У Еўрапарламенце пачалося расследаванне з нагоды супрацы еўрадэпутаткі ад Латвіі з ФСБ


29 студзеня з’явілася расследаванне пра супрацу дэпутаткі Еўрапарламенту ад Латвіі Таццяны Жданок з расейскімі спецслужбамі. На падзею адрэагавалі ў прэс-службе прэзідэнткі Еўрапарламенту Рабэрты Мэтсалі: гэтыя абвінавачанні ўспрымаюцца вельмі сур’ёзна, пачалося расследаванне.

Дэпутатка Еўрапарламенту ад Латвіі Таццяна Жданок, якую абвінавачваюць у супрацы з расейскай ФСБ.
Фота: The Insider

Каментар прэс-службы прэзідэнткі Еўрапарламенту

«Прэзідэнтка ўспрымае гэтыя абвінавачванні вельмі сур’ёзна і перадае справу ў Кансультацыйны камітэт, што займаецца Кодэксам паводзінаў. Гэта значыць, што ў Еўрапарламенце пачаліся расследаванні. Яна таксама вынесе гэтае пытанне на пасяджэнне канферэнцыі прэзідэнтаў парламенту ў сераду», – гаворыцца ў лісце, які атрымаў «Белсат» ад прэс-службы прэзідэнткі Еўрапарламенту Рабэрты Мэтсалі.

У Еўрапарламенце падкрэслілі, што пра абвінавачанні ў дачыненні еўрадэпутаткі ад Латвіі ўжо паведамлялася дзяржаве – чальцу Еўрапарламенту раней (Латвіі), а таксама падкрэслілі, што ўсе еўрадэпутаты падпарадкоўваюцца аднолькавым правілам што да незалежнасці мандату або этыкі (Закону аб выбарах 1976 года, Статуту Еўрапарламенту і ўнутраным правілам Еўрапарламенту).

Пры гэтым у лісце адзначаецца, што Еўрапарламент не будзе надалей каментаваць выстаўленых абвінавачанняў.

У чым справа?

У расследаванні, якое правяло выданне «The Insider», аналізуецца электронная перапіска дэпутаткі Еўрапарламенту Таццяны Жданок.

З яе вынікае, што Жданок з кастрычніка 2005 года вяла перапіску з супрацоўнікам упраўлення ФСБ па Санкт-Пецярбурзе Дзмітрыем Гладзеем. Яна давала справаздачы пра канферэнцыі ў Нарве і Таліне, спансараваныя фракцыяй «Зялёных» у Еўрапарламенце і Еўрапейскім свабодным альянсам (гэтую арганізацыю эстонскія спецслужбы наўпрост называлі прыкрыццём ФСБ).

Дзякуючы намаганням Таццяны Жданок у Еўрапарламенце адбываліся слуханні пра перанос помніка савецкім салдатам з цэнтру эстонскай сталіцы ў 2007 годзе. Пра свае дзеянні яна давала справаздачу куратару ў адпаведных публікацыях у медыях (справаздачы пісаліся ейным «стажорам» Іванам Янгашавым).

На адрас Гладзея ў 2010 годзе Жданок адправіла праект плану святкавання ў Латвіі Дня Перамогі і прасіла пад гэты праект фінансаванне ў памеры 6000 еўраў – для закупкі георгіеўскіх стужак і стварэння дакументальнага фільму.

З 2013 года ў Жданок з’явіўся новы куратар – Сяргей Красін, сапраўднае імя Сяргей Бельцюкоў, афіцэр ФСБ з Санкт-Пецярбургу. Таксама стала вядома, што ў 2014 годзе Жданок падавала заяву ў амбасаду Бельгіі ў Маскве для атрымання візы яшчэ аднаму свайму куратару – Арцёму Курэеву. Гэта рабілася з мэтай наведвання ім Еўрапарламенту.

Сама Жданок у размове з журналістамі-расследавальнікамі не адмаўляла сапраўднасці лістоў, але не стала каментаваць іхнага зместу. Таксама яна пацвердзіла сваё знаёмства з Сяргеем Гладзеем, пры гэтым еўрадэпутатка сцвярджае, што не ведала пра тое, што Гладзей працаваў у ФСБ. У той жа час яна не змагла патлумачыць, навошта высылала яму на ўзгадненне праекты і прэс-рэлізы.

Згодна з заявай Службы бяспекі Латвіі, пакаранне за дапамогу замежнай дзяржаве ў Латвіі прадугледжваецца з 2016 года і зваротнай сілы закон не мае, адпаведна, за ўсе эпізоды, якія адбываліся да гэтай даты, Жданок не можа быць прыцягнутая да адказнасці. У той жа час адзін з лістоў быў адпраўлены Жданок пасля 2017 года, і гэты факт ужо будзе атрымліваць належную ацэнку, заявіў кіраўнік Службы дзяржаўнай бяспекі Латвіі Нормундс Межвіетс.

Таццяна Жданок нарадзілася ў Рызе ў 1950 годзе. Напрыканцы 1980-х яна актыўна змагалася за тое, каб Латвія засталася ў складзе СССР. У час незалежнасці абапіралася на падтрыманне расейскамоўнай часткі насельніцтва, арганізавала радыёперадачу пад назвай «Час русской школы». Яна сустаршыня партыі «Расейскі саюз Латвіі». З 2004 года – дэпутатка Еўрапарламенту.

Таксама Таццяна Жданок актыўна дае каментары беларускім прапагандысцкім медыям. У 2014 годзе яна ездзіла ў Крым у якасці назіральніка на «рэферэндум», а ў 2020-м заяўляла пра польскі ўплыў на пратэсты ў Беларусі. У 2022 годзе Жданок была адной з 13 еўрадэпутатаў, што галасавалі супраць рэзалюцыі Еўрапарламенту, у якой асуджалася расейская агрэсія ва Украіне. За нежаданне асудзіць Расею Жданок выключылі з фракцыі «Зялёныя – Еўрапейскі вольны альянс».

Агляд
Фашысты, камуністы і шпіёны. Хто з еўрапейскіх палітыкаў падтрымлівае рэжым Лукашэнкі
2023.02.22 19:47

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў