З Рады БНР сышоў сябра прэзідыуму Алесь Чайчыц, раскрытыкаваў арганізацыю за неэфектыўнасць


Алесь Чайчыц паведаміў 30 студзеня, што пакідае прэзідыум Рады Беларускай Народнай Рэспублікі – найстарэйшага ў свеце дзейнага ўраду ў выгнанні. Ён расказаў пра рашэнне на Facebook і ў каментары «Белсату».

Алесь Чайчыц на З’ездзе беларусаў свету. Менск, Беларусь. 15 ліпеня 2017 года.
Фота: Budzma.by

Як сказаў Алесь Чайчыц, ён сышоў з Рады БНР пасля дастаткова доўгага канфлікту – хай і «дурнога», але не вырашанага. Праз канфлікт старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла «замарозіла» ягонае сяброўства ў Радзе да наступнай сэсіі, запланаванай на 2026 год, але Чайчыц вырашыў не чакаць і проста сысці.

Рада БНР адмовілася каментаваць рашэнне і заяву Чайчыца.

«Канфлікт тычыцца глыбокіх фундаментальных праблемаў як інстытуцыі і як арганізацыі, – кажа Чайчыц «Белсату». – Арганізацыя вельмі неэфектыўная. Адсутнасць парадку, адсутнасць ініцыятывы, адсутнасць хаця б малейшай пасіянарнасці ўнутры арганізацыі, няздольнасць дзейнічаць такім чынам, як патрабуе цяперашні час.

Я доўга спрабаваў натхніць, каб нешта зрушыць усярэдзіне, каб хаця б унутраная арганізацыя была трохі больш у парадку.

Ведаеце, Рада БНР да нядаўняга часу не ведала, колькі дакладна мае сяброў і дзе гэтыя сябры знаходзяцца. Былі камічныя сітуацыі: аднаго чалавека знайшлі нядаўна, які быў у Радзе БНР і з якім Рада БНР не звязвалася дзесьці дваццаць гадоў».

Hавiны
Генеральная пракуратура завяла крымінальную справу ў дачыненні Рады БНР
2023.10.02 13:06

На думку Чайчыца, Рада БНР – «нематэрыяльная гістарычная каштоўнасць» Беларусі, але такая каштоўнасць мае грунтавацца на выкананні правілаў і прававой культуры.

«Ад Рады БНР нельга чакаць вельмі шмат: у Рады БНР няма грошай і няма палкоў нейкіх сакрэтных, – адзначае Чайчыц. – І міжнароднага аўтарытэту ў яе амаль што няма».

На думку суразмоўцы, Рада БНР пры гэтым павінна хаця б адлюстроўваць пераемнасць ад той Беларускай Народнай Рэспублікі, што паўстала ў 1918 годзе, быць сімвалічным інстытутам. Але ён сумняецца ў паспяховасці гэтага.

Рада БНР, кажа ён, магла б быць больш публічнай, магла б быць форумам беларускага эміграцыйнага палітычнага актыву, ладзіць публічныя выступы і дэбаты. Але Раду ён бачыць закрытай і ізаляванай структурай.

«Яна закрытая не таму, што там ёсць нейкія сакрэты, – лічыць ён. – Не таму, што там бомбу яны будуюць, з Ватыканам ці з Пентагонам сустракаюцца. Не! Гэтая сакрэтнасць толькі таму, што неэфектыўнасць. Бо няма чаго паказаць, дзейнасці няма ніякай».

У Радзе БНР, наракае ён, няма рэгулярнай камунікацыі з чальцамі, яна нават не з’яўляецца «клубам», і не жадае нічога мяняць.

Ён заяўляе, што ў 2022 годзе Івонка Сурвілла прамаўляла навагодні зварот, не меўшы на тое фармальнага права: ейныя паўнамоцтвы скончыліся за некалькі месяцаў да Новага года, а ніхто проста не ўспомніў, што трэба праводзіць сэсію і выбіраць старшыню. Чайчыц прызнаецца, што сам заўважыў гэта толькі праз паўгода па сканчэнні паўнамоцтваў старшыні, абурыўся невыкананнем Статуту – і за гэта, сцвярджае ён, на яго пачалі крыўдзіцца.

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла.
Фота: Рада Беларускай Народнай Рэспублікі – Рада БНР / Facebook

Сурвіллу ж перавыбралі ў верасні 2023 года.

Чайчыц нагадвае, што Сурвілла з’яўляецца старшынёю Рады БНР 27 гадоў – на тры гады менш, чым Аляксандр Лукашэнка кіруе Беларуссю. І ў Сурвілле Чайчыц бачыць «дыктатара», той жа кіраўнічы стыль. Ён лічыць трагедыяй, што за гэты час ніхто не замяніў Сурвіллу хаця б на адзін тэрмін, а чальцы Рады ставяццца да гэтага абыякава.

«Гэта літаральна сказалі: што нам трэба, каб Сурвілла была старшынёй да моманту, калі Бог яе прыбярэ», – сцвярджае Чайчыц.

Ён падкрэслівае, што Рада БНР – вельмі важны інстытут для Беларусі, таму важна, каб грамадства больш увагі звяртала на тое, што ў гэтым інстытуце адбываецца. Людзі ў Радзе БНР маюць увасабляць дэмакратычную беларускую дзяржаўнасць, а значыць, рэзюмуе Чайчыц, маюць быць падсправаздачнымі грамадству.

Аналітыка
Ці сапраўды беларуская апазіцыя раз’яднаная? Наколькі гэта крытычна для зменаў у Беларусі
2023.09.14 15:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў