Нацбанк даў справаздачы за 2022 год. Што там са стабільнасцю?


Калі не ўлічваць наступстваў вайны ва Украіне, усё не так і кепска з эканомікай, спрабуе давесці Нацбанк у справаздачах за 2022 год.

Будынак Нацыянальнага банку Беларусі на купюры 20 рублёў, выведзенай з абароту пасля дэнамінацыі 2016 года. Выява: Белсат

Праўленне Нацыянальнага банку Беларусі правяло 27 студзеня пашыранае паседжанне, на якім заслухала даклады пра гадавыя вынікі ў макраэканамічнай стабільнасці (тэкст апублікаваны тут: PDF), фінансавым рынку, сацыяльных стандартах і абароне насельніцтва (PDF), а таксама пра планы на 2023 год.

Нацбанк не згадвае ў дакладах пра фактар, які моцна паўплываў на ўсю беларускую эканоміку: вайну ва Украіне, у якой Беларусь выступіла саўдзельнікам агрэсіі. У першым дакладзе адзначаецца толькі, што да неспрыяльных фактараў 2021 года ў пачатку 2022-га дадаліся новыя, звязаныя з узмацненнем санкцыйнага ціску: і санкцыі, якія тычыліся ў тым ліку фінансавага сектару, і закрыццё шэрагу традыцыйных рынкаў збыту, і забарона на транзіт беларускай прадукцыі.

Ад гэтага, заўважае Нацбанк, быў усплёск негатыўных чаканняў насельніцтва і суб’ектаў гаспадарання, які праявіўся ў асноўным у падвышаным попыце на замежную валюту і «змене ашчадных працэсаў».

Хто вінаваты ў інфляцыі?

Атрымалася не ўсё, чаго хацелі дасягнуць у 2022 годзе. Галоўны правал, які прызнае Нацбанк, – гэта высокая інфляцыя: паводле Нацбанку, прырост спажывецкіх цэнаў склаў 12,8 %, тады як мэтавы ўзровень быў 6 %. Гэтыя 6 % былі дасягнутыя не за год, а за месяц – у сакавіку, пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Але Нацбанк дадае: калі б гэтага ўсплёску не было, інфляцыя была б ніжэй, чым летась.

Hавiны
«Нашы грошы»: Улады вырашылі сур’ёзна падпампаваць эканоміку грашыма
2023.01.13 20:03

Да таго ж, беларускі рубель упаў адносна расейскага ў канцы першага паўгоддзя, што дазволіла падтрымаць канкурэнтаздольнасць беларускага экспарту. Але і ў Расеі выраслі цэны, што «імпартавала» ў Беларусь яшчэ больш інфляцыі: выраслі і цэны на сыравіну, і транспартныя выдаткі праз перабудову лагістычных ланцужкоў.

У інфляцыі вінавацяць і саміх беларусаў: асноўным яе ўнутраным фактарам Нацбанк называе «завышаныя інфляцыйныя і дэвальвацыйныя чаканні», шырокі распаўсюд уліку ў цэнах «неапраўданых рызыкаў і выдаткаў». Праз гэта, піша Нацбанк, урад і ўвёў сістэму рэгулявання цэнаў.

«На сёння мы бачым, што кароткатэрміновы эфект ад увядзення санкцыяў вычарпаны і пік высокай інфляцыі пройдзены, – запэўнівае Нацбанк. – Паводле нашых ацэнак, адназначных велічыняў гадавая інфляцыя дасягне ўжо да канца І кварталу 2023 года».

На 2023 год урад і Нацбанк паставілі задачу знізіць інфляцыю да 7–8 %. Гэтаму мусіць паспрыяць праца для аптымізацыі выдаткаў і паскоранае імпартазамяшчэнне (чаму імпартазамяшчэнне мусіць панізіць, а не павысіць цэны, Нацбанк не тлумачыць).

Спрыяць зніжэнню інфляцыі мусяць таксама стабілізацыя курсу беларускага рубля да расейскага, «нармалізацыя» інфляцыі ў Расеі, прымальныя цэны на замежныя энерганосьбіты і стабілізацыя цэнаў на сыравіну на сусветным рынку, а таксама больш жорсткая манетарная палітыка (у асноўным кантроль грашовай масы). Ды і насельніцтва чакае ўжо меншую інфляцыю, чым адразу пасля пачатку вайны ва Украіне.

Аналітыка
Цэны рэгулююцца, але ўсё адно растуць. Чаму ў Беларусі зноў павялічылася інфляцыя
2023.01.13 08:00

Па меры зніжэння інфляцыі можна будзе зніжаць і стаўку рэфінансавання. Але гэта ўсё – з агаворкай: «Пры адсутнасці новых шокаў».

Усё стабільна, а на дэфолт і адключэнне ад SWIFT не звяртайце ўвагі

Тое, што адбывалася летась з беларускім рублём, Нацбанк называе стабільнасцю валютнага рынку. Дапамагло гэтаму рэкорднае дадатнае сальда вонкавага гандлю: імпартаваць пачалі адчувальна менш, чым экспартаваць. Дзякуючы гэтаму золатавалютныя рэзервы не знізіліся звыш планаў – усяго на $ 0,5 млрд.

Курс беларускага рубля да долара ЗША паводле Нацбанку: скачок з 2,6 да 3,4 рубля за долар не парушыў «стабільнасці». Скрыншот: nbrb.by

Тэхнічны дэфолт – адмову плаціць за даўгі ў замежнай валюце, як было дамоўлена, і рашэнне плаціць беларускімі рублямі – Нацбанк залічвае ў станоўчыя фактары падтрымання аб’ёмаў золатавалютных рэзерваў. Пра тое, як гэта паўплывае на здольнасць Беларусі браць крэдыты, не згадваюць.

Hавiны
«Мы вас не пыталі». Як Мінфін Беларусі адрэагаваў на абвяшчэнне дэфолту – і што будзе далей
2022.07.15 21:07

Валютныя зберажэнні насельніцтва скараціліся на $ 637 млн за год, але Нацбанк заспакойвае: асноўны адток грошай з банкаў быў у першым квартале, але потым запаволіўся. Ды і з рублёвымі дэпазітамі сітуацыя была лепшай: банкі далі добрыя ўмовы на доўгатэрміновых рублёвых дэпазітах, таму іх аб’ём за год павялічыўся на чвэрць.

Адключэнне шэрагу беларускіх банкаў ад сістэмы SWIFT і іншыя абмежаванні для банкаў у справаздачах не згадваюць наўпрост, але адзначаюць, што «агульным вынікам працы ўсіх удзельнікаў плацежнага рынку стала бяспечнае правядзенне разлікаў, надзейнае функцыянаванне праграмна-тэхнічных комплексаў іх плацежных сістэмаў». У 2023 годзе будзе таксама пільная ўвага да «зніжэння залежнасці ад плацежных сістэмаў на аснове выкарыстання картак».

Нацбанк у справаздачы заўважае значны аб’ём ільготных крэдытаў і крэдытаў на падтрыманне аграпрамысловага комплексу, але не дае ацэнкі долі стратных прадпрыемстваў сярод атрымальнікаў крэдытаў і ўплыву такога крэдытавання на канкурэнцыю і матывацыю падвышаць эфектыўнасць.

Hавiны
Нацбанк бунтуе? Калаур сказаў, што банкі больш не вынесуць рызыкаў неплатаздольных прадпрыемстваў
2022.08.04 18:46

Крэдытаў на будаўніцтва жытла насельніцтву за год далі на Br 1,6 млрд (за 2021 год – Br 1,2 млрд). Нацбанк хваліцца тым, што да канца года стаўкі па ўжо заключаных крэдытных дамовах на набыццё нерухомасці трымалі нязменнымі, такі падыход абяцаюць захаваць. Сярэдні ўзровень адсоткавых ставак на новыя крэдыты ў 2023 годзе хочуць утрымаць не вышэй за 12 % гадавых.

Нацбанк адзначае рост аб’ёмаў выдадзеных мікракрэдытаў і колькасці іх атрымальнікаў, а таксама рост кліенцкай базы форэкс-кампаніяў у пяць разоў за два гады. Пра тое, што штурхае людзей браць мікракрэдыты і рызыкаваць на форэксе, Нацбанк таксама не згадвае.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў