Лекары масава звальняюцца, у краіне тысячы вакансіяў медперсаналу


Афіцыйная статыстыка фактычна не паказвае сітуацыі з кадрамі ў медычнай галіне. Апошнія звесткі, якія апублікавала Міністэрства аховы здароўя, даступныя толькі за 2019 год. Пра тое, што праблема існуе, сведчаць тысячы вакансіяў для медперсаналу ўва ўсёй краіне. Дактары ў размове з «Белсатам» кажуць, што працаваць у сістэме зрабілася надзвычай складана. Адныя сыходзяць, другія вымушана застаюцца, бо альтэрнатывы няма.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: © Pixelshow1 – Dreamstime.com

Суразмоўца «Белсату» – былы фельчар, які працаваў у больніцы, звольніўся з працы на пачатку 2022 года. Мужчына кажа, што працаваць у медыцыне зрабілася проста немагчыма. Падчас першых хваляў каронавіруснай хваробы яшчэ існавалі надбаўкі за працу. Але і тады кіраўнікі медустановаў імкнуліся зменшыць дадатковыя аплаты.

«Я працаваў падчас другой хвалі каронавіруса. І калі, напрыклад, заробак быў 700 рублёў, то ковідных маглі налічыць прыкладна 500–600 рублёў, але аплачваўся далёка не ўвесь аб’ём працы. У галоўных лекараў была негалосная мяжа, больш якой не плацілі. Вось было ў мяне, да прыкладу, 100 гадзінаў кантакту з інфікаванымі, але абрэзвалі і плацілі толькі за 50 гадзінаў», – распавядае фельчар.

Цяпер жа, кажа медык, надбавак увогуле няма. Калі сёлета каронавірус адступіў, міністр аховы здароўя пастанавіў адмяніць надбаўкі і нібыта павысіў заробак. Медык звяртае ўвагу, што падчас кожнай новай хвалі пандэміі ў Беларусі лекарам плацілі горш і меней. У выніку шмат хто пачаў звальняцца, да гэтага таксама дадаліся палітычныя звальненні.

Аб’ектыў
У Беларусі бракуе больш за 9 тысяч медыкаў
2022.06.19 22:52

«Цяпер у медыцыне засталіся ідэйныя. Заробкі нібыта трохі выраслі, але праца цяжкая і часта няўдзячная. Некаторы час таму людзі актыўна звальняліся, бо было куды пайсці працаваць. Цяпер шмат у каго ёсць жаданне сысці, але сыходзіць папросту няма куды, і людзі вымушаныя трываць далей», – кажа ён.

Фельчар адзначае, што сярод ягоных былых калег жанчыны, якія сышлі ў дэкрэтны адпачынак, наўрад ці вернуцца ў паліклінікі.

«З новымі пастановамі і загадамі працаваць проста немагчыма. Ёсць вельмі шмат прыкладаў людзей, якія ў медыцыне на сваім месцы, але ў такіх умовах кідаюць усё», – кажа медык.

Пры гэтым ён кажа, што не ўсе могуць уладкавацца за мяжой, бо доўгая і складаная настрыфікацыя і неабходна добра ведаць мову. На думку суразмоўцы «Белсату», паводле матэрыяльна-тэхнічнай базы медыцына ў нашай краіне адстае ад Польшчы на 20 гадоў.

Схаваная афіцыйная статыстыка

Афіцыйная статыстыка дае звесткі пра сітуацыю з кадрамі ў медыцыне даволі абмежавана. Мінздароўя наагул перастала публікаваць звесткі з 2019 года. З лічбаў Белстату відавочна, што з 2020 года, калі ў краіне распачаўся востры палітычны крызіс, колькасць медыкаў пачала скарачацца, а да гэтага штогод быў прырост. Гэтак, напрыклад, у 2018 годзе лекараў, якія практыкуюць, налічвалася амаль 42,5 тыс., праз год гэтая лічба вырасла да 42,9 тыс., а ў 2020 годзе склала больш за 43 тыс. А ўжо ў 2021-м упала да 42,9 тыс.

Пры гэтым колькасць вакансіяў для медыкаў у краіне расце. У дзяржаўнай службе занятасці на канец жніўня існуе 3836 вакансіяў для лекараў, 3383 вакансіі медычнай сястры, 1321 вакансія фельчара і 2161 – санітара.

Hавiны
Хто будзе лячыць беларусаў? У рэгіёнах – катастрофа з медыкамі
2022.08.13 18:18

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў