«Нашы грошы»: Улады вырашылі сур'ёзна падпампаваць эканоміку грашыма


У снежні 2022 года рэзка вырас абʼём грошай у эканоміцы – іх стала больш на Br 5,8 млрд, або на 10,5% адносна лістапада. Увагу на гэта звярнуў тэлеграм-канал «Нашы грошы».

Беларускія рублі. Менск, Беларусь. 27 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

«Інфармацыя пра шырокую грашовую масу сведчыць, што ў снежні ўлады вырашылі сурʼёзна падпампаваць эканоміку грашыма», – адзначылі эксперты.

Наяўных у абароце за месяц стала больш на Br 478,5 млн, што стала рэкордным месячным прыростам. Агулам доля наяўных грошай захоўваецца на рэкордна высокіх значэннях. За ўвесь 2022 год абʼём наяўных грошай у эканоміцы вырас з Br 4,7 млрд да Br 6,9 млрд, або на 46%.

За снежань на 16,6% павялічыўся абʼём пераводных дэпазітаў. У фізічных асобаў прырост склаў Br 798 млн, у бізнесу – Br 828 млн. Для фізічных асобаў гэта новы месячны рэкорд прыросту, адзначаюць «Нашы грошы». Агулам летась сродкі на бягучых рахунках фізічных асобаў павялічыліся на Br 1,1 млрд (33%), а юрыдычных – на Br 2,3 млрд (51%).

Тэрміновыя дэпазіты ў нацыянальнай валюце за снежань выраслі на 5,4%, у тым ліку фізічных асобаў – на 2,0%, а юрыдычных – на 9, 8%. За 2022 год сродкі на тэрміновых рублёвых рахунках фізасобаў павялічыліся на Br 1,3 млрд (25%), а ў юрыдычных знізіліся на Br 188 млн (3%).

У цэлым, у снежні рублёвай грашовай масы стала больш на 8,3%, ці на Br 2,4 млрд. І гэта таксама новы рэкордны месячны прырост. Разам за студзень–снежань 2022 года рублёвая грашовая маса павялічылася на Br 6,2 млрд, або на 25%.

Дэпазіты ў замежнай валюце за снежань павялічыліся на $ 128 млн, або на Br 3,6 млрд у эквіваленце. За месяц павялічыліся як валютныя дэпазіты бізнесу, так і насельніцтва. Першыя – на $108,9 млн, другія – на $19 млн.

«Такім чынам, снежань устанавіў шмат рэкордаў росту ў розных кампанентах грашовай масы. Гэта адбываецца на фоне традыцыйнага росту снежаньскіх заробкаў і зніжэння інфляцыі ў выніку адміністрацыйных мер. Наступствы такіх шчадротаў мы ўбачым у 2023 годзе. Напампоўванне эканомікі грашыма павінна прыводзіць да росту коштаў. Але ў нас, як вядома, ім расці забаранілі. Значыць, наперадзе нас чакае захапляльная барацьба беларускай мадэлі эканомікі з рынкавымі законамі», – мяркуюць эканамісты.

У Беларусі ў снежні 2022 года зноў пачалі расці цэны, якія зніжаліся папярэднія два месяцы. Такім чынам, калі ў кастрычніку і лістападзе ў Беларусі назіралася дэфляцыя, то цяпер адбываецца пэўны рост коштаў. У каментары «Белсату» старэйшая навуковая супрацоўніца даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна адзначыла, што ў снежні магло назірацца пэўнае прыстасаванне беларускага гандлю да новых правілаў.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў