мужчынам.

«Ён прыйшоў, сеў насупраць мяне. Узяў мой тэлефон. Не назваўся: ні імя, ні прозвішча. Проста: «Добры дзень, я з КДБ. Трэба з вамі пагаварыць». – «Наконт?» – «У вас ёсць карта паляка. Разблакуйце тэлефон». Што ж зрабіць, прыйшлося. Калі ў такой сітуацыі не быў, ты думаеш: «У мяне атрымаецца, я нічога не скажу, я ведаю свае правы». А тут, калі не чакаеш…» – узгадвае Максім.

Як незнаёмец даведаўся, што ў Максіма ёсць карта паляка, той не ведае. Пасля разблакавання тэлефона «супрацоўнік КДБ» пачаў вывучаць ліставанне ў мэсэнджарах і фотагалерэю.

«У мяне быў чалавек у ліставанні, у якога на аватарцы ў Instagram была «Пагоня». Адразу спытаў: «Хто гэта?». Сфатаграфаваў. Дастаў нататнік, запісаў», – распавядае Максім.

Ён задаваў пытанні наконт стаўлення доктара да дзейнай улады, што задавальняе і не задавальняе, за каго галасаваў у 2020 годзе, пра вайну ва Украіне. Максім адказаў, што да вайны ставіцца негатыўна, бо ў яго загінулі сваякі.

Увесь час размовы Максіма чакаў пацыент. Нагадванні, што яму трэба скончыць кансультацыю, «супрацоўнік КДБ» ігнараваў.

Таксама супрацоўнік час ад часу вяртаўся да Максімавай карты паляка – адкуль яна, як ён яе атрымаў, дзе вучыў мову, навошта яна патрэбная – і прапаноўваў адмовіцца ад яе «проста тут і цяпер». Максім не скарыстаў прапанову і спрабаваў патлумачыць, навошта яна ягоная карта паляка патрэбная.

Калі размова скончылася і Максім нарэшце вярнуўся да пацыента і працы, яму зноў патэлефанаваў галоўны доктар і запрасіў да сябе, «супрацоўнік КДБ» таксама быў у кабінеце. Ён ізноў задаў Максіму некалькі пытанняў наконт карты паляка, а пасля папрасіў яго выйсці з кабінету.

Пасля гэтага, кажа Максім, галоўны доктар і візіцёр абмяркоўвалі ягонае звальненне: «Там размова была накшталт :«Вы ж разумееце, што чалавек, псіхіятр тым больш, з такімі думкамі на падкорцы не вельмі карысны дзяржаве, зрабіце з гэтым нешта». Галоўны доктар спрабаваў спытаць, ці можна зрабіць інакш, каб на працаўніках не адбілася «рэзкае звальненне».

Максім узгадвае, што пасле гэтага галоўны доктар тэлефанаваў на розныя нумары, спрабаваў як мага хутчэй уладкаваць пытанне са звальненнем: «Ён сказаў мне гэтую фразу: «Ну вы ж разумееце», і прапанаваў напісаць заяву на звальненне паводле дамовы бакоў.

Пасля звальнення Максім яшчэ некалькі тыдняў заставаўся ў Беларусі, каб разабрацца з дакументамі, а на пачатку сакавіка з’ехаў у Польшчу.

Каментар
Лекары масава звальняюцца, у краіне тысячы вакансіяў медперсаналу
2022.09.02 16:42

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў