Стала вядома, хто адказны за здзекі з палітвязняў і рабскую працу ў калоніі «Віцьба»


Жудасныя ўмовы побыту, дысцыплінарныя пакаранні без дай прычыны, прымусовая праца за капейкі – гэтак былы вязень апісаў «Вясне» ўмовы ўтрымання асуджаных паводле палітычных артыкулаў у Папраўчай калоніі № 3 у Віцьбе Віцебскага раёну. Ён назваў і прозвішчы адказных за здзекі. 

Ахова папраўчай калоніі № 3 «Віцьба».
Фота: «Вясна» / spring96.org

Паводле былога вязня, самы распаўсюджаны здзек у калоніі № 3 «Віцьба» – змяшчэнне ў штрафныя ізалятары (ШІЗА). Нагодаю робяцца выказванні супраць адміністрацыі ды Расеі, адмова ад працы, нязгода з прысудам, непрызнанне віны, а таксама нават самае дробнае парушэнне правілаў перабывання ў калоніі.

Былы вязень распавёў, што адміністрацыя калоніі № 3 прыкладае вялікія намаганні, каб справакаваць палітзняволеных на непадпарадкаванне. Кіраўнікі калоніі намагаюцца прыпісаць палітычным вязням «зацятае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы» і пры магчымасці асудзіць кожнага з іх да больш жорсткага рэжыму ўтрымання.

«Адміністрацыя скіраваная на тое, каб з усіх палітвязняў зрабіць зацятых парушальнікаў. Парушэнні там вельмі лёгка атрымаць: за вопіс, за тое, што не павітаўся з супрацоўнікам, за сон, за «няправільны» абутак, за рукі ў кішэнях. Калі супрацоўнікам трэба кагосьці адправіць у ШІЗА, то яны пойдуць правяраць торбы і вопісы, і 100 % выпішуць парушэнні. На ПК № 3 гэта распаўсюджаная практыка, што менавіта за вопісы пішуць парушэнні, калі трэба закрыць чалавека», – паведаміў былы вязень.

Нялюдскія ўмовы

Паводле былога вязня, у ШІЗА адмыслова створаныя ўмовы, якія ціснуць на псіхіку: нельга глядзець у вакно, замест ложка там нары, якія адкідваюцца толькі на ноч, «з жалеза па контуры і дошак, там няма матраца – спіш на дошках». У штрафным ізалятары вельмі холадна, вязням не выдаюць цёплых рэчаў і скіроўваюць на пакаранне ў ШІЗА ў тонкай баваўнянай робе. Былы вязень назваў такі рэжым утрымання галоўным катаваннем у «Віцьбе»:

«І ў гэтым холадзе ты ўвесь час застаешся, і нічога нельга зрабіць. Пры гэтым незразумела, колькі ты там прасядзіш – можна адразу заехаць на 10 содняў, а выйсці праз 20».

Але і па-за ШІЗА асуджаныя паводле палітычных артыкулаў вязні ў калоніі № 3 утрымліваюцца ў жудасных умовах. Найбольш жорсткі рэжым утрымання ў «Віцьбе» – у спецыяльным атрадзе 2-11, у якім раней утрымлівалі асуджаных наркатычнага артыкулу 328 КК: абшарпаныя сцены, побытавыя ўмовы на вельмі нізкім узроўні. Вязень таксама паведаміў, што калі да палітвязняў ужываюць фізічную сілу, то гэта называецца «ужыць спецсродкі». Насамрэч вязня валяць на падлогу і збіваюць. Былому палітзняволенаму вядомыя такія выпадкі.

Такія насадкі на швабры шыюць вязні ў ПК-3.
Фота: «Вясна» / spring96.org

Рабская праца

Яшчэ адна форма здзекаў – прымусовая праца, за якую вязні атрымліваюць даслоўна капейкі заробку. У «Віцьбе» прымушаюць працаваць у швейным цэху, на дрэваапрацоўванні і разборы металу.

На швейнай вытворчасці «нічога не плацяць», але вязні там цэлымі днямі шыюць анучы для швабраў, якія потым прадаюцца ў «Еўраоптах», спецвопратку для працаўнікоў дзяржпрадпрыемстваў. Апошнім часам «шылі ў вялікіх аб’ёмах вайсковую форму для расейцаў».

У дрэваапрацоўчым цэху ўмовы адныя з самых жудасных у калоніі: «У цэху стаіць мінусавая тэмпература – вельмі холадна. Памяшканне не ацяпляецца, усюды ўсё бруднае, пыльнае, няма дзе прысесці. Там ёсць распранальні, але там заўжды вельмі шмат людзей і няма дзе прысесці. Таму даводзіцца цэлы дзень хадзіць на холадзе, каб не змерзнуць. Я цёпла апранаўся, але ўсё адно ўвесь час мёрз. Калі шчыра, не ведаю, як выжыў».

Найцяжэй вязням прыходзіцца на разборы металу. Там таксама нічога не плацяць, але прызначаюць норму выпрацоўкі, якую немагчыма выканаць: назбіраць за дзень 30 кілаграмаў алюмінію альбо 10 кілаграмаў медзі ці свінцу.

«Калі не выконваеш нормы, то не толькі не плацяць, але яшчэ выпісваюць парушэнне і закідваюць у ШІЗА. Гэта рабская праца – у зняволеных там няма выбару. Куды ён сыходзіць з калоніі, мы не ведаем. Мы здаём на склад, прыязджае машына і вязе яго кудысьці», – распавёў былы вязень.

Сярод формаў прыніжэння і здзекаў – праслухоўванне прыватных размоваў вязняў праз тэлефон ці скайп з родзічамі і строгая забарона нешта казаць пра ўмовы ўтрымання ў «Віцьбе». Таксама палітычным нельга карыстацца трэнажорнаю залаю.

Хто адказны

Паводле суразмоўцы «Вясны», начальнік ПК № 3 – Аляксей Старавойтаў. Аднак беспасярэднюю адказнасць за ўсе здзекі нясуць пяцёра іншых начальнікаў: намеснік рэжымна-аператыўнай працы Дзяніс Федчанка, начальнік аператыўнага аддзелу, маёр Сяргей Голубеў, аператыўныя супрацоўнікі і старшыя лейтэнанты Уладзіслаў Спірыдонаў, Антон Салаўёў і Раман Цярэшка. Пры гэтым менавіта Федчанка курыруе ўсіх палітычных вязняў і асабіста дае ўказанні, каго і як пакараць.

Намеснік рэжымна-аператыўнай працы ПК № 3 Дзяніс Федчанка асабіста адказны за здзекі з вязняў.
Фота: «Вясна» / spring96.org

Былы вязень паведаміў таксама: кіраўніцтва «Віцьбы» вельмі баіцца абнародавання любой інфармацыі пра тое, што адбываецца за яе сценамі, і заклікаў людзей актыўна распаўсюджваць тое, пра што ён расказаў праваабаронцам.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў