Байдэн пра выступ Ціханоўскай і Пінчук: Яны заслугоўваюць, як і ўсе жанчыны, быць прадстаўленымі


Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн ухваліў відэа выступленне Святланы Ціханоўскай і Наталлі Пінчук на Саміце за дэмакратыю. Аб гэтым паведаміла Амбасада Злучаных штатаў у сваім афіцыйным акаўнце ў Twitter.

Прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі Джо Байдэн пракаментаваў выступленне абранай прэзідэнткі Беларусі Святланы Ціханоўскай і Наталлі Пінчук, жонкі Нобэлеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, на Саміце за дэмакратыю.

«Мы толькі што пачулі дзвюх неверагодных жанчын, якія робяць неверагодную справу адносна Беларусі. Яны заслугоўваюць, як і ўсе жанчыны, быць прадстаўленымі», – заявіў прэзідэнт ЗША.

«Белсат» паведамляў, што 29 сакавіка Святлана Ціханоўская і Наталля Пінчук выступілі на Саміце за дэмакратыю, які арганізоўвае Белы дом пад патранатам патранатам Байдэна. Прадстаўніцы Беларусі распавялі пра сітуацыю ў нашай краіне і барацьбу за дэмакратыю.

Ціханоўская падкрэсліла ў выступленні – беларусы засвоілі цяжкі ўрок, што свабода не даецца проста так, а незалежнасць не гарантаваная назаўжды. Гэтыя каштоўнасці патрабуюць мужнасці, адказнасці і самаахвярнасці. Пасля разгону мірных пратэстоўцаў у 2020 годзе рэжым адчуў сябе беспакараным і стаў пагрозай для ўсяго рэгіёну, уцягнуўся ў агрэсію Расеі. Цяпер лёсы Украіны і Беларусі пераплецены, вайне ў Еўропе не будзе канца, пакуль тыраны Масквы і Менску не будуць пераможаныя.

У сваю чаргу, Пінчук расказала, што Беларусь доўга заставалася сляпой плямай для Еўропы, хоць мноства людзей, у тым Ліку і Алесь Бяляцкі шмат гадоў аказвалі мірны супраціў дыктатуры. У 2020 годзе вобраз Беларусі змяніўся, бо дыктатуры кінула выклік жанчына, муж якой быў арыштаваны за спробу балатавацца ў прэзідэнты.

«Улады не ўспрынялі яе сур’ёзна і заплацілі высокі кошт. Выбары выйграла Святлана. Рэжым не прыняў волю народа, а пры падтрымцы Масквы пачаў тэрарызаваць беларусаў», – распавяла Наталля Пінчук

Hавiны
Святлана Ціханоўская і Наталля Пінчук выступілі на Саміце за дэмакратыю ў ЗША
2023.03.29 21:31

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў